Дракахруст пра падзеі года: вагнэраўцы, ядравая зброя, раскол «BYPOL», ліквідацыя партыяў


Палітычны аглядальнік радыё «Свабода» Юрый Дракахруст у эфіры «Белсату» каментуе чатыры значныя для Беларусі падзеі 2023 года і іхныя наступствы.

Юрый Дракахруст
Юрый Дракахруст у эфіры «Белсату». 30 снежня 2023 года. Скрыншот: Белсат

Вагнэраўцы

23–24 чэрвеня баевікі расейскай групы Вагнэра ўчынілі мяцеж, на кароткі час захапілі як мінімум часткі Растову-на-Доне і Варонежу, пайшлі маршам на Маскву, але развярнуліся на паўдарогі і сышлі ў Беларусь нібыта пад гарантыі бяспекі ад Аляксандра Лукашэнкі. Пасля смерці лідара баевікоў Яўгенія Прыгожына прынамсі частка вагнэраўцаў засталася ў Беларусі, але частка ўжо з’ехала.

Юрый Дракахруст разважае: калі глядзець на ўсю гэтую гісторыю ад пачатку да канца, дык выходзіць, што вялікага ўплыву яна не аказала, «як прыехалі, так і ўехалі». У Беларусі баевікоў засталося, на думку аналітыка, ці то некалькі дзясяткаў, ці то некалькі сотняў, і хутчэй за ўсё, яны возьмуць сабе беларускія пашпарты, будуць працаваць інструктарамі.

«А самае галоўнае: паколькі гэта была вельмі персаналісцкая структура, то „няма чалавека – няма праблемы“, як казаў таварыш Сталін, – кажа Дракахруст. – З чалавекам разабраліся, групу Вагнэра разабралі, сунулі ў іншыя ПВК, больш спакойныя, лаяльныя».

Калі баевікі прыехалі, згадвае Дракахруст, было шмат тэорыяў: вагнэраўцы захопяць Беларусь, Прыгожын падорыць Пуціну Беларусь, беларуская армія пяройдзе пад кантроль баевікоў… Сам Лукашэнка заяўляў, што баевікі хочуць атакаваць Польшчу. У выніку нічога з гэтага не было, кантроль над беларускай вайсковай машынай яны не ўзялі. А нават сярод прыхільнікаў Лукашэнкі стаўленне да вагнэраўцаў хутчэй кепскае.

Ядравая зброя

Уладзімір Пуцін 16 чэрвеня заявіў, што ў Беларусі размясілі расейскую ядравую зброю. Ці праўда гэта, да канца не зразумела. Ды яшчэ не атрымаўшы той зброі, Лукашэнка пачаў пагражаць ёй, хоць зброю і не збіраліся перадаваць пад ягоны асабісты кантроль.

Дракахруст мяркуе, што размяшчэнне ў Беларусі расейскай ядравай зброі значыць паглыбленне залежнасці Беларусі ад Расеі. Адна справа, калі ў Беларусь прыйшлі без вызначанага статусу, а потым сышлі расейскія войскі (якіх цяпер у Беларусі засталося 2–3 тысячы байцоў). Іншая справа – не так лёгка будзе сказаць «забярыце сваю ядравую зброю».

«Імавернасць ядравай вайны не такая высокая, але яна не нулявая, – адзначае Дракахруст. – Усім відавочна абсалютна, што Беларусь, канешне, гэта мішэнь для ўдару ў адказ».

Эксперты, з якімі размаўляў Дракахруст, кажуць: калі Штаты ўбачаць, што тая зброя гатовая да ўжывання, то могуць нанесці прэвентыўны ўдар па Беларусі, не чакаўшы ўдару па Варшаве. Ды пакуль Злучаныя Штаты, заўважае аналітык, пакуль вырашылі нічога не мяняць, ды і Польшчы не далі ядравую зброю ў адказ на размяшчэнне такой у Беларусі. Выходзіць, сітуацыя з боку адказных за сусветную ядравую бяспеку не асабліва змянілася, нягледзячы на «крыкі» Лукашэнкі, ды і Расея тыя выказванні не каментуе.

Агляд
Падзеі года – 2023: што з таго, што адбылося сёлета, беларусы лічаць найважнейшым?
2023.12.30 07:00

Двубайполле

Ці не галоўнай сваркай беларусаў у 2023 годзе быў раскол арганізацыі былых сілавікоў «BYPOL». Частка арганізацыі адкалолася і ўтварыла новую: «BELPOL». Цяпер «BYPOL» заяўляе, што «BELPOL» кіруе супрацоўнік Камітэту дзяржаўнай бяспекі, а «BELPOL» крытыкуе вынікі аўдыту «BYPOL».

Дракахруст кажа, што гэта падрывае не проста абстрактнае стаўленне да палітыкаў, а план «Перамога», у якім удзельнічалі тысячы, калі не дзясяткі тысяч людзей. Улады Беларусі толькі падагравалі страхі адносна расколу арганізацыі былых сілавкоў і магчымай неабароненасці звестак удзельнікаў плану.

«Тым больш, многія думалі, што там людзі ўсё ж такі ў мінулым у пагонах, як бы дысцыплінаваныя, – наракае Дракахруст. – Гэта палітыкі могуць там сварыцца… А тут пасварыліся якраз людзі, якія нібыта больш прывучаныя да дысцыпліны. Відаць, яны прывучаныя да дысцыпліны, калі крыніца гэтай дысцыпліны над імі. А калі ім самім трэба вырашаць, хто каму падпарадкоўваецца, тут і ўзнікаюць праблемы».

Рашэнне вывесці лідара «BYPOL» Аляксандра Азарава з Аб’яднанага пераходнага кабінету было «лепшым з горшых», лічыць Дракахруст, бо іншыя рашэнні распальвалі б канфлікт і рабілі адказным за яго ўжо выбраную прэзідэнтку. Аналітык дадае: галоўная каштоўнасць стварэння Аб’яднанага пераходнага кабінету ў тым, што Святлана Ціханоўская і Павел Латушка, хоць і маюць складаныя адносіны, дзейнічаюць разам. Калі б пасварыліся яны, гэта быў бы вельмі моцны ўдар. Сварка былых сілавікоў усё ж не такая страшная, хоць і без яе ў беларусаў было «кіслае становішча» праз паглыбленне рэпрэсіяў.

Ліквідацыя партыяў

У 2023 годзе ў Беларусі фармальна ліквідавалі ўсе апазіцыйныя партыі і нават частку праўладных, а таксама ўнеслі змены ў Выбарчы кодэкс – выбары будуць праводзіцца як пры ваенным становішчы.

На думку Дракахруста, гэта не будзе мець вялікай ролі ў бліжэйшы час. Апазіцыйныя партыі і так дзейнічалі ў Беларусі «як мыш пад венікам», у 2020 годзе не адыгралі значнай ролі, хоць фармальна мелі легальны статус. Сістэма проста паступова робіцца ўсё больш жорсткай, хоць і без таго была «абароненая ад непажаданых людзей». Змены ў Выбарчы кодэкс Дракахруст апісвае фразай: «Апёкшыся на малацэ дзьмуць на ваду». Над уладамі «вісіць сіндром 2020 года», таму хочуць заканапаціць усе шчыліны сістэмы ўлады.

Ды тое, што поля для нават уяўнага палітычнага жыцця практычна не застаецца – гэта, канешне, кепска ў далёкай перспектыве, бо ў Савецкім Саюзе часоў перабудовы Вярхоўныя саветы, якія раней не ўспрымалі сур’ёзна, «ажылі» і былі скарыстаныя для амаль бяскроўнай змены ўлады.

«Калі ўся сістэма закрытая, калі ніякіх інстытуцыйных механізмаў для плаўнага пераходу няма, то тады пераход можа здарыцца няплаўна – нават не таму, што людзі гэтага хочуць, а таму, што няма ніякіх іншых магчымасцяў сябе рэалізаваць», – заўважае Дракахруст.

Цяперашнія ўлады Беларусі думаюць, што яны будуць вечна, лічыць аналітык. Але так думала і савецкая ўлада, нават у канцы 1980-х – мінула два-тры гады, вечнасць скончылася.

Каментар
Застой ці ўмацаванне аўтакратыі? Галоўныя ўнутрыпалітычныя вынікі 2023 года ў Беларусі
2023.12.30 15:00

Вітаўт Сіўчык, Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў