Вагнэраўцы з Беларусі перамяшчаюцца на вайну ва Украіну


Былыя найміты ПВК Вагнэра, якія яшчэ нядаўна дыслакаваліся ў Беларусі, перамясціліся на Усходні фронт Украіны.

Інструктар ПВК Вагнэра на занятках з беларускімі вайскоўцамі ў ліпені 2023 года.
Фота: Оркестр Вагнера | Wagner / Telegram

Пасля падпісання кантракту з Мінабароны РФ многія з іх ізноў вярнуліся на вайну, частка адправілася ў Афрыку. Пра гэта паведаміў прадстаўнік Усходняй групоўкі войскаў Ілья Еўлаш.

Паводле ягоных словаў, найміты «ўдзельнічаюць у баявых дзеяннях. У прыватнасці, яны прыбываюць з тэрыторыі Беларусі, дзе былі іхныя лагеры. Цяпер іх расфармоўваюць».

Ілья Еўлаш адзначыў, што «гэтыя вайскоўцы прыбываюць у розныя падраздзяленні – частка з іх адпраўляецца ў Афрыку, некаторыя перападпісваюць кантракты з Мінабароны УС РФ і ўдзельнічаюць [у баявых дзеяннях] на розных пасадах, у прыватнасці, на інструктарскіх. Некаторыя ідуць у звычайныя баявыя падраздзяленні».

Пры гэтым прадстаўнік Усходняй групоўкі войскаў адзначыў, што цяпер гэтыя вайскоўцы не нясуць такой пагрозы, як гэта было яшчэ год таму. Ён звязаў гэта з гібеллю кіраўніка ПВК Вагнэра Яўгенія Прыгожына.

«Гэтыя людзі сапраўды ёсць аднымі з найбольш падрыхтаваных у расейскай арміі, аднак істотнай пагрозай, «геймчэйнджарам» яны не будуць», – адзначыў Ілья Еўлаш.

Да гэтага выданне CNN адзначала, са спасылкаю на аператара аэравыведкі падраздзялення «Code 9.2» у складзе 92-й брыгады ЗСУ, што вагнэраўцы вярнуліся пад Бахмут у Данецкай вобласці: «Так, “Вагнэр” таксама тут. Яны вярнуліся».

Паводле словаў прадстаўніка Дзяржаўнай памежнай службы Украіны Андрэя Дэмчанкі, на сённяшні дзень у Беларусі застаюцца каля 500 наймітаў ПВК Вагнэра.

Як паведамляе маніторынгавая група «Беларускі Гаюн», на гэты момант дэмантавана 65 % лагера пад Асіповічамі, дзе размешчаны лагер ПВК Вагнэра.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў