Скандал з выпускнымі экзаменамі: у чым першапрычына і што рабіць бацькам і вучням


Беларускія вучні атрымалі вынікі першых выпускных экзаменаў – і шмат хто не паверыў сваім вачам. Чыноўнікі адказваюць, што ніякіх памылак няма, а перагляду вынікаў не будзе. Тлумачым, у чым праблема, адкуль яна ўзялася і што можна зрабіць вучням і бацькам проста цяпер.

Студэнтка
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Задуменная дзяўчына ў кнігарні.
Фота: Cottonbro Studio / Pexels

У 2023 годзе беларускія 11-класнікі ўпершыню здалі замест выпускных экзаменаў новы цэнтралізаваны экзамен (ЦЭ) у фармаце, ідэнтычным цэнтралізаванаму тэставанню (ЦТ). Вучні напісалі два экзамены: адзін па беларускай ці расейскай мове, другі – па адным з іншых прадметаў, што прапаноўваюць на ЦТ. Пасля гэтага 11-класнікам застанецца здаць адно ЦТ і, магчыма, унутраны іспыт універсітэту. Вынікі ЦЭ ўлічваюцца пры паступленні так сама, як ЦТ.

Рэформа прайшла зусім не гладка: вынікі ЦЭ выклікалі масу абурэння, якая дайшла да Аляксандра Лукашэнкі. Той 30 траўня заўважыў, што «цэлую бучу паднялі», бо «розуму не хапіла зрабіць проста і зразумела, каб палічыць гэтыя балы». Ён сам абурыўся тым, што «катавасію ўчынілі», вынікі «на камп’ютары вылічвалі», а ў ягоны час была простая пяцібальная сістэма ацэнак. Да абмеркавання тэмы ён паабяцаў вярнуцца на наступным тыдні.

Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў (РІКВ) на момант публікацыі працягвае настойваць, што ўсё нармальна, а ўсе паведамленні пра хібы ЦЭ – фэйкі. Міністр адукацыі Андрэй Іванец трымаецца той жа пазіцыі.

Агляд
Уступная кампанія 2023 года ў Беларусі. Колькі каго куды бяруць і што варта ведаць
2023.05.25 07:00

У чым праблема

Праблемы насамрэч дзве: меншая з некарэктным адлюстраваннем вынікаў і большая з сістэмаю выстаўлення адзнакі, якую многія палічылі несправядлівай.

Меншая праблема – з базаю звестак

У інтэрнэт-сэрвісе, дзе вучні могуць пабачыць вынікі тэстаў, некаторым выдаваліся неймаверныя адзнакі. Хтосьці атрымаў са 100 магчымых балаў 0 або 103 пры ўсіх правільных адказах, хтосьці – 0,0000000000074 пры двух няправільных і двух часткова правільных, хтосьці 205 пры дзвюх памылках. На адным са скрыншотаў відаць, што выніковую тэставую адзнаку сістэма паказала ў экспаненцыйным запісе: -1,09e21 – гэта мінус секстыльён балаў.

Няправільны вынік ЦЭ
Як не мусіць быць. Скрыншоты вынікаў ЦЭ. Тут і ніжэй імёны і нікнэймы вучняў схаваныя з меркаванняў бяспекі. Выявы: чаты вучняў / Telegram

Дырэктар РІКВ Юрый Міксюк сцвярджае, што шматлікія скрыншоты, якія ў сацсетках публікуюць вучні і бацькі, гэта фальшыўкі, але абяцае яшчэ раз праверыць сістэму. Тэарэтычна, выправіць гэтую праблему лёгка: сістэма паказвае вучням рэалістычныя вынікі правільных і няправільных адказаў і рэалістычны першасны бал, а збой адбываецца, падобна, пры пераліку першаснага балу ў 80-бальнай шкале ў выніковы тэставы бал у 100-бальнай.

Большая праблема – з самой сістэмаю адзнак

За ЦЭ і ЦТ выстаўляюць выніковыя адзнакі паводле 100-бальнай шкалы, але заданняў не 100 і складанасць заданняў розная: 18 заданняў узроўню А і 22 заданні ўзроўню B, пры тым адказы могуць быць цалкам або часткова правільнымі. Таму спачатку выстаўляюць першасны бал паводле мудрагелістай шкалы (80-бальнай для беларускай і расейскай моваў, для іншых прадметаў – 50-, 60- ці 62-бальнай), а потым пераводзяць першасны ў выніковы паводле яшчэ больш хітрага прынцыпу.

У ЦЭ па мовах першыя 75 першасных балаў лічацца «1 першасны як 1 тэставы» (то значыць, 5 першасных балаў = 5 выніковых тэставых, 75 = 75), а за 76–80 першасных балаў налічваюць ужо нейкія бонусы пры пераводзе ў 100-бальную шкалу (то значыць, 78 першасных могуць ператварыцца ў 86 выніковых пры адным няправільным адказе, але афіцыйнай табліцы пераводу не паказваюць).

Вынікі ЦЭ
Як мусіць быць згодна з сістэмаю пераліку балаў. Скрыншоты вынікаў ЦЭ. Выявы: чаты вучняў / Telegram

Пры тым вынікі ЦЭ таксама пераводзяць у 10-бальную шкалу для выстаўлення адзнакі ў атэстат, але паводле зусім іншай шкалы. А пры паступленні абітурыент звычайна будзе мець 400 балаў: 200 за два ЦЭ, яшчэ 100 за адно ЦТ і яшчэ 100 – сярэдні бал атэстату.

Падобна, менавіта гэтая праблема выклікала найбольшае абурэнне: вучні і бацькі не разумеюць «вагі памылкі» і прычыны нізкіх балаў. І каб вырашыць гэтую праблему, недастаткова паправіць базу звестак: трэба пераглядаць саму сістэму пераліку балаў з 80-бальнай у 100-бальную шкалу. Гэтую сістэму зацвярджала Міністэрства адукацыі. Бацькоў таксама абурае доўгі час праверкі ЦЭ і неадназначныя адказы чыноўнікаў.

Як рэагуюць школьнікі і бацькі

Самая мяккая форма абурэння – петыцыя ў Міністэрства адукацыі і Вышэйшую атэстацыйную камісію з просьбай перагледзець вынікі ЦЭ. Подпісы збіраюць да 5 чэрвеня на сайце Epetitions.by. Чыноўнікі нярэдка, але не заўсёды адказваюць на звароты з гэтага сайту, і часам даюць адпіскі. Напрыклад, на петыцыю з фота яміны на дарозе могуць адказаць, што яміну бачылі, калі-небудзь мо і «прымуць захады» – а могуць і адказаць, што ў пытанні яміны склікалі сход жыхароў, а на яго ніхто не прыйшоў. Яшчэ адну петыцыю зладзілі на сайце Avaaz.org, ды на звароты з гэтага сайту чыноўнікі зусім не абавязаныя адказваць.

У сацсетках разыходзяцца відэа, на якім у будынку РІКВ бацькі і вучні пішуць звароты ў нервовай абстаноўцы. На іншым відэа дырэктар РІКВ абяцае натоўпу бацькоў, што праблемы «будуць вырашацца», але перагляду балаў не будзе, хоць «ёсць пэўная напружанасць у грамадстве». Хтосьці з бацькоў намякае чыноўніку, што з пытаннямі могуць прыехаць і да яго дадому.

Вучні ж рэагуюць пераважна мацюкамі: у сацсетках вельмі шмат нецэнзурных каментароў, відэа і мемаў адносна РІКВ. Тым, хто не любіць нецэнзурнай лаянкі і агрэсіўнага фаталізму, лепей не заходзіць у беларускі сегмент TikTok у бліжэйшыя дні.

Некаторыя ўпэўненыя, што паступяць хіба ў вучэльню, а жыццё ўжо зламанае. У адным з каментароў працАўнікам РІКВ зычаць, каб заробкі ім налічвалі так жа, як яны налічваюць балы тэстаў: 30 дзён – 30 рублёў. Пасля гэтага пажадання – нецэнзурная лаянка. У іншым відэа ў TikTok мяркуюць, што РІКВ хоча адправіць абітурыентаў «на Бахмут» – у войска і на вайну ва Украіне на баку Расеі. Адна з суполак, якая падтрымлівала мэм «ЧВК Рёдан», ужо абвяшчае акцыю пратэсту абітурыентаў у Менску.

«Несправядлівасць будзе заўсёды і ўсюды… Цяпер шмат якія 11-класнікі хвалююцца аб выніку ЦЭ. Сардэчна запрашаем у дарослы несправядлівы свет!» – так у адным з каналаў беларускіх 11-класнікаў пачынаецца рэклама курсаў праграмавання.

Вось некалькі самых прыстойных прыкладаў творчасці – большасць не такія лагодныя.

Мем РИКЗ ЦЭ
Адна з самых прыстойных карцінак у каментарах пра вынікі ЦЭ. Скрыншот: Канал беларускіх 11-класнікаў / Telegram
Мем РИКЗ ЦЭ
Адна з самых прыстойных карцінак у каментарах пра вынікі ЦЭ. Скрыншот: Канал беларускіх 11-класнікаў / Telegram
Мем РИКЗ ЦЭ
Адна з самых прыстойных карцінак у каментарах пра вынікі ЦЭ. Скрыншот: Канал беларускіх 11-класнікаў / Telegram
Мем РИКЗ ЦЭ
Адна з самых прыстойных карцінак у каментарах пра вынікі ЦЭ. Скрыншот: Канал беларускіх 11-класнікаў / Telegram
Мем РИКЗ ЦЭ
Адна з прыстойных рэцэнзіяў на Міністэрства адукацыі Беларусі на мапах «Google». Скрыншот: Google Maps

Хтосьці нават стварыў фальшывую абвестку аб тым, што Савет Міністраў пастанавіў пераглядзець вынікі ЦЭ. Дзяржаўныя медыі робяць вялікі акцэнт на гэтым фэйку.

У чым сапраўдная прычына праблемаў з ЦЭ і ЦТ

На вынікі ЦТ і на саму ідэю тэставання раней было нямала скаргаў і абурэння. Беларускі настаўнік матэматыкі, які пажадаў застацца ананімным, тлумачыць «Белсату», што ЦТ як інструмент ацэнкі ведаў вучняў быў «не ідэальны, не найлепшы, але ў нашай рэчаіснасці больш-менш добры».

«Асноўная праблема ЦТ была ў тым, што яно паказвала вельмі жудасны стан сістэмы адукацыі, – тлумачыць настаўнік. – Дзеці не пацвярджалі сваіх школьных адзнак, яны не маглі здаць, не маглі паступіць, і чым больш гэта назіралася, тым больш у бацькоў з’яўлялася пытанняў: што ж не так? У школе дзіця дзявяткі-дзясяткі атрымлівае, а на ЦТ пяць балаў са ста».

«Відавочна, што асноўная праблема ў тым, што няма ў Беларусі якаснай школьнай адукацыі. Ужо не адзін год яна не існуе».

У 2019 годзе ўлады вырашылі змяніць методыку падліку балаў, згадвае настаўнік. Усе сталі атрымліваць вышэйшыя балы на ЦТ – хаця б 50 са 100. Магло здавацца, што ўсё стала добра, але нават з «падкручанай» методыкай вынікі былі жудасныя, пытанні засталіся: адзнакі не адпавядалі школьным, і хоць мінімальную планку падцягнулі, добрых вынікаў было няшмат. Адсюль эксперымент з заменай ЦТ на ЦЭ.

Праблема яшчэ і ў тым, што, згодна з пастановаю самога Міністэрства адукацыі, ацэньваць трэба пяць узроўняў ведаў, і самы высокі (9 і 10 балаў) – гэта ўжыванне ведаў у незнаёмых і нестандартных сітуацыях для вырашэння якасна новых задачаў, а таксама самастойныя дзеянні ў апісанні, тлумачэнні і ператварэнні аб’ектаў вывучэння. Заданняў на такое проста не давалі, пакінулі заданні чатырох ніжэйшых узроўняў – і ўсё роўна атрымалі кепскія вынікі.

Аналітыка
Будзем п’янымі і дурнымі? Медыцына і адукацыя Беларусі працягваюць дэградаваць
2023.05.11 10:34

Намеснік міністра адукацыі Аляксандр Калдубай тлумачыў змены ва ўступнай кампаніі 2023 года тым, што паступаць мусяць «матываваныя, а не тыя, хто максімальна падрыхтаваўся, у тым ліку з дапамогай рэпетытараў, да тэстаў». Настаўнік кажа «Белсату», што гэта і ёсць дзяржаўны падыход: прыблізна тое і кажа праграма развіцця сістэмы адукацыі да 2030 года. Улады збіраюцца знішчыць прыватную адукацыю, каб «усе былі такія сярэдненькія», мяркуе ён, а «самымі матываванымі» лічацца самыя паслухмяныя, хто ўмее падпарадкоўвацца сістэме.

Калі не мяняць сістэму адукацыі радыкальна, то што рабіць з сістэмай уступных іспытаў? Настаўнік смяецца: адмяніць экзамены і зрабіць латарэю накшталт «Green Сard», размеркаваць абітурыентаў па ўніверсітэтах, а тыя хай «бадаюцца, як могуць». Ён тлумачыць: што б улады ні рабілі з сістэмай паступлення, гэта перакульваецца з ног на галаву.

Можна было б, прапаноўвае настаўнік ужо без смеху, «адкаціць» сістэму ЦТ на ўзровень 2018 года і перастаць караць універсітэты за недабор. Тады вучыцца будзе менш студэнтаў, але паступяць сапраўды больш матываваныя. Ды Міністэрства адукацыі, кажа настаўнік, нічога напраўду не вырашае, а вырашае адзін чалавек: Аляксандр Лукашэнка. І ён 30 траўня даў даручэнне «паглядзець і разабрацца».

Агляд
«Адукацыя, не падобная да нашай савецка-наменклатурнай». Дзе беларусам вучыцца за мяжою
2023.05.30 09:00

Што рабіць

Кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі Ігар Сяргеенка па выніках абурэння Лукашэнкі заявіў, што ўсе скаргі будуць разгледжаныя – «усім старшакласнікам будзе патлумачана і растлумачана». Ён не абяцаў перагляду вынікаў ЦЭ, але сказаў, што на арганізацыю працы Міністэрства адукацыі паглядзяць – «наколькі ўсё справядліва, наколькі методыка, якая выкарыстаная і зацверджаная Міністэрствам адукацыі, адпавядае сённяшнім патрабаванням, ці ёсць там парушэнні». А збояў «на першы погляд» не назіраецца.

Патрабаваць вырашыць простую праблему з некарэктным адлюстраваннем адзнак, падобна, трэба ў РІКВ. Ім можна пісаць праз сайт Обращения.бел, правілы напісання зваротаў тут. Можна падпісваць і іншыя петыцыі, але не гарантавана, што іх заўважаць патрэбныя чыноўнікі.

Патрабаваць перагледзець саму сістэму налічэння балаў трэба ўжо не ад РІКВ. Чыноўнікі тлумачаць, што перагляду вынікаў ЦЭ не можа быць, бо так напісана ў пастанове Міністэрства адукацыі. РІКВ падначалены гэтаму міністэрству, таму сам не можа змяніць пастанову міністэрства. Адпаведна, скаргі на несправядлівасць сістэмы выстаўлення выніковай адзнакі варта накіроўваць міністэрству, якое гэтую сістэму прыдумала.

У прыёмным пакоі міністра адукацыі «Белсату» расказалі, што звароты можна накіроўваць у электроннай або папяровай форме. Электронны зварот можна накіраваць праз той жа сайт Обращения.бел, правілы напісання зваротаў тут. Калі зварот на паперы (а гэта, падобна, прыярытэтны варыянт для міністэрства), то лісты трэба высылаць на адрас: 220010, г. Менск, вул. Савецкая, 9. Папяровы калектыўны зварот, як растлумачылі ў міністэрстве, пісаць трэба не да канкрэтнага чыноўніка, а да міністэрства агулам; трэба пазначыць як калектыўны, але складаць ад імя аднаго чалавека, тэлефон і адрас якога трэба пазначыць; астатнім ўдзельнікам звароту трэба проста пакінуць подпісы ў канцы ліста.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў