Палітзняволеную Паліну Шарэнду-Панасюк тры тыдні этапавалі ў псіхіятрычную лякарню


28 чэрвеня Паліну Шарэнду-Панасюк прывезлі на экспертызу ў РНПЦ псіхічнага здароўя ў Навінках у Менску, піша радыё «Свабода» са спасылкаю на мужа палітзняволенай Андрэя Шарэнду. Этап трываў тры тыдні.

Паліна Шарэнда-Панасюк.
Фота: асабісты архіў Паліны Шарэнды-Панасюк

Этапы з Валадаркі, дзе Паліна заставалася перад адпраўленнем у Навінкі, адбываюцца ў серады. Гэта дазваляе меркаваць, што менавіта ў сераду 28 чэрвеня палітзняволеную і перавезлі ў лякарню, кажа Андрэй Шарэнда. А ўвесь шлях Паліны туды з калоніі заняў амаль тры тыдні.

«5 чэрвеня яна была яшчэ ў калоніі пад Рэчыцай, і адтуль яе павезлі не адразу ў Менск, а спачатку чамусьці ў Магілёў – мы атрымалі праз «турэмны тэлеграф» вестку, што яе там бачылі, – распавядае муж палітзняволенай. – Там прабыла недзе тыдзень, і павезлі цягніком у адваротны бок – праз Гомель на Баранавічы. У Баранавічах, відаць, яе зноў пратрымалі недзе тыдзень. Спадзяюся, у шпіталі ў Навінках дазволяць нешта ёй перадаць, бо пасля такога даўгога этапу жонцы вельмі патрэбнае падтрыманне харчамі і лекамі».

Абследаванне Паліны будзе праходзіць у аддзеле стацыянарных судова-псіхіятрычных экспертызаў асобаў з строгім наглядам.

Разбор
Як «шылі справу» супраць палітзняволенай Паліны Шарэнды-Панасюк
2023.06.01 14:50

Паводле звестак ад самой палітзняволенай, ейны стан здароўя ў калоніі № 24 каля Рэчыцы значна пагоршыўся. Выпрабаванні этапам зусім не спрыялі выздараўленню.

«Уявіце, што такое этап для асуджанай, якую прызналі схільнай да экстрэмісцкіх дзеянняў. Усю дарогу рукі счэпленыя кайданкамі, а трэба яшчэ і свае рэчы пераносіць. Гэта суцэльная пакута! Не кажу ўжо пра побытавыя нязручнасці, якіх у цягніку вельмі шмат. І лекаў патрэбных не даюць, бо медычная дапамога зусім не тая, што ў сталай калоніі. Таму і лічу, што гэта жах, што Паліне давялося перажыць! Яе наўмысна паддаюць такому абыходжанню, помсцяць за непахісную пазіцыю», – мяркуе муж палітзняволенай.

У траўні 2023 года стала вядома, што Паліна Шарэнда-Панасюк на знак пратэсту супраць пераследу адмовілася ад беларускага грамадзянства. Напярэдадні жанчыне прысудзілі яшчэ адзін год зняволення паводле арт. 411 КК РБ – «Зацятае непадпарадкаванне адміністрацыі». Паліна мелася выйсці на волю ў жніўні 2023 года, але новы прысуд адклаў вызваленне. Нядаўна супраць Паліны правялі новае следства ў межах арт. 411, якое і пастанавіла адправіць палітзняволеную на псіхалагічна-псіхіятрычную экспертызу ў Навінкі.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

 

Стужка навінаў