Палітзняволеную Паліну Шарэнду-Панасюк ізноў будуць судзіць. Сёлета яна мелася выйсці на волю


Імаверная дата пачатку новага суда над Палінаю – 16 траўня. Праходзіць ён будзе ў Рэчыцы, распавёў на сваёй Facebook-старонцы муж палітзняволенай Андрэй Шарэнда.

Паліна Шарэнда-Панасюк.
Фота: асабісты архіў Паліны Шарэнды-Панасюк

Паліна Шарэнда-Панасюк утрымліваецца за кратамі з 3 студзеня 2021 года. У чэрвені 2021 года жанчыну асудзілі на два гады калоніі. Яе абвінавацілі ў гвалце ў дачыненні супрацоўніка ўнутраных справаў, у знявазе прадстаўніка ўлады і Лукашэнкі. У лютым 2022 года Паліну асудзілі яшчэ на год пазбаўлення волі паводле ч. 2 арт. 411 КК РБ («Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы»).

Hавiны
Трэці дзень народзінаў Паліны Шарэнды-Панасюк за кратамі. Гэты ліст яна даслала сыну
2023.03.21 13:03

Паліна Шарэнда-Панасюк мелася выйсці на волю сёлета ў жніўні. У кастрычніку 2022 года стала вядома, што на палітзняволеную завялі яшчэ адную справу паводле арт. 411. Суд паводле справы пройдзе толькі цяпер.

«Злосць, боль і роспач. Паліну зноў будуць судзіць. Пачвары спецыяльна зацягнулі новую крымінальную справу, каб у Паліны і ў нас загарэлася надзея пабачыцца на волі, – напісаў у «Фэйсбуку» Андрэй Шарэнда. – Дзеці нават пачалі рыхтаваць падарункі для мамы, яны наіўна не вераць у подласць. Дата вызвалення была прызначаная на 6 жніўня 2023 года, але цяпер усе тэрміны сцерліся. Зразумела, што Паліна застанецца ў катавальных умовах канцлагеру да часу, калі гэты рэжым крывавага дыктатара не разбурыцца».

Андрэй Шарэнда разам з дзецьмі цяпер за мяжою, ён мусіў з’ехаць з Беларусі, каб пазбегчы пераследу ўладаў. Паліна ўтрымліваецца ў жаночай калоніі № 24 ў г. п. Зарэчча у Рэчыцкім раёне.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

 

Стужка навінаў