Трэці дзень народзінаў Паліны Шарэнды-Панасюк за кратамі. Гэты ліст яна даслала сыну


Сёння, 21 сакавіка, палітзняволенай спаўняецца 48 гадоў. Паліну затрымалі 3 студзеня 2021 года, з таго часу жанчына не бачыла сваіх сыноў. Старэйшаму Славаміру споўнілася 14 гадоў, Паліна напісала адмыслова для сына апавяданне і змагла яго даслаць. Сям’я Шарэндаў дзеліцца гэтым апавяданнем з чытачамі «Белсату».

Паліна Шарэнда-Панасюк з мужам Андрэем Шарэндам і дзецьмі.
Фота: асабісты архіў сям’і Шарэндаў

«Майму сыну Славаміру Вітаўту ў дзень ягонага 14-годдзя. Не маючы як падарыць падарунак фізічна, я дару яго табе Словам.

Чаму кіты выкідваюцца на бераг?

Ты, пэўна, чуў аб гэтых велічных насельніках акіянскіх глыбінь. Усё жыццё яны праводзяць пад вадою, там нараджаюцца, жывуць, кормяцца, пераадольваючы тысячы і тысячы кіламетраў. Мільёны год кіты жывуць у вадзе, але раз-пораз Зямлю абабягае навіна, што кіт або кітовы статак выкінуўся на бераг. Чаму гэта так, дакладна ніхто не ведае. Навукоўцы маюць шмат тэорый, ды ніводная з іх не дае вычарпальнага адказу. А можа таму кіты выкідваюццца на бераг, што…

У цёплае глыбіні акіяну плыў кітовы статак. Велічна і нетаропка калыхаліся хвасты-ветразі. Вёў статак стары амаль трыццаціметровы гігант. Ён плыў і сніў сон. У яго не цела рыбы, а чатыры лапы і кудлаты хвост, вострыя вушы, прыціснутыя да галавы, доўгая пыса з вострымі зубамі, каб ямчэй хапаць рыбу. Ён хутка перабірае лапамі – трэба спяшацца. Паляванне было ўдалае, ягонае цела прыстасаванае паляваць на рыбу, і таму бруха поўнае. Трэба спяшацца дахаты, да нары. Нара ў лесе, пад каранямі вялікага дрэва, цёплая, сухая, утульная. Гэтую нару яны з самкай вырылі ўдваіх у лясной глебе летась, а цяпер яна чакае яго там разам з чатырма іхнымі шчанюкамі.

Звер з чатырма лапамі востра адчувае пах роднага лесу, смалісты, духмяны. Ён прывядзе яго да нары, а там такі родны пах самкі і шчанюкоў. Яны яшчэ смокчуць малако, але патроху пачынаюць есці рыбу. Трэба спяшацца накарміць іх. Яны галодныя! Яны так даўно чакаюць на яго, так даўно! Ён пачынае хутчэй перабіраць лапамі ў вадзе. Зараз, хутка! Ужо чуваць шоргат і плёск хваль аб знаёмы бераг. Вось зараз ён выскачыць на прыбярэжны пясок, які зарыпіць і заспружыніць пад падушачкамі лап. Абтрасецца, пачынаючы з галавы і заканчваючы кудлатым хвастом. Амаль сухі! Скачок, другі, і ён цалкам хаваецца ў густой, высокай траве. Трава пяшчотна пагладжвае ягоную поўсць, казыча бруха. Зараз, зараз, яшчэ пару скачкоў – і пачнецца знаёмы лес, дрэвы. Ён імчыць да нары па лясным подсціле, сонца зноў грэе ягонае цела і пяшчотна зіхаціць у вочы. Як добра зноў бегчы па зямлі! Так і будзе! Спевы птушак, валтузня кузурак, шум лістоты ды ігліцы, ласкавыя шчанюкі.

Дамоў, дамоў, на зямлю, на бераг! Вялізны кіт, які забыўся, што мільёны гадоў таму страціў свае лапы і хвост, імчыць да ўтульнага берагу. Вось зараз, скачок!

––––––––––

На наступны дзень ізноў зʼявілася навіна, што статак кітоў выкінуўся на бераг».

Нагадаем, што Паліна Шарэнда-Панасюк застаецца ў жаночай Папраўчай калоніі № 24 (Зарэчча), куды яе перавялі з СІЗА № 3 Гомля. 7 красавіка 2021-га Паліне дадалі яшчэ 1 год калоніі да асноўнага тэрміну. Такі вырак прызначыў суддзя суда Чыгуначнага раёну Гомля Мікалай Крупадзёраў. Жанчыну судзілі ў закрытым рэжыме паводле ч. 2 арт. 411 КК («Зацятае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы»).

У няволі Паліна застаецца ўжо больш за два гады, яе затрымалі 3 студзеня 2021-га. Яшчэ летась суддзя Яўген Брэган агучыў жанчыне вырак 2 гады зняволення паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: арт. 368 («Абраза прэзідэнта»), арт. 369 («Абраза прадстаўніка ўлады») і арт. 364 («Гвалт або пагроза гвалту ў дачыненні супрацоўніка органаў унутраных справаў»).

Супраць Андрэя Шарэнды таксама завялі некалькі крымінальных справаў, але мужчыну ўдалося ўцячы з Беларусі і пазней вывезці дзяцей.

АЛ belsat.eu

Стужка навінаў