Палітзняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк адмаўляецца ад беларускага грамадзянства


Паліна Шарэнда-Панасюк падала афіцыйны зварот аб выхадзе з беларускага грамадзянства, бо яна больш не хоча мець нічога агульнага з акупацыйным рэжымам, што ўсталяваўся ў Беларусі. Пасля гэтага жанчыну этапавалі з калоніі № 24 для праходжання судова-псіхіятрычнай экспертызы. Цяпер месцазнаходжанне палітзняволенай невядомае.

Паліна Шарэнда-Панасюк на судзе трымае плакат «Самозванец, у*бывай!». 8 чэрвеня 2021 года.
Фота: Белсат

«Паліна адмаўляецца ад беларускага грамадзянства і падала афіцыйны зварот на гэта. Паліна адмаўляецца ад беларускага пашпарта, са сталінскім гербам на вокладцы. Яна больш не хоча мець нічога агульнага з акупацыйным рэжымам, што ўсталяваўся ў Беларусі. Рэжымам, які знішчае незалежнасць Беларусі. Рэжымам, які ўдзельнічае ў акупацыйнай вайне. Рэжымам, які забівае яе і іншых палітвязняў у турмах. З моманту адмовы ад грамадзянства Паліна перастае лічыць сябе падуладнай усялякім законам акупацыйнай улады і адмаўляецца выконваць усе патрабаванні. Таксама Паліна цалкам адмаўляецца падпарадкоўвацца адміністрацыі калоніі, суду і іншым сілавым структурам.

Паліна падкрэслівае, што застаецца беларускай і патрыёткай сваёй Радзімы, Беларусі, і будзе да канца жыцця змагацца за яе свабоду. Паліна просіць міжнародныя гуманітарныя і праваабарончыя арганізацыі сачыць за яе лёсам і зрабіць усё магчымае для вызвалення яе і ўсіх палітзняволеных», – такую заяву ад імя сваёй жонкі даслаў «Белсату» муж Паліны Андрэй Шарэнда.

Таксама муж палітзняволенай заяўляе, што ягоную жонку ў калоніі павольна забіваюць. Некалькі дзён таму да маці Паліны чарговы раз вярнулася медычная бандэроль з неабходнымі для Паліны медычнымі прэпаратамі.

«Паліна ўжо больш за год не прымала патрэбных для функцыянавання печані медыкаментаў. На яе працягваецца каласальны фізічны ціск. Паліну фактычна ўвесь час трымаюць у штрафным ізалятары. Толькі за апошнія 5 месяцаў яна правяла ў жудасных умовах карцару 120 дзён, а агулам за няпоўны год у калоніі № 24 больш як 200 дзён. І гэта без уліку месяцаў, праведзеных у ПКТ (памяшканні камернага тыпу), дзе ўмовы нязначна лепшыя за штрафны ізалятар. Паліну марудна, але мэтанакіравана забіваюць. Арганізм Паліны настолькі знясілены, што ёй ужо цяжка хадзіць. Праз адсутнасць сонечнага святла зрок у Паліны моцна сапсаваўся», – кажа Андрэй Шарэнда.

Паліна Шарэнда-Панасюк утрымліваецца за кратамі з 3 студзеня 2021 года. У чэрвені 2021 года жанчыну асудзілі на два гады калоніі. Яе абвінавацілі ў гвалце ў дачыненні супрацоўніка органу ўнутраных справаў, у знявазе прадстаўніка ўлады і Лукашэнкі. У лютым 2022 года Паліну асудзілі яшчэ на год пазбаўлення волі паводле ч. 2 арт. 411 КК РБ («Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы»).

Паліна Шарэнда-Панасюк мелася выйсці на волю сёлета ў жніўні. У кастрычніку 2022 года стала вядома, што на палітзняволеную завялі яшчэ адну справу паводле арт. 411 КК («Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы»). Суд паводле справы пройдзе толькі зараз.

АС belsat.eu

Стужка навінаў