Як «шылі справу» супраць палітзняволенай Паліны Шарэнды-Панасюк


1 чэрвеня адзначаецца Міжнародны дзень абароны дзяцей – дзень, каб звярнуць увагу людзей да праблемаў, з якімі сутыкаюцца дзеці на ўсёй планеце.

Альянс расследавальнікаў Беларусі ў гэты дзень нагадвае пра матулю дваіх дзяцей – Паліну Шарэнду-Панасюк, грамадскую актывістку з Берасця, якую рэжым Лукашэнкі трымае ў закладніках.

Пры падтрыманні «Кіберпартызанаў» журналісты-расследавальнікі змаглі высветліць, хто і як сфабрыкаваў крымінальныя справы супраць яе.

Паліна Шарэнда-Панасюк. Фота з сямейнага архіву

Паліну Шарэнду-Панасюк затрымалі 3 студзеня 2021 года. Сілавікі са зброяй і ў бронекамізэльках выламалі дзверы ў ейную кватэру, учынілі ператрус, канфіскавалі маёмасць, а яе самую ў кайданках адвезлі ў ІЧУ.

9 чэрвеня 2021 года суддзя Яўген Брэган прысудзіў Шарэндзе-Панасюк два гады калоніі агульнага рэжыму. Абвінавачанне падтрымліваў пракурор Павел Крупеніч.

У лютым 2022 года з ініцыятывы начальніка гомельскай ПК № 4 падпалкоўніка Дзяніса Таўсцянкова суддзя Мікалай Крупадзёраў дадаў Паліне яшчэ год зняволення паводле ч. 2 арт. 411 КК («Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы»).

У жніўні Паліна Шарэнда-Панасюк мелася выйсці на волю, але ў дачыненні яе завялі яшчэ адную справу паводле арт. 411 КК, неўзабаве будзе суд.

Увесь гэты час адміністрацыя Гомельскай ПК № 4, дзе Паліна адбывае тэрмін, чыніць на яе неймаверны ціск: палітзняволеную пазбавілі медычных перадачаў, увесь час трымаюць у карцары, ШІЗА або ПКТ (памяшканне камернага тыпу), не дапускаюць адваката.

Нядаўна стала вядома, што Паліна Шарэнда-Панасюк на знак пратэсту падала афіцыйны зварот наконт выхаду з беларускага грамадзянства.

Hавiны
Палітзняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк адмаўляецца ад беларускага грамадзянства
2023.05.26 14:33

Нягледзячы на жахлівы ціск, яна не адмовілася ад сваіх поглядаў і перакананняў, называе рэчы сваімі імёнамі: «Гэта маразм, які вы тут разводзіце. Гэта абуральная прафанацыя ўсіх крымінальных артыкулаў, калі сарваная маска кваліфікуецца як крымінальнае злачынства. Наколькі трэба страціць сумленне, каб да такога дайсці? Паглядзіце, якія тэрміны даюцца палітвязням, нават 18-гадовым дзяўчатам, што азначаюць гэтыя тэрміны? Гэта значыць, што гэтыя людзі, якія не першы раз сфальсіфікавалі выбары, думаюць, што дубінкамі яны загналі народ назад. Яны хочуць сядзець на нашай шыі тэрміны, на якія яны пасылаюць людзей у калоніі. Мы гэта дапусцім? Гэтага ні ў якім разе нельга дапускаць!.. Тыя прысуды, што тут абвяшчаюцца, заснаваныя не на сіле закону, а на сіле беззаконня. Усе прысуды падпісаныя і вызначаныя загадзя. Таму ў сувязі з поўнай нелегітымнасцю ўсіх вашых так званых структураў, усе прысуды, у тым ліку мой, не маюць юрыдычнай сілы, не ёсць законнымі: я іх не прызнаю» (з апошняга слова Паліны Шарэнды-Панасюк у судзе ў 2021 годзе).

Першапачаткова ў 2021-м Паліну Шарэнду-Панасюк абвінавацілі ў гвалце паводле арт. 364 КК («Гвалт або пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні супрацоўніка органаў унутраных справаў»), пазней дадалі арт. 369 («Знявага прадстаўніка ўлады») і арт. 368 («Знявага прэзідэнта Рэспублікі Беларусь»).

АРБ пры падтрыманні «Кіберпартызанаў» сталі даступныя службовыя дакументы базы МУС, што дазваляюць ацаніць гэты «гвалт» і вызначыць, хто і як «шыў справу» і як Паліна мужна абараняла свой дом і сям’ю, у літаральным сэнсе плявала ў твар сілавікам. На падставе рапартаў і спецданясенняў лукашэнкаўскай рэпрэсіўнай машыны АРБ змог аднавіць храналогію падзеяў у дачыненні Паліны Шарэнды-Панасюк.

3 студзеня 2021 года начальнік Маскоўскага РАУС Берасця палкоўнік Анатоль Калядзіч рапартуе ў абласное УУС, што Паліна Сяргееўна Шарэнда-Панасюк ва ўласным доме сарвала з твару ўчастковага інспектара міліцыі Маскоўскага РАУС Берасця капітана міліцыі А. С. Рачынскага медычную маску і падрапала яму нос, чым прычыніла цялесныя пашкоджанні. За гэта яе затрымалі ў адміністратыўным парадку на падставе сумна вядомага артыкула 23.4 КаАП РБ і змясцілі ў ІЧУ Ленінскага РАУС Берасця.

Дакумент перададзены ў рэдакцыю

Падобна на тое, што ва УУС паразважалі двое содняў і пастанавілі інакш. Таму ўжо 5 студзеня палкоўнік Калядзіч шле ва УУС абноўлены рапарт, у якім забывае пра адміністратыўную справу і паведамляе, што за сарваную маску заведзеная крымінальная справа паводле артыкулу 364 КК. Відавочна, скарэктаваны змест рапарту задаволіў абласное начальства, таму справе далі хаду, пра што ў гэты ж дзень першы намеснік начальніка Берасцейскага УУС палкоўнік І. Жыгалаў спецданясеннем праінфармаваў МУС.

Далей да расследавання падключылі Галоўнае ўпраўленне ўласнай бяспекі МУС (ГУУБ МУС). 22 студзеня 2021 года супрацоўнікі Берасцейскай абласной управы ГУУБ МУС распачынаюць у дачыненні Паліны Шарэнды-Панасюк яшчэ адную крымінальную справу за размяшчэнне ў мэсэнджарах відэазапісу старэйшага прапаршчыка У. У. Яўдасюка і прапаршчыка С. І. Кардэлюка.

І ў гэтым выпадку палкоўнік Жыгалаў не ўпусціў магчымасці нагадаць пра сябе і даў рапарт у МУС аб выніках барацьбы з жанчынаю.

Дакумент перададзены ў рэдакцыю

Паліна пляваць хацела на такія надуманыя абвінавачанні – як у пераносным, так і ў літаральным сэнсе. Яшчэ 3 студзеня яна плюнула ў твар амапаўцам, якія ў балаклавах і бронекамізэльках выбілі дзверы і ўварваліся ў ейную кватэру. Пра гэты інцыдэнт палкоўнік А. Калядзіч узгадвае толькі праз месяц, пра што сведчыць спецданясенне № 281 у Берасцейскае УУС ад 8 лютага 2021 года.

Дакумент перададзены ў рэдакцыю

Гэта красамоўна сведчыць, што ўвесь гэты час супраць Паліны шукалі любыя зачэпкі для дадатковых крымінальных справаў, бо разумелі, што гісторыя з медычнай маскай прыцягнутая за вушы, а крымінальная справа шытая белымі ніткамі.

Відаць, высокае міліцэйскае кіраўніцтва змеркавала, што аповед пра плявок у амапаўца ў судзе выкліча смех, таму пастанавілі падстрахавацца і прыдумаць што-небудзь яшчэ.

Відаць, начальнік Маскоўскага РУУС Берасця палкоўнік Калядзіч пасля 8 лютага быў на бальнічным, бо парваў жывот ад смеху, калі падначаленыя прынеслі яму на подпіс спецданясенне пра апляванага амапаўца. Таму 28 красавіка часовы выканаўца абавязкаў начальніка Маскоўскага РУУС Берасця В. Аксянюк рапартуе ва УУС пра тое, што ў дачыненні Паліны Шарэнды-Панасюк дадаткова распачатыя яшчэ дзве крымінальныя справы за словы пра міліцыю і Лукашэнку. У абласным УУС ініцыятыву ў Жыгалава перахапіў намеснік начальніка ўпраўлення падпалкоўнік А. Кісель: менавіта за ягоным подпісам было накіраванае ў МУС спецданясенне пра дзве крымінальныя справы, дадаткова павешаныя на Паліну. Неўзабаве пасля гэтага Кісяля падвысілі ў званні – надалі званне палкоўніка.

Дакумент перададзены ў рэдакцыю

30 красавіка, то бок фактычна праз чатыры месяцы з моманту затрымання Паліны Шарэнды-Панасюк, адзін з міліцыянтаў, якія штурмавалі 3 студзеня ейную кватэру, нечакана ўзгадвае, што яна ў гэты час штурханула яго ў плячо – тым самым далікатная жанчына скарыстала супраць яго гвалт і нанесла цялесныя пашкоджанні. На падставе гэтага факту Маскоўскі раённы аддзел Следчага камітэту Берасця распачаў чарговую крымінальную справу паводле арт. 364 КК, і праз ведамасны ланцужок РУУС – УУС – МУС ідуць даклады і спецданясенні, але ў іх прадбачліва не называюць пасады ды іншых дадзеных «пацярпелага» супрацоўніка.

Дакумент перададзены ў рэдакцыю

Альянс расследавальнікаў Беларусі. З нашай дапамогай таемнае значна хутчэй становіцца відавочным.

Іншыя расследаванні АРБ можна паглядзець тут ці чытаць у тэлеграм-канале.

Дзякуем «Кіберпартызанам» за дапамогу ў рыхтаванні расследавання.

Стужка навінаў