Лаўрэаткай прэміі Міхала Анемпадыстава стала Яна Галушкіна


Цырымонія ўручэння прэміі Міхала Анемпадыстава прайшла ў Варшаве 7 траўня. Абіраліся лепшыя вокладкі кніг, якія былі выдадзеныя ў 2022 годзе. Лаўрэаткай стала беларуская дызайнерка Яна Галушкіна з вокладкай кнігі «Людзі лесу / Ludzi lesu».

Яна Галушкіна, лаўрэатка прэміі за найлепшую кніжную вокладку імя Міхала Анемпадыстава, выступае з прамовай падчас цырымоніі. Варшава, Польшча. 7 траўня 2024 года.
Фота: Белсат

Яна Галушкіна атрымала прызнанне не толькі прафесійнага журы, але і «Белсату», які з’яўляецца партнёрам прэміі і таксама абірае свайго пераможцу. Пры гэтым журы абіраюць лаўрэата незалежна.

Яна Галушкіна працавала і над усім візуальным запаўненнем кнігі і вёрсткай. Кніга атрымалася сапраўды незвычайная. У ёй сабраныя архіўныя здымкі прыроды. Частка старонак у ёй карацейшая за астатнія.

Кніга «Людзі лесу» лічбавага архіву VEHA падчас прэміі за найлепшую кніжную вокладку імя Міхала Анемпадыстава, бачна на фоне кніг. Варшава, Польшча. 7 траўня 2024 года.
Фота: Белсат. Варшава, Польшча. 7 траўня 2024 года.

«Над кнігай было класна працаваць, не толькі над вокладкай. Было выдатна глядзець старыя фатаграфіі. Усё ж такі кніга прысвечана архіўным фатаграфіям, звязаным з прыродай і лесам. Памятаю, там адна фатаграфія была 1910 года, вельмі атмасферна. Я проста ўглядалася ў гэтыя фатаграфіі і кампанаваць было вельмі цікава. Было складана выбраць нейкую адну фатаграфію для вокладкі.

Вокладка зроблена на крафтавай паперы. У цэлым мы прытрымліваліся такога моманту, каб было ўсё «эка», звязана з прыродай, трошкі нагадвала кару дрэва. Усё ж кніга называецца «Людзі лесу». Плюс такі зялёны вінтажны колер, усё падабрана, каб разам гэта складала эка-канцэпт», – расказала «Белсату» Яна Галушкіна.

Прэмія была заснаваная ў 2019 годзеў у памяць мастака, паэта, фатографа, дызайнера, публіцыста, культуролага Міхала Анемпадыстава, які пайшоў з жыцця шэсць гадоў таму.

Старшыня Беларускага ПЭНа Таццяна Нядбай расказвае, што пераможцы прэміі не выпадкова атрымліваюць статуэтку анёла.

«Сяброўка Міхала, убачыла выяву анёла, гэта было ўжо пасля ягонай смерці. Ёй гэтая выява падалася вельмі падобнай да Міхала. І скульптар ласкава згадзіўся зрабіць анёла як артэфакт гэтай прэміі», – расказала Таццяна Нядбай падчас узнагароджання.

Лявон Вольскі выступае падчас цырымоніі ўзнагароджання пераможцы прэміі за найлепшую кніжную вокладку імя Міхала Анемпадыстава. Варшава, Польшча. 7 траўня 2024 года.
Фота: Белсат

«Думаю, што Беларусь яшчэ сапраўды не ацаніла да канца генія Міхала, ягоны ўнёсак у нашу культурную скарбонку. Мне пашчасціла не адзін год працаваць з Міхалам, – сказаў выканаўца абавязкаў дырэктара «Белсату» Аляксей Дзікавіцкі. – Вельмі дзіўнае пачуццё, што ты працуеш з адным з аўтараў “Народнага альбому”, культавай рэчы. І пры гэтым мне нават страшнавата было рабіць нейкія заўвагі Міхалу, але ён успрымаў іх нармальна. Але таксама адчувалася, што, калі ён у нечым быў перакананы, то не проста пераканаць яго ў іншым».

Аляксей Дзікавіцкі, выканаўца абавязкаў дырэктара «Белсату», выступае з прамовай падчас прэміі за найлепшую кніжную вокладку імя Міхала Анемпадыстава. Варшава, Польшча. 7 траўня 2024 года.
Фота: Белсат

Сёлета да фінальнага этапу прэміі дайшло восем з чатырнаццаці вокладак. Шортліст склалі:

  • выдавецтва «Вясна» – вокладка кнігі Альгерда Бахарэвіча «Вершы»;
  • Анатоль Лазар – вокладка кнігі Янкі Купалы «Выбранае»;
  • Анатоль Лазар – вокладка кнігі Васіля Быкава «Знак бяды»;
  • Яна Галушкіна, «VEHA» – вокладка кнігі «VEHA» «Людзі лесу / Ludzi lesu»;
  • Кацярына Пікірэня – вокладка кнігі Ганны Комар «Мы вернемся»;
  • Кацярына Пікірэня – вокладка кнігі Вальжыны Морт «Песні для мёртвых і ўваскрэслых»;
  • Кацярына Пікірэня – вокладка кнігі Макса Шчура «Там, дзе нас няма»;
  • Юлія Лар’янава, Таня Скарынкіна – вокладка кнігі Тані Скарынкінай «YESМАМОЧКА».

Да 2024 года апошні раз прэмія ўручалася ў 2022 годзе. Пераможцам тады стаў Анатоль Лазар за вокладку да кнігі «НЕрасстраляныя», якая прысвечаная пацярпелым ад сталінскіх рэпрэсіяў беларусам і іх сем’ям.

Фільмы
Простыя словы пра Міхала Анемпадыстава
2023.05.10 13:02

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў