Дзе ў Беларусі могуць размясціць ядравую зброю? Топ-5 варыянтаў


Сяргей Бульба і журналісты «Белсату» маюць здагадкі аб месцах, прыдатных для размяшчэння расейскай ядравай зброі ў Беларусі.

Ядравую зброю ў Беларусь яшчэ не завезлі, на што звяртаюць увагу Злучаныя Штаты. Беларусь яшчэ можа гэта спыніць, адзначаў Еўразвяз. Аляксандр Лукашэнка, які раней шмат і неадназначна выказваўся аб ядравай зброі, цяпер на гэты конт маўчыць. Але пакуль адныя эксперты спадзяюцца, што далей за пагрозу размяшчэння не дойдзе, і бачаць у пагрозах Уладзіміра Пуціна жаданне перамоваў, іншыя ўпэўненыя, што Расея задумала не толькі размясціць, але і запусціць ядравую зброю з тэрыторыі Беларусі. Дзе тую зброю могуць размясціць?

Наваколасава, што блізу Стоўбцаў, між Менскам, Наваградкам і Слуцкам, журналісты «Белсату» лічаць найбольш імаверным месцам. Пра гэта мы расказалі ў ранішнім эфіры «Вот Так».

Да распаду Савецкага Саюзу ў Беларусі дыслакаваліся чатыры дывізіі і 17 ракетных палкоў, ракетная база і навучальны цэнтр. Але быў толькі адзін арсенал ракетных войскаў стратэгічнага прызначэння – 25-ы, у вайсковым мястэчку Стоўбцы-2, якое цяпер завецца пасёлак Наваколасава.

У Наваколасаве захоўвалі 1120 ядравых боезарадаў. У 1996 годзе, калі быў завершаны вывад ядравай зброі з Беларусі, у Наваколасаве размясціўся 25-ы арсенал ракетна-артылерыйскага ўзбраення Беларусі. Ракетчыкі атрымалі аб’ект з узмоцненай аховай, тры шэрагі калючага дроту пад напружаннем 3000 В, датчыкі руху, вышкі аховы, камеры.

У 2021 годзе (якраз калі Лукашэнка ўпершыню казаў пра магчымасць размяшчэння ядравай зброі і гатовыя для гэтага «хлявы») у Наваколасаве разгарнулася нейкае будаўніцтва. Амерыканскі тэлеканал CNN лічыў, што там будуюць канцлагер для палітычных зняволеных. Улады Беларусі сцвярджалі, што гэта няпраўда, але што ўласна будуюць, не казалі. А маштабнае будаўніцтва відаць нават на спадарожнікавых здымках мапаў Google.

Аб’ект у Наваколасаве, які CNN прыняла за будоўлю канцлагеру для палітычных зняволеных. 6 жніўня 2021 года. Скрыншот: CNN

Гэта найбольш імавернае, але не адзінае магчымае месца размяшчэння ядравай зброі. У эфіры праграмы «Нацыянальная бяспека» колішні сузаснавальнік «Белага легіёну» Сяргей Бульба назваў  яшчэ некалькі месцаў.

Зябраўка пад Гомлем – першае месца, пра якое згадалі знаёмыя Бульбы. Былы савецкі аэрадром авіяцыі дальняга дзеяння, які быў закінуты ў сярэдзіне 1990-х. На пачатку 2022 года там пачалі размяшчаць расейскіх вайскоўцаў, якія рыхтаваліся да ўварвання ва Украіну. З пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне там з’явіўся мабільны палявы шпіталь і расейскія верталёты, а пасля прайгранай Расеяй бітвы за Кіеў там размясцілі расейскія ракетныя сістэмы – і расейцы пачалі запускаць ракеты па Украіне. У жніўні 2022 года там штосьці гарэла і выбухала. Але і пасля таго здарэння ў Зябраўцы працягнулася разбудова. Сяргея Бульбу здзіўляла, што вайскоўцаў канцэнтруюць за 30 км ад мяжы з Украінай: нават без комплексаў HiMARS украінскія войскі маглі накрыць базу.

Вайсковая тэхніка на аэрадроме Зябраўка, Гомельскі раён, Беларусь. 12 жніўня 2022 года. Выява: MAXAR / Беларускі Гаюн

Паўлаўка пад Слуцкам – яшчэ адна колішняя вайсковая база, дзе былі савецкія ракеты. Пад канец існавання СССР там нават быў ракетны комплекс «Топаль», здольны запускаць ядравую зброю. Частку ракетных войскаў стратэгічнага прызначэння перарабілі пад «лекавальна-працоўны прафілакторый» (месца зняволення і прымусовай працы для хворых на алкагалізм), а ў 2020 годзе, імаверна, ператварылі ЛПП у сапраўдны канцлагер для палітычных зняволеных.

Аб’ект у Паўлаўцы пад Слуцкам – імаверны канцлагер для пратэстоўцаў. 2020 год.
Фота: Svaboda.org

Лунінец – загадкавае месца. Там ствараюць зезнітна-ракетны полк і разбудоўваюць вайсковы аэрадром, хоць побач пад Берасцем ужо ёсць 115-ы зенітна-ракетны полк, а Лунінец даволі блізка да мяжы з Украінай і ў дасяжнасці гіпатэтычнай украінскай ракетнай атакі.

Спадарожнікавы здымак лунінецкага вайсковага аэрадрому, 7 жніўня 2022 года.
Фота: Planet Labs, Inc. / RFE/RL

БелАЭС – таксама зручнае месца для размяшчэння ядравай зброі. Сяргей Бульба згадвае, як мясцовыя казалі, што пабачанае на будаўніцтве больш нагадвае пускавыя шахты для стратэгічных ракетаў. Невядома, гэта канспіралагічныя ці верагодныя тэорыі, але Бульба кажа, што не здзівіцца, калі ядравы аб’ект схаваюць бліжэй да атамнай станцыі: «Туды ж ніхто страляць не стане». Бульба згадвае пра захоп расейскімі войскамі Запарожскай АЭС ва Украіне – проста на АЭС стаяць расейскія войскі, ёсць спробы дамовіцца не страляць у тым раёне, але выбухі чуваць рэгулярна.

БелАЭС. 25 красавіка 2021 года. Астравецкі раён, Беларусь.
Фота: ВК / Белсат

«Ядравыя хлявы», пра якія казаў Лукашэнка ў 2021 годзе, ёсць і ў іншых месцах. Так, выданне «Зеркало» паказвала, як выглядалі ў другой палове 2010-х закінутыя і паўразбураныя савецкія ангары і сховішчы каля Калінкавічаў, пад Баранавічамі, пад Смаргонню, пад Ружанамі, побач з Жыткавічамі, пад Полацкам. У стане «не зусім руінаў» было толькі першае сховішча, блізу аэрадрому «Бабровічы»: там расцілі грыбы-вешанкі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Іржавы савецкі герб у кустах. Кыргызстан. 31 ліпеня 2016 года.
Фота: Benjamin Goetzinger / Wikimedia, CC BY-SA 4.0
Каментар
«Трэба рыхтавацца да горшага». Полк Каліноўскага – пра ядравую зброю і гатовасць ісці ў Беларусь
2023.03.28 23:32

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў