«Зброя вар’ятаў», «ненавіджу». Што Лукашэнка казаў пра ядравую зброю, якую хоча пусціць у Беларусь


Уладзімір Пуцін 25 сакавіка заявіў, што Расея мае намер размясціць на тэрыторыі Беларусі тактычную ядравую зброю – нібыта на просьбу Аляксандра Лукашэнкі. Сам Лукашэнка гэта пакуль не каментаваў, але раней казаў, што ядравую зброю «ненавідзіць», ды шкадуе, што яе ў Беларусі няма.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Аляксандр Лукашэнка наведвае вытворчасць ракет і боепрыпасаў. Аршанскі раён, Беларусь. 14 ліпеня 2021 года.
Фота: БелТА

На тэрыторыі Беларусі да 1996 года была савецкая ядравая зброя. Ад яе хацелі пазбавіцца як мінімум з 1990 года: такая мэта была прапісаная ў артыкуле 10 Дэкларацыі дзяржаўнага суверэнітэту. У 1993 годзе Беларусь далучылася да Дамовы аб нераспаўсюдзе ядравай зброі.

Лукашэнка за ядравую зброю як гарантыю сваёй бяспекі (а яшчэ яе можна было выгадна прадаць)

У 1994 годзе да ўлады ў Беларусі прыйшоў Аляксандр Лукашэнка – і ён не замінаў вывядзенню ядравай зброі, а нават падпісаў Будапэшцкі мемарандум аб гарантыях бяспекі ў сувязі з далучэннем Беларусі да дамовы аб нераспаўсюдзе ядравай зброі. Праўда, на ўрачыстую цырымонію выправаджвання апошняй ядравай ракеты не прыехаў.

У 2010 годзе Лукашэнка заяўляў, што вывад ядравай зброі быў «жэстачайшай памылкай» «нашых нацыяналістаў», а Будапэшцкі мемарандум яго «прымусілі» падпісаць: «ціснулі і Расея, і амерыканцы».

«Калі б у нас была гэтая зброя, з намі б зараз па-іншаму размаўлялі», – казаў Лукашэнка ў красавіку 2010 года.

Але ў Лукашэнкі былі і іншыя нагоды шкадаваць. Ён таксама пытаў: «Ужо аддалі ў свой час ядравую зброю, а што мы ад гэтага маем?». Ядравую зброю ён называў «найвялікшым здабыткам» і «дарагім таварам, які мы ў рэшце рэшт павінны былі прыстойна прадаць». Ён ацэньваў вывезеную ядравую зброю ў 5 млрд долараў.

У 2019 годзе ён казаў украінскім медыям: «Слухайце, калі б у нас ці ў вас сёння была ядравая зброя, хтосьці Крым бы забраў ці яшчэ чагосьці? Не». Праз два гады Лукашэнка прызнае Крым расейскім.

Каментар
Ці парушаюць Пуцін і Лукашэнка дамовы аб ядравай зброі? Раней сама Расея была супраць такога
2023.03.27 18:27

Ужо ў 2021 годзе Лукашэнка распавёў, што прапануе Уладзіміру Пуціну вярнуць у Беларусь ядравую зброю, калі NATO перанясе амерыканскую ядравую зброю з Нямеччыны ў Польшчу (тады сапраўды былі размовы пра магчымую адмову Нямеччыны ад размяшчэння ядравай зброі і пераносе гэтай зброі ў іншыя краіны). Лукашэнка дадаў, што ў Беларусі засталіся «хлявы» для такой зброі.

У лютым 2022 года, за тыдзень да расейскага нападу на Украіну, Лукашэнка сцвярджаў:

«Калі такія бязглуздыя, дурныя крокі зробяць нашы праціўнікі і супернікі, мы размесцім не толькі ядравую зброю, але і яшчэ звыш’ядравую, перспектыўную, каб абараніць сваю тэрыторыю. Калі гэтага не будзе, яна сто гадоў тут не патрэбная».

Гэтых «бязглуздых і дурных» крокаў, падобна, не было. Праз 10 дзён па тых словах Лукашэнка ўжо пераконваў прэзідэнта Францыі, што магчымае размяшчэнне ў Беларусі ядравай зброі – гэта «фэйк», бо «калі народ Беларусі не будуць душыць, не толькі аб ядравай, і аб звычайнай зброі гаворкі быць не можа».

Праз паўгода Лукашэнка пагражаў Злучаным Штатам (сказаўшы: «Я не пагражаю нікому»): калі «пойдуць на абвастрэнне», дык «усё гатова» ў тым, што з Пуціным дамаўляліся аб пераабсталяванні беларускіх самалётаў пад нясенне ядравай зброі, «цэлі вызначаныя», «цэнтры прыняцця рашэнняў мы ведаем».

Нагодай паставіць у Беларусь ядравую зброю, калі верыць Пуціну, стала зусім не «абвастрэнне» з боку ЗША адносна Беларусі, а планы Злучанага Каралеўства паставіць ва Украіну бранябойныя снарады са збедненым уранам, якія не адносяцца да ядравай зброі.

Аналітыка
Лукашэнка паспее паляцець у Зімбабвэ, а што астатнія? Як ядравая зброя пагражае беларусам
2023.03.27 19:08

Лукашэнка супраць ядравай зброі? Казаў, «ненавідзіць» яе, гэтую «зброю вар’ятаў»…

Напраўду, ядравую зброю з Беларусі выводзілі не «нацыяналісты», як казаў Лукашэнка. У пачатку 1990-х нацыяналісты былі ў апазіцыі, а краіну ўзначальваў старшыня Вярхоўнага Савету Станіслаў Шушкевіч. І Шушкевіч ледзь стрымліваў лаянку на адрас тых, хто шкадаваў аб пазбаўленні ядравай зброі.

Ды і сам Лукашэнка, бывала, выказваўся рэзка супраць ядравай зброі. Так, у 2003 годзе ён казаў:

«Я, як палітык, лічу: ядравая зброя – гэта зброя вар’ятаў. Чаму? Таму што ядравая зброя ніколі не можа быць ужытая і яна ніколі не будзе ўжытая».

«Пакажыце мне таго чалавека, які дасць каманду націснуць ядравую кнопку, – працягваў ён. – Я вам як прэзідэнт стаўлю пытанне: пакажыце таго вар’ята – ніводзін. Таму што мала таго, што ён згарыць у гэтым агні, калі ён не дай Бог, застанецца жывы – ён будзе адданы анафеме, яго рана ці позна, усё роўна на кавалкі разарвуць».

Тады ж ён казаў, што статус ядравай дзяржавы – «усё гэта блеф», бо «каб абараняцца ядравай зброяй, трэба, каб хтосьці цябе атакаваў ядравай зброяй, такой атакі не будзе».

Hавiны
Вялікі фурункул ці шахід «русского мира»? Што пішуць пра ядравую мішэнь у Беларусі
2023.03.27 15:11

У верасні 2022 года на «адкрытым уроку» Лукашэнка хваліў кіраўніка савецкіх сілавых структураў часоў сталінскага тэрору Лаўрэнція Бэрыю:

«Можа, ён і кепскі быў чалавек, але я думаю, што мы сёння існуем, яшчэ крыжовы паход адтуль так не пачаўся праз Беларусь туды далей на ўсход яшчэ і таму, што гэты Бэрыя быў. І які ўзначаліў працэс стварэння ядравай зброі. Ядравай зброі, якую я ўвогуле не прымаю, ненавіджу, але якая, на наша шчасце, у нас ёсць, у дадзеным выпадку, у Расеі, і гэта зброя стрымлівання. Яны даўно нас бы ўжо перамалолі і растапталі, калі б не баяліся адказу – ядравай зброі».

З выказванняў Лукашэнкі вынікае, што хай ён і баіцца ўжывання ядравай зброі, але бачыць яе гарантыяй таго, што краіны Захаду не зладзяць ваеннага ўварвання. Сродкам абароны ад расейскай агрэсіі Лукашэнка называў ядравую зброю толькі аднойчы: калі папракаў Украіну за адмову ад ядравай зброі.

***

На момант публікацыі Міністэрства замежных справаў Беларусі яшчэ хваліцца «паслядоўнай палітыкай у сферы ядравага раззбраення» (архіўная копія на выпадак выдалення). У тэксце МЗС нагадваюць таксама, што Лукашэнка выступаў з ініцыятывай дэкларацыі аб неразмяшчэнні ракетаў сярэдняй і малой далёкасці ў Еўропе. Якраз да такіх ЗША адносяць ракеты комплексаў «Іскандэр» – гэтыя комплексы, абсталяваныя для нясення ядравай зброі, летась Беларусь купіла ў Расеі.

Hавiны
Святлана Ціханоўская назвала «недапушчальным» размяшчэнне ў Беларусі ядравай зброі
2023.03.26 09:42

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў