«Трэба рыхтавацца да горшага». Полк Каліноўскага – пра ядравую зброю і гатовасць ісці ў Беларусь


Расейскі гісторык Юрый Фельшцінскі і беларускі ваяр Вадзім Кабанчук перакананыя: размяшчэнне расейскай ядравай зброі ў Беларусі – не запалохванне, а пачатак аперацыі, у якой гэтую зброю збіраюцца скарыстаць.

Чаго чакаць ад размяшчэння ў Беларусі ядравай зброі? Пра гэта ў «Студыі Белсат» разважалі намеснік камандзіра палка Каліноўскага Вадзім Кабанчук і расейскі гісторык, аўтар кнігі «ФСБ взрывает Россию» Юрый Фельшцінскі.

Кабанчук 27 сакавіка выступіў са зваротам, у якім заклікаў далучацца да палка Каліноўскага дзеля дэакупацыі Беларусі ўласнымі сіламі. Ён прадказаў: калі Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін выкарыстаюць ядравую зброю, будзе створаная міжнародная кааліцыя, якая «анігілюе» войскі Расеі і Беларусі, якія не здадуцца, пасля арыштуюць Лукашэнку і, магчыма, Пуціна – а ва ўсім гэтым возьме ўдзел полк Каліноўскага, які, быць можа, стане нечым большым за полк.

У «Студыі» Кабанчук растлумачыў, чаму чакае негатыўнага развіцця падзеяў:

«Калі яны збіраюцца размяшчаць ядравую зброю, значыць, у іх запланавана ўжо А, Б і В. На жаль, нам трэба рыхтавацца да горшага варыянту як народу, як нацыі, ды і наогул цэламу рэгіёну, таму што праецыравацца гэтая пагроза будзе на ўвесь рэгіён».

Фельшцінскі неаднаразова казаў, што Расея можа выкарыстаць Беларусь як плацдарм для нанясення ядравага ўдару. Ён лічыць, што калі б Расея хацела проста запужаць кагосьці «страшылкамі кшталту твітаў Мядзведзева» аб патэнцыйным нанясенні ядравага ўдару па Еўропе, то размяшчаць ядравую зброю можна было б і ў Калінінградзе.

«Перамяшчэнне іх у Беларусь – гэта ўжо не блеф, не шантаж, не пагрозы. Гэта пачатак ваеннай аперацыі».

На ягоную думку, незалежна ад таго, што кажа Лукашэнка і што думае Еўропа, аперацыя распачалася. Плануюць жа, лічыць Фельшцінскі, ядравыя ўдары па Польшчы і Літве, і да 1 ліпеня рыхтуюць не сховішчы ядравай зброі, як казаў Пуцін, а бамбасховішчы. Часу на рэакцыю ў Еўропы, лічыць ён, максімум да верасня, а то і менш. Паставіць ракеты на ўжо падрыхтаваныя для гэтага самалёты і падняць самалёты ў неба можна за некалькі гадзінаў.

Аб’ектыў
Юрый Фяльшцінскі: ядравы ўдар па Еўропе з Беларусі 100 % будзе
2023.03.28 22:36

Беларусь для размяшчэння ядравай зброі выбралі, бо яна фармальна незалежная дзяржава, а значыць, удар у адказ нанясуць па ёй, а не па Расеі, тлумачыць ён. І ў выпадку выкарыстання ядравай зброі адказ можа быць і няядравай зброяй, але такой магутнасці, што Беларусь «перастане існаваць».

Таму Фельшцінскі і заклікае вызваляць Беларусь сіламі NATO або хаця б сіламі Польшчы, Літвы, Украіны і беларусаў у ЗСУ – іначай Еўропа стане арэнай ядравага канфлікту. Заявы і санкцыі не спужаюць Пуціна і Лукашэнку, кажа ён, і часу няма нават на простае павелічэнне ваеннай дапамогі Украіны: «Калі зброя будзе перакінутая ў Беларусь, рабіць нешта будзе позна». Таму ён заклікае: проста зараз ва Украіну трэба ўваходзіць войскам NATO або хаця б Польшчы і Літвы.

«Я згодзен са спадаром Юрыем, што час заяваў і абмеркавання мемарандумаў, у тым ліку Будапешцкага, ужо сышоў, – кажа Кабанчук. – Для беларусаў галоўнае трэба разумець: што ўдар у адказ будзе нанесены, хутчэй за ўсё, па Беларусі. Вось гэта важна ўсведамляць беларусам. Абсалютна згодзен з тым, што мы стаім на мяжы вельмі трагічных падзеяў, і ніякімі заявамі сітуацыю ўжо не выправіш. І тут трэба менавіта рыхтавацца ў вайсковым плане».

Спроба залагодзіць ці дэмакратызаваць дыктатараў, перакананы ён, прыводзіць да вядомых вынікаў, якія цяпер і назіраюцца. Лукашэнка можа і разумець, што ядравая зброя на тэрыторыі Беларусі пагражае ягонаму жыццю, разважае Кабанчук, але «партыю вядзе Пуцін». З ранейшых заяваў Лукашэнкі ён робіць выснову: Лукашэнка пра гэтыя планы ведаў даўно.

«Я яшчэ звярну ўвагу на тое: паглядзіце, якую дату яны назвалі: гэта ліпень! – дадае Кабанчук. – Ліпень – гэта месяц, калі, хутчэй за ўсё, будзе развівацца ўкраінскі контрнаступ. Яны будуць адсочваць развіццё падзеяў пры ўкраінскім контрнаступе, і калі ён будзе развівацца ў неспрыяльных для Расеі ўмовах, хутчэй за ўсё, яны будуць прымаць гэтае рашэнне».

Аналітыка
Лукашэнка паспее паляцець у Зімбабвэ, а што астатнія? Як ядравая зброя пагражае беларусам
2023.03.27 19:08

Як атрымаць падтрымку для Беларусі з боку Захаду, дамагчыся, напрыклад, увядзення нейкіх міратворчых сілаў? Кабанчук кажа, што перадусім беларусам як нацыі трэба «ўмяшацца ў гэтыя справы», ды ў Беларусі створаныя такія ўмовы, якія спыняюць любы народны пратэст і нават партызанскую дзейнасць.

«Беларускія часці, у прыватнасці полк Кастуся Каліноўскага, гатовыя да развіцця падзеяў, гатовыя браць на сябе адказнасць, – адказаў Кабанчук. – Мы гатовыя ў выніку стварэння міжнароднай кааліцыі аднымі з першых заходзіць у Беларусь».

Кабанчук заклікае думаць не пра тое, ці будзе нанесены ўдар ядравай зброяй, а пра тое, што рабіць, калі будзе нанесены такі ўдар. Ён не верыць у магчымасць прэвентыўнага ўдару з боку Еўропы, хоць гэта было б «ідэальным варыянтам». Украіна, адзначае ён, цяпер занятая падрыхтоўкай контрнаступу, каб выйсці на свае межы 1991 года, канцэнтруе на гэтым усе асноўныя сілы і сродкі. Таму трэба ставіць пытанне пра рэгіянальную групоўку, якая будзе ўключаць еўрапейскія сілы хуткага рэагавання.

Нацыянальная бяспека
Дзе ў Беларусі Пуцін будзе хаваць ядравую зброю?
2023.03.28 22:08

belsat.eu

Стужка навінаў