Міністэрства спорту другі раз за паўтара года пастанавіла запусціць онлайн-латарэю


На партале Pravo.by 11 траўня была апублікаваная пастанова Міністэрства спорту аб заснаванні рэспубліканскай імгненнай электроннай латарэі «Своя игра». Адметна, што амаль ідэнтычная пастанова была апублікаваная паўтара года таму – а латарэя так і не з’явілася.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Скрэтч-латарэі.
Выява: Freepik.com

І старая, і новая пастановы апісваюць, што заснавальнікам латарэі выступае Міністэрства спорту, арганізатарам – «Нацыянальныя спартовыя латарэі». Мэтай называюць атрыманне дадатковых грашовых сродкаў на развіццё фізічнай культуры і спорту, у тым ліку алімпійскага і паралімпійскага рухаў.

Гульню апісваюць як аналаг папяровых скрэтч-латарэяў. Гульцу прапануюць інтэрнэт-старонку з некалькімі акенцамі, з двух трэба «сцерці» пласт, і калі надпіс у выбраных акенцах супадзе з надпісам у цэнтральным акенцы, гулец перамагае. Памер прызавога фонду мае складаць 45–95 % ад ставак.

Разам з латарэяй «Своя игра» ў канцы 2022 года Мінспорту распрацоўвала яшчэ дзве падобныя онлайн-латарэі: «Морской бой» і «Стеклянный мост». Ніводную з іх на момант публікацыі не запусцілі з невядомых прычынаў.

Канкурэнт Мінспорту ў латарэях, Упраўленне справамі Аляксандра Лукашэнкі, мае надзвычай прыбытковую «інтэрнэт-латарэю» – а дакладней, онлайн-казіно «Белбэт». Гэтае онлайн-казіно, якое распрацоўвала «дачка» падсанкцыйнага «Сінэзісу», у 2023 годзе планавала атрымаць чысты прыбытак у 115,7 млн рублёў. Каля паловы прыбытку мелі аддаць у дзяржаўны бюджэт, яшчэ палову мела забраць Упраўленне справамі Лукашэнкі, якое не справаздачыцца за свае выдаткі і фактычна кіруе ценявой бізнес-імперыяй.

Упраўленне справамі Лукашэнкі, як і Міністэрства спорту, мае таксама традыцыйныя «папяровыя» латарэі, але са сваіх «папяровых» латарэяў Упраўленне справамі Лукашэнкі атрымлівае толькі 0,2 % ад усіх даходаў, рэшта – ад онлайн-казіно.

Абноўлена
«Сінэзіс» адкрыў для Лукашэнкі залатую жылу: онлайн-казіно прыносіць мільёны
2024.04.07 20:00
Гісторыі
Як у «Беларускіх латарэяў» прасілі фінансаваць бульбасховішча Лукашэнкі, самбістаў і Талая
2024.04.14 20:03

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў