Заява Пуціна пра ядравую зброю ў Беларусі – спроба напалохаць Захад і жаданне перамоваў


Краіны Захаду, ЗША, Украіна і Кітай адрэагавалі на заяву прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна пра намер размясціць на тэрыторыі Беларусі ядравую зброю. Ён паабяцаў, што гэтая зброя з’явіцца на тэрыторыі нашай краіны ў ліпені сёлета. Еўразвяз заявіў, што супраць Беларусі ўвядуць санкцыі, але пакуль там чакаюць на каментар Аляксандра Лукашэнкі.

Ядравая зброя.
Фота: magift.ru

Вярхоўны прадстаўнік ЕЗ у справах замежнай палітыкі Жузэп Бурэль заявіў, што калі на тэрыторыі Беларусі зʼявіцца ядравая зброя, то Еўразвяз узмацніць санкцыйны ціск на рэжым Лукашэнкі. У Бруселі канкрэтызавалі, што пакуль не бачылі пацверджання заявы Уладзіміра Пуціна ад афіцыйнага Менску.

Аляксандр Фрыдман, гісторык, палітычны аглядальнік у размове з «Белсатам» кажа, што Заходнія магчымасці, як вядома, абмежаваныя, усё, што можна зрабіць, ужо сфармулявана. Частка краінаў Еўропы сфармулявалі сваю пазіцыю даволі жорстка, іншыя краіны – больш мякка.

«Асноўнае было выказанае Жузэпам Бурэлям, які звярнуўся да рэжыму Лукашэнкі і прапанаваў адумацца і не рабіць такі крок. Калі ж крок будзе зроблены – дык будуць дадатковыя санкцыі. Пра абмежавальныя захады кажуць у Вільні, у Варшаве, у іншых еўрапейскіх сталіцах і падкрэсліваюць, што яны і раней казалі пра неабходнасць жорсткіх санкцыяў. Але краіны Заходняй Еўропы не спяшаліся з жорсткімі абмежаваннямі, а ў выніку Лукашэнка можа размясціць ядравую зброю ў сваёй краіне і гэта не з’яўляецца для яго праблемай», – кажа палітычны аглядальнік.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін катаюцца на яхце. Сочы, Расея. 29 траўня 2021 года.
Фота: Kremlin.ru

Рашэнне пра размяшчэнне ядравай зброі прымае зусім не Лукашэнка

Паводле Аляксандра Фрыдмана, у заяве Бурэля прагучалі пагрозы, якія раней агучвала старшыня Еўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен пра тое, што будуць жорсткія санкцыі. Пры гэтым аналітык выказвае меркаванне, што Лукашэнка зусім не тая асоба, якая прымае рашэнне пра ўвоз ядравай зброі ў Беларусь. Гэтае рашэнне прымаецца Пуціным. Лукашэнка ў гэтай камбінацыі гуляе толькі пэўную ролю.

«Па-другое, мову пагрозаў Лукашэнка не разумее, гэта не тая мова, на якой трэба з ім размаўляць. Для Лукашэнку гэта пустыя крокі, ён разумее толькі канкрэтныя захады. Бо пагражалі санкцыямі і раней, але не ўвялі іх. Цяпер ізноў гучаць пагрозы. Зрэшты, даволі спакойна на пагрозы Бурэля адрэагавала і дзяржаўная прапаганда ў Беларусі. Яны, напэўна, лічаць, што санкцыі не ўвядуць, але калі яны і будуць, то будуць даволі мяккія і нічога кепскага рэжыму не зробяць», – кажа Аляксандр Фрыдман.

Каментар
Ці парушаюць Пуцін і Лукашэнка дамовы аб ядравай зброі? Раней сама Расея была супраць такога
2023.03.27 18:27

Пагроза Пуціна – жаданне перамоваў

Для Пуціна даволі звычайна, калі нешта не атрымліваецца, то ён звяртаецца да ядравай тэмы, звяртае ўвагу Аляксандр Фрыдман. Расейскі прэзідэнт перакананы, што гэта можа паўплываць на Захад, але пры гэтым не жадае зразумець, што такая тактыка сёння не працуе. Раней, калі Расея намагалася прыпыніць пастаўкі Заходняй зброі ва Украіну, даволі актыўна ўжывала гэтую тактыку, але і тады гэта не атрымалася.  Сёння на Захадзе бачаць ізноў гэтыя тыповыя расейскія пагрозы, але няма адказу на пытанне, а што будзе далей.

«Нават калі ядравая зброя з’явіцца на тэрыторыі Беларусі, то што прынцыпова зменіцца ў гэтай сітуацыі для суседзяў Беларусі? Нічога прынцыпова не зменіцца. Сітуацыя цяпер іншая», – звяртае ўвагу суразмоўца «Белсату».

Стратэгічная ядравая ракета паветранна-касмічных сіл Расеі. Фото: Пресс-служба Минобороны РФ/ Interfax

Яшчэ да пачатку вайны ва Украіне французскі прэзідэнт Эманюэль Макрон казаў, што распаўсюд ядравай зброі неабходна перадухіліць усімі магчымымі спосабамі. Але тады быў іншы кантэкст, а сёння вайна стала рэчаіснасцю. Заходнія краіны як пастаўлялі зброю ва Украіну, так і будуць яе пастаўляць надалей. Сітуацыя пагаршаецца толькі для Беларусі і беларусаў.

«Таксама варта звярнуць увагу, што калі Пуцін агучвае нейкія даты наперад, то гэта варта разглядаць як прапанову да размоваў. Маўляў, мы нешта зробім у такі перыяд, але калі вы будзеце з намі размаўляць, то мы дамовімся і да гэтага справа можа і не дойдзе. Таму гэта не толькі пагрозы з боку Пуціна, але таксама і запрашэнне да размоваў», – кажа гісторык Аляксандр Фрыдман.

У цэлым аналітык звяртае ўвагу, што пакуль рэакцыя Захаду на заяву Пуціна даволі стрыманая і спакойная. Ёсць некаторыя эмацыйныя ўсплёскі сярод некаторых краінаў, але гэта не агульны трэнд. Для Захаду нічога надзвычайнага не было, гэтага, у прынцыпе, чакалі.

Украіна адрэагавала на заяву даволі рашуча. У МЗС Украіны назвалі такую магчымую захаду «чарговым правакацыйным крокам», заклікалі беларусаў не дапусціць яго рэалізацыі і запатрабавалі склікаць Раду бяспекі ААН.

Больш стрымана адрэагавалі ў ЗША. Міністэрства абароны лічыць, што пакуль няма ніякіх прыкметаў таго, што Расея рыхтуецца прымяніць ядравую зброю, піша Reuters.

Кітай мог падтрымаць заяву Пуціну пра ядравую зброю ў Беларусі

У МЗС Кітаю заклікалі Украіну і Расею спыніць канфлікт за сталом перамоваў і нагадалі пра міжнародныя абавязкі пазбягаць ядравай вайны і зніжаць стратэгічныя рызыкі.

«Сёння ўсё, што адбываецца з Беларуссю і Расеяй звязваецца з Кітаем, паколькі Кітай, асабліва на Захадзе, разглядаюць як краіну, пазіцыя якой моцна ўплывае на Расею і Беларусь. І сапраўды, калі мы паглядзім на супольныя заявы Сі Цзінь Піна і Уладзіміра Пуціна, якія яны агучылі на мінулым тыдні, то вялося пра тое, каб ядравая зброя не распаўсюджвалася», – кажа Аляксандр Фрыдман.

Уладзімір Пуцін і Сі Цзіньпін падчас Параду Перамогі ў Маскве. 9 траўня 2015 года. Крыніца: Kremlin.ru

Аналітык нагадвае, словы Пуціна, які падкрэсліў, што Лукашэнка не атрымлівае ядравую зброю, Беларусь не будзе ядравай дзяржавай. Зброя будзе пад кантролем Расеі, прыкладна, як і было ў савецкія часы, калі ядравая зброя была ў краінах Усходняй Еўропы і ўсё было пад шчыльным кантролем Савецкага саюзу. Менавіта такую мадэль сёння разглядае і Уладзімір Пуцін. Тым больш, што Беларусь і Расея саюзная дзяржава.

«Ці будзе Кітай задаволены такім адказам? Мне цяжка ўвогуле ўявіць, што Пуцін і Лукашэнка прынялі такое рашэнне без нейкай дамовы з кітайскім кіраўніцтвам. Верагодна, што калі Лукашэнка наведваў Кітай, а таксама калі Сі Цзінь Пін наведваў Маскву, гэтае пытанне абмяркоўвалася і хутчэй за ўсё Кітай падтрымаў кіраўніцтва Крамля. Бо проста так пайсці насуперак Кітаю і правакаваць Кітай, асабліва ў момант, калі Расея моцна залежыць ад Кітаю, гэта цяжка ўявіць», – кажа Аляксандр Фрыдман.

Hавiны
«Шмат хто называе гэта каланізацыяй». Кітаіст Чыгадаеў пра візіт Сі Цзінь Піна ў Маскву
2023.03.20 14:51

Палітычны аглядальнік лічыць, што ў Пекіне ўспрынялі пагрозу Пуціна спакойна, паколькі як і Захад бачаць, што нічога асабліва не змяняецца.

«Так, гучыць даволі істотна і эпахальна, паколькі ўпершыню ў 21 стагоддзі, калі я не памыляюся, увозяць ядравую зброю ў іншую краіну. І гэта гучыць вельмі моцна. Але калі паглядзець, а што прынцыпова змяняецца ў еўрапейскай архітэктуры бяспекі, што прынцыпова змяняецца для Расеі, Кітаю, для суседзяў Беларусі? Практычна нічога не змяняецца. Што сапраўды пагаршаецца істотна, то гэта становішча Беларусі і беларусаў», – кажа Аляксандр Фрыдман.

​Міжнародныя эксперты на Захадзе даволі скептычна паставіліся да словаў Пуціна. Паводле выдання «The Guardian», расейскія ядравыя сховішчы вельмі складаныя. Стварыць на працягу некалькіх месяцаў такія ж сховішчы ў Беларусі практычна немагчыма. Але нават калі гэта і адбудзецца, што ўзровень ядравай пагрозы істотна не зменіцца.

Аналітыка
Лукашэнка паспее паляцець у Зімбабвэ, а што астатнія? Як ядравая зброя пагражае беларусам
2023.03.27 19:08

Мікалай Каткоў belsat.eu

Стужка навінаў