Пратасевіч раскайваецца? Вось якія ягоныя словы перадалі дзяржаўныя медыі з суду


У Менскім абласным судзе 26 красавіка выступіў з апошнім словам палітвязень Раман Пратасевіч. Дзяржаўныя беларускія і расейскія медыі перадалі цытаты з ягонага апошняга слова. Незалежныя медыі і праваабаронцы або не былі на судзе, або вырашылі не перадаваць ягоных словаў ад свайго імя.

Раман Пратасевіч выступае з апошнім словам у Менскім абласным судзе. Беларусь. 26 красавіка 2023 года. Скрыншот: Людмила Гладкая. СБ / Telegram

Вось што перадаюць дзяржаўныя медыі з апошняга слова Рамана Пратасевіча:

  • «Мною проста скарысталіся спачатку ў Вільні, а потым у Варшаве, а потым проста выкінулі, здаўшы беларускім уладам».
  • «Мой патрыятызм і ідэалы заўсёды былі шчырымі, я заўсёды верыў у тое, што я рабіў, але мая ідэйнасць і даверлівасць былі проста выкарыстаныя іншымі людзьмі для дасягнення сваіх мэтаў, у тым ліку і карыслівых».
  • «Я быў сапраўды малады, гарачы і дурны, калі лічыў, што я раптам вазьму і змагу змяніць штосьці ў Беларусі […] Тым не менш, маім шчырым жаданнем было змяніць жыццё нашага народу і нашай краіны да лепшага, але я сур’ёзна памыліўся, я выбраў няправільны шлях».
  • «[…] хоць і здзейсніў мноства сур’ёзных памылак, шмат разоў казаў і пісаў непрыемныя рэчы пра ўладу, прадстаўнікоў сілавога блоку і іншых людзей, гэта было прадыктавана перш за ўсё эмоцыямі і ўласнымі адчуваннямі […] І гэтых эмоцый, я думаю, што ў той час у многіх людзей было вельмі шмат».
  • «Я адкрыта прызнаю палітычную паразу. Рады, што змог знайсці ў сабе сілы і прызнацца, што зрабіў, што я здзейсніў гэтыя памылкі. Адказнасць ляжыць на мне. Прызнаю, у адрозненне ад тых, хто ў тым ліку зараз за мяжой, і прыкрываецца шырмай».
  • «Я прашу прабачэння за свае ўчынкі, бо спрабаваць дасягнуць пераменаў шляхам сапраўднага расколу грамадства і нянавісці было вялікай памылкай».
  • «Я шчыра прашу прабачэння за свае правіны і спадзяюся на паблажлівасць, жадаю пакрыць тую шкоду, які нанёс сваімі дзеяннямі. Разумею, што пакаранні за тыя рэчы, якія я зрабіў, немагчыма пазбегнуць, але тым не менш прашу разгледзець маю сітуацыю з разуменнем і вынесці правільнае і справядлівае рашэнне аб пакаранні, якое не будзе звязана з пазбаўленнем волі».
  • «Я знайшоў новы сэнс, каб працягваць жыць […] Я вельмі хачу пабудаваць паўнавартасную ячэйку грамадства тут, у Беларусі».
  • «Мне вельмі хочацца публічна папрасіць прабачэння ва ўсіх, хто пацярпеў ад маіх дзеянняў і ўчынкаў. Прабачыце мяне, калі, вядома, зможаце. Мне ніколі не зняць з сябе той цяжар адказнасці, які ляжаў на мне з самых першых дзён беспарадкаў. Як бы там ні было, гэта ўжо маё пакаранне, якое будзе са мной усё жыццё, у маёй галаве. Каб бы ні здарылася і які б прысуд ні быў».

На кадрах прапагандыстаў відаць, што Пратасевіч зачытваў апошняе слова з тэлефона.

Вырак Раману Пратасевічу маюць абвесціць 3 траўня. Пракурорка запатрабавала даць яму 10 гадоў пазбаўлення волі. Разам з ім у «справе Nexta» завочна судзяць Яна Рудзіка і Сцяпана Пуцілу – ім пракурорка прасіла завочныя 20 і 19 гадоў зняволення. Раней дзяржаўныя медыі паведамлялі, што Пратасевіч часткова прызнаў новае абвінавачванне.

Раман Пратасевіч падчас размовы з Маратам Маркавым. Cкрыншот: ОНТ

Раман Пратасевіч быў затрыманы 23 траўня 2021 года ў выніку захопу беларускімі ўладамі пасажырскага самалёта кампаніі «Ryanair». Разам з ім затрымалі студэнтку ЕГУ Сафію Сапегу, якая адбывае цяпер 6-гадовы тэрмін у калоніі. Па затрыманні Пратасевіча ўтрымлівалі ў СІЗА КДБ. Потым ён зʼявіўся ў эфіры праграмы «Маркаў. Нічога асабістага» на АНТ са слядамі кайданкоў на руках. У чэрвені 2021 года яго перавялі пад хатні арышт. Ён даваў інтэрвʼю прапагандысцкім СМІ і ўзяў удзел у фільме «Одно уголовное дело», у якім дзяліўся падрабязнасцямі сваёй працы з «Nexta» ў 2020 годзе. Софʼю Сапегу асудзілі да шасці гадоў і плануюць экстрадаваць у Расею.

Праваабарончая супольнасць прызнала Пратасевіча палітычным зняволеным. Статус не скасоўвалі, нягледзячы на заявы ўладаў аб пераводзе пад хатні арышт і вызваленне з-пад яго, а таксама нягледзячы на «пакаянныя» заявы зняволенага.

Hавiны
«Кіберпартызаны» выклалі зліў размоваў сілавікоў пасля арышту Рамана Пратасевіча
2022.07.22 20:47

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў