Вырак агучылі ў закрытым рэжыме. Што трэба ведаць пра справу Пратасевіча і Сапегі


6 траўня ў Гарадзенскім абласным судзе агучылі вырак палітзняволенай грамадзянцы Расеі Соф’і Сапезе, якую затрымалі разам з блогерам Раманам Пратасевічам 23 траўня 2021 года ў менскім аэрапорце. Яе пакаралі 6 гадамі калоніі агульнага рэжыму. Belsat.eu распавядае пра скандальную справу, якая прывяла да ўвядзення супраць рэжыму Лукашэнкі беспрэцэдэнтных санкцыяў.

Соф’я Сапега ў судзе. Горадня, Беларусь. 6 траўня 2022 года.
Фота: Leonid Shcheglov / TASS / Forum

23 траўня 2021 года ў Менску зрабіў вымушаную пасадку самалёт «Ryanair», які выконваў рэйс Афіны – Вільня. Прычына – інфармацыя пра мініраванне, якую экіпаж атрымаў ад беларускіх дыспетчараў. Для суправаджэння пасажырскага самалёта ў неба быў узняты знішчальнік МіГ-29. Але насамрэч ніякай бомбы на самалёце не было. Вымушаная пасадка была справакаваная беларускімі спецслужбамі дзеля затрымання апазіцыйнага блогера Рамана Пратасевіча, які быў у вышуку ў Беларусі і ляцеў гэтым рэйсам. Разам з ім затрымалі ягоную дзяўчыну Соф’ю Сапегу.

Пазней менскі авіядыспетчар, які ўцёк з Беларусі, распавёў, што спецаперацыю з дыспетчарскай вяжы з самага пачатку кантраляваў працаўнік КДБ. На працягу ўсяго інцыдэнту чэкіст «падтрымліваў тэлефонны кантакт з кімсьці, каму ён паведамляў пра тое, што адбываецца з самалётам».

Інцыдэнт з рэйсам «Ryanair» выклікаў міжнародны скандал: палітыкі, дыпламаты і міжнародныя арганізацыі рэзка асудзілі дзеянні рэжыму Лукашэнкі. Еўразвяз закрыў паветраную прастору для «Белавіі», а заходнія авіякампаніі адмовіліся ад палётаў над Беларуссю. Сітуацыя з рэйсам Афіны – Вільня ў значнай ступені перадвызначыла ўвядзенне ў чэрвені 2021 года сектаральных санкцыяў супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Хто такая Соф’я Сапега і што з ёй адбывалася

Соф’я Сапега нарадзілася ў 1998 годзе, вучылася ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце, у ліпені 2021 года планавала бараніць магістарскую дысертацыю. Сябры распавядалі журналістам, што яна любіць маляваць, вядзе спартовы лад жыцця і цікавіцца філасофіяй. Грамадска-палітычнай дзейнасцю яна не займалася.

Hавiны
Што вядома пра дзяўчыну Рамана Пратасевіча, якую затрымалі разам з ім у менскім аэрапорце
2021.05.24 18:31

Пасля затрымання ў менскім аэрапорце было абвешчана, што Сапегу падазраюць у арганізацыі беспарадкаў. Ёй выставілі абвінавачанне ў распальванні варожасці. 25 траўня праўладныя тэлеграм-каналы апублікаваў відэа з затрыманай дзяўчынай, у якім яна назвала сябе рэдактаркаю каналу «Чёрная книга Беларуси», дзе публікуюцца асабістыя звесткі сілавікоў. Сябры і знаёмыя дзяўчыны ў размове з «Белсатам» гэтую інфармацыю зняпраўдзілі.

Соф’ю змясцілі ў СІЗА КДБ. У першым лісце да сваякоў дзяўчына прызнавалася, што яе раздзірае страх «адстаць ад жыцця» і выйсці на волю «непатрэбнай грамадству».

17 чэрвеня бацька дзяўчыны звярнуўся да Лукашэнкі з просьбаю пра сустрэчу і міласэрнасць у дачыненні ягонай дачкі.

25 чэрвеня Сапегу і Пратасевіча перавялі пад хатні арышт. Соф’і нават дазволілі сустрэцца з бацькамі ў адной з менскіх рэстарацыяў. Следства заявіла, што «абвінавачаныя даюць паслядоўныя прызнальныя паказанні і ў адпаведнасці з заканадаўствам яны раней звярнуліся з хадайніцтвам аб заключэнні дасудовага пагаднення аб супрацы са следствам».

Сафія Сапега.
Фота: sapega_sofia_/ Instagram

Расейскі бок сцвярджаў, што сочыць за лёсам сваёй грамадзянкі ў Беларусі. Валерый Фадзееў, старшыня расейскага Савету правоў чалавека пры прэзідэнту РФ, абяцаў, што Масква будзе дамагацца яе экстрадыцыі. Затрыманне Соф’і абмяркоўвалася нават на сустрэчы Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі. Адвакат Антон Гашынскі выказваў меркаванне, што перавод Сапегі пад хатні арышт адбыўся якраз дзякуючы перамовам на найвышэйшым узроўні.

Мера стрымання для Сапегі з чэрвеня 2021 года не змянялася. Як распавядаў адвакат дзяўчыны, у межах хатняга арышту яе дзень і ноч ахоўваюць два сілавікі.

Прапагандысцкая кампанія

Каб нейтралізаваць наступствы міжнароднага скандалу, выкліканага спецаперацыяй супраць самалёта рэйсу Афіны – Вільня, улады Беларусі распачалі актыўную прапагандысцкую кампанію.

Спачатку на ОНТ выйшла «інтэрв’ю» з Раманам Пратасевічам, дзе ён абвяргаў датычнасць спецслужбаў да пасадкі самалёта, казаў пра «стальныя яйкі» Лукашэнкі і крытыкаваў апазіцыю. Пры гэтым на прыдалоннях Рамана Пратасевіча можна было заўважыць сляды жорсткага абыходжання (пазней ён патлумачыў, што гэта «сляды ад сцяжак»). 14 чэрвеня Пратасевіча прывялі на брыфінг беларускага МЗС аб перахопе самалёта «Ryanair», дзе ён заявіў, што нібыта ўсё робіць добраахвотна і адчувае сябе выдатна.

Але адбяліць імідж уладаў на міжнароднай арэне гэтыя акцыі не змаглі. У прызнанні Пратасевіча ніхто не паверыў, яны толькі выклікалі агульнае абурэнне, бо мелі відавочныя прыкметы прымусу. Таксама выказвалася меркаванне, што Рамана могуць шантажаваць лёсам ягонай дзяўчыны.

Hавiны
Рэакцыя грамадства на сюжэт дзяржтэлебачання: «Інтэрв’ю» пад прымусам і катаваннямі
2021.06.04 18:23

З’явілася на дзяржаўным тэлебачанні і Соф’я Сапега. 10 жніўня 2021 года ў праграме «Гэта іншае» («Это другое») яна сказала, што не лічыць, што экстраную пасадку самалёта ў Менску арганізавалі беларускія спецслужбы. Таксама яна агучыла прапагандысцкі наратыў пра тое, што да пасадкі самалёта ў Менску нібыта могуць быць датычныя людзі з «працоўнага калектыву» Пратасевіча (то бок рэдакцыі тэлеграм-каналу «NEXTA»), а супрацоўнікаў КДБ на борце самалёта не было.

Што датычаць Пратасевіча, то ён з таго часу пад наглядам спецслужбаў завёў тэлеграм-канал, некалькі разоў выступаў са зваротамі, піярыў «рэферэндум», абвесціў аб супрацы з праўладным актывістам Дзмітрыем Беляковым і нават паабяцаў падаць пазоў супраць кампаніі «Ryanair». Але ўсур’ёз гэтыя заявы ўжо ніхто не ўспрымаў.

Прашэнне аб памілаванні і 7 артыкулаў

Удзел у прапагандысцкіх акцыях не спыніў крымінальнага пераследу Сапегі. 20 снежня 2021 стала вядома, што Соф’і выставілі канчатковае абвінавачанне паводле аж сямі артыкулаў Крымінальнага кодэксу:

  • ч. 3 арт. 130 («Распальванне варожасці ў складзе групы асобаў»);
  • ч. 4 арт. 16 і 364 («Арганізацыя гвалту і пагрозаў у дачыненні міліцыянтаў»);
  • ч. 4 арт. 16 і 365 («Пагрозы, паклёп ці распаўсюд звестак пра міліцыянтаў);
  • ч. 4 арт. 16 і 366 («Арганізацыя гвалту і пагроз у дачыненні службовых асобаў»);
  • ч. 4 арт. 16 і 389 («Арганізацыя пагрозы забойствам ці гвалту ў дачыненні суддзяў»);
  • ч. 4 арт. 16 і 198 («Перашкода дзейнасці журналістаў з пагрозай ужывання гвалту»);
  • ч. 1 і 2 арт. 203-1 («Наўмысны збор інфармацыі і персанальных звестак іншай асобы»).

На наступны дзень ейныя сваякі паведамілі журналістам, што Соф’ Сапега напісала прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі (не зразумела, што адбылося раней – напісанне прашэння ці выстаўленне канчатковага абвінавачання). Айчым дзяўчыны Сяргей Дудзіч распавёў пры гэтым, што «нейкае рашэнне можа быць прынятае толькі пасля суда», але сваякі спадзяюцца на памілаванне.

У канцы снежня 2021 года ейная справа была накіраваная ў суд. Судовы працэс распачаўся 28 сакавіка 2022 года ў Гарадзенскім абласным судзе. Справа разглядаецца ў закрытым рэжыме.

Раман Пратасевіч.
Фота: STRINGER / Reuters / Forum

Паводле следства, Соф’я «супольна з іншымі асобамі, у тым ліку замежнымі грамадзянамі», адміністравала телеграм-каналы, дзейнасць якіх была накіраваная на «дыскрэдытацыю дзейнай улады Беларусі», «распальванне варожасці», а таксам «арганізацыю злачынстваў у дачыненні асобных катэгорыяў грамадзянаў».

Пракуратура сцвярджала, што Сапега выканала абавязкі, прадугледжаныя заключанай з ёй дамовай аб супрацы, і нават выплаціла даходы, нібыта «атрыманыя злачынным шляхам» (пра якія грошы гаворка – невядома).

Вырак у справе Соф’і Сапегі агучылі 6 траўня – 6 гадоў калоніі агульнага рэжыму. На якой стадыі перабывае справа Пратасевіча – невядома.

РР belsat.eu

Стужка навінаў