Пратасевіч у жывым эфіры. Што гэта было? Разбіраем з палітолагам Вольгай Харламавай


Пасля брыфінгу беларускага МЗС, зоркай якога быў палітзняволены Раман Пратасевіч, у нас з’явіўся шэраг пытанняў. Самыя важныя з іх мы задалі палітолагу Вользе Харламавай. Падаем адказы эксперткі цалкам.

Палітолаг Вольга Харламава.
Фота: Белсат

– Якія былі мэты гэтага брыфінгу?

– Перш за ўсё, звернем увагу на тое, што на брыфінгу прысутнічалі замежныя журналісты. А мы з вамі ведаем, што гэтым журналістам, напрыклад, журналістам «Deutsche Welle», не давалі акрэдытацыю з верасня, нягледзячы на заяўкі, нягледзячы на тое, што тэхнічная магчымасць выдаць гэтую акрэдытацыю ёсць. Тым не менш, журналісты замежных сродкаў масавай інфармацыі прысутнічалі на гэтым брыфінгу. Адпаведна мы можам зрабіць высновы, што было істотна важна, было неверагодна важна данесці інфармацыю, данесці карцінку, да як мага большай колькасці людзей.

Асноўная мэта сённяшняга мерапрыемства, якое зладзіла Міністэрства замежных справаў Беларусі, – прыцягнуць увагу як мага больш шырокай аўдыторыі да тых пасылаў, да тых момантаў, на якія яны б хацелі звярнуць увагу. І цяпер такі час, калі ўсё як бы прыцішылася, няма ніякіх навінаў аб расследаванні, беларускі бок старанна падкрэслівае, што ён адкрыты, што ён запрашае ўсіх ахвотных і прадстаўнікоў міжнародных арганізацыяў, прадстаўнікоў еўрапейскіх арганізацыяў, якія займаюцца бяспекаю авіяцыйных перавозак, яны запрашаюць прыехаць у Беларусь і правесці расследаванне. І вось гэты брыфінг быў накіраваны на дэманстрацыю вось гэтай адкрытасці, з аднаго боку, і адсутнасці рэакцыі, адсутнасці жадання расследаваць – з другога боку.

Брыфінг Міністэрства замежных справаў. Скрыншот відэа

– Ці можна лічыць, што сярод мэтаў брыфінгу была спроба апраўдацца?

– Тут яшчэ вельмі цікава, хто арганізатар брыфінгу: Міністэрства замежных справаў Беларусі, якое да гэтага аб усіх мерапрыемствах, аб усіх падзеях кшталту затрымкі самалёта і экстранай пасадкі даведвалася постфактум, і іх рэакцыя – яна не можа быць іншай рэакцыяй па-за апраўданнямі. Бо калі ты даведваешся аб нейкіх форс-мажорных сітуацыях тады, калі нічога ўжо не можаш змяніць, то ўсё, што табе застаецца, – гэта якасна, эфектна паспрабаваць апраўдацца, прычым апраўдацца, не прыніжаючы сябе, а з пэўнымі наездамі, апраўдацца такім чынам, каб паспрабаваць зрабіць вінаватым другі бок. Маўляў, мы даем магчымасць – яны не прыязджаюць, мы робім крокі насустрач – яны гэтых крокаў не цэняць, мы адкрытыя, але гэтай адкрытасці ў адказ мы не бачым.

Таму з аднаго боку, гэта апраўданне, бо яны сабралі там усе абвінавачанні, яны сабралі там усе недарэчнасці, свае недарэчнасці, і спрабуюць іх нівеляваць. Яны спрабуюць працаваць з накладкамі, з супярэчнасцямі, якія былі зробленыя іншымі прадстаўнікамі ўладаў Беларусі.

Раман Пратасевіч. Скрын відэа

– Брыфінг зладзілі ў час абвяшчэння санкцыяў і правядзення Саміту NATO. Ці ёсць тут сувязь?

– Вядома, гэта звязана і з анансаванымі санкцыямі, і з мерапрыемствамі ў межах NATO. І калі мы зірнем, у якім кірунку ішоў сённяшні – насамрэч гэта брыфінг асобна ўзятай асобы, – мы проста пабачым, што беларускае МЗС паспрабавала выбіць пэўны інфармацыйны парадак дня ў еўрапейскіх краінаў. У тым ліку і ў краінаў, якія ёсць чальцамі NATO. Асноўныя абвінавачванні яны паспрабавалі абвергнуць. Мы бачым, што МЗС, як частка цяперашніх беларускіх уладаў, вядзе досыць якасную і ў прынцыпе адносна эфектыўную ўласную інфармацыйную кампанію. Яны спрабуюць перацягнуць гульню на свой бок – яны не толькі адказваюць, яны ўжо гэты мяч спрабуюць і падаваць зноўку. Гэта новае, гэтага яшчэ месяц таму не было.

– Як вы лічыце, навошта на брыфінг запрасілі Рамана Пратасавіча?

– Я б не хацела абмяркоўваць асобу і ўдзел Пратасевіча, бо менш за ўсё хочацца нанесці шкоду чалавеку, якому і так досыць складана, але мы казалі і месяц, і два, і чатыры месяцы таму пра тое, што ўлады Беларусі імкнуцца стварыць, імкнуцца сістэмна працаваць над стварэннем канструктыўнай, як яны гэта называюць, апазіцыі. Цяпер бачым гэтую сістэмную працу: была размова ў ізалятары КДБ, былі наступствы гэтай размовы, у тым ліку з‘яўленне пэўных асобаў, пэўных персаналіяў, якія пазіцыянуюцца як канструктыўная апазіцыя. І цяпер мы бачым працяг гэтай сістэмнай працы: вось ёсць апазіцыя дэструктыўная, якая цягне ў Беларусь праблемы і санкцыі, а ёсць апазіцыя, якая нягледзячы на тое, што дэкларуе пэўны недавер асобам, якія асацыююцца з беларускай уладай, тым не менш, хоча працаваць у межах беларускага заканадаўства.

Запрошаныя на брыфінг журналісты. Скрын відэа

– І ўсё ж такі чалавек за кратамі, абвінавачаны паводле трох крымінальных артыкулаў, кажа, што не мае скаргаў і ўсім задаволены. Як такое магчыма?

– Мне вельмі цяжка ацэньваць – і я лічу, неэтычна, некарэктна ацэньваць чалавека, які ў складанай сітуацыі. Бо любыя нашыя словы, любыя нашыя выказванні могуць мець сур’ёзныя для яго наступствы, Я не выказваюся не толькі пра Рамана Пратасевіча, я не выказваюся аб любым затрыманым і любым, хто цяпер у СІЗА або ў калоніях. Гэта прынцыповая пазіцыя, бо самае галоўнае – не нашкодзіць.

– Але Пратасевіч цяпер не ў СІЗА, ён сядзеў побач з высокапастаўленымі чыноўнікамі.

– Я б звярнула ўвагу толькі на тое, што Пратасевіч не толькі адказваў на пытанні, ён спрабаваў сам гэтыя пытанні задаваць. І ён спрабаваў атакаваць, ён дэманстраваў тымі сродкамі, якія яму даступныя, што ён мае пэўную пазіцыю, і ён гэтую пазіцыю спрабуе данесці.

Артыкулы
«Улада разгубленая». Аналітык патлумачыў сэнс прэс-канферэнцыі з удзелам Пратасевіча
2021.06.14 20:55

Ірына Карніенка, belsat.eu

Стужка навінаў