Раман Пратасевіч у судзе часткова прызнаў новае абвінавачанне


У судзе 19 красавіка Раман Пратасевіч даў паказанні ў сувязі з тым, што яму выставілі новае абвінавачанне. Ён часткова прызнаў віну аб адміністраванні тэлеграм-каналаў «Беларусь головного мозга», паведамляе «Sputnik Беларусь».

Раман Пратасевіч у судзе.
Фота: Віталь Піваварчык / belta.by

Раман Пратасевіч заявіў, што фармальна кіраваў каналам 2–3 месяцы і не выкладваў інфармацыі аб дзецях і супрацоўніках праваахоўных органаў. Ён адзначыў, што не прызнае абвінавачання ў кіраванні «экстрэмісцкімі» фармаваннямі, бо каналы «Беларусь головного мозга» і «NEXTA» былі прызнаныя такімі пасля таго, як ён іх пакінуў.

«Я не прызнаю абвінавачання ў тым, што быў кіраўніком экстрэмісцкіх фармаванняў, яны такімі былі прызнаныя нашмат пазней, чым я выйшаў з іх складу, – сказаў ён. – Кіраўніком сеткі «NEXTA» заўсёды быў Сцяпан Пуціла, і гэты медыябізнес належыць яму. Нейкі час я адказваў за пэўны ўчастак працы, але не больш», – сказаў Пратасевіч падчас допыту.

«”Беларусью головнога мозга” фармальна кіраваў два ці тры месяцы, канал падкантрольны штабу Ціханоўскай, яго заўсёды кантраляваў Франак Вячорка. Я адказваў за пэўны ўчастак часу. Я не быў кіраўніком як у адным, так і ў другім выпадку», – дадаў ён.

Пратасевіч таксама не прызнаў у поўным аб’ёме пазову на 30 мільёнаў рублёў. Ён часткова прызнаў шкоду, нанесеную Мінтрансу праз спыненне транспарту, але не прызнаў сумы шкоды каля 25 мільёнаў рублёў, якая пайшла на аплату супрацоўнікам МУС, МНС і Міністэрства аховы здароўя:

«Асабіста я не лічу, што заробкі за няўрочны час працы (супрацоўнікаў МУС і МНС) з’яўляюцца шкодай. Магу прыняць і падтрымаць суму рэальнай шкоды, што датычыць Мінтрансу, і тое часткова», – сказаў Пратасевіч, дадаўшы, што сума 30 млн рублёў «крыху завышаная».

Ён таксама заявіў, што не прызнае сумы шкоды, палічанай для выплаты Міністэрству аховы здароўя. Сваю пазіцыю ён патлумачыў тым, што «ахова здароўя ў Беларусі бясплатная».

Чакаецца, што 21 красавіка пракурор агучыць запыт на тэрмін Пратасевічу. Яму пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі.

Нагадаем, суд у «справе NEXTA» пачаўся 16 лютага. Сцяпана Пуцілу і Яна Рудзіка судзяць завочна, Раман Пратасевіч прыходзіць на паседжанні ў якасці абвінавачанага. Першапачаткова яго вінавацілі паводле 11 артыкулаў, у тым ліку ў распальванні варожасці, арганізацыі масавых беспарадкаў, закліках да захопу ўлады, абразе Лукашэнкі, стварэнні экстрэмісцкага фармавання і кіраванні ім. Пратасевіч цалкам прызнаў віну паводле гэтых абвінавачанняў.

13 красавіка яму выставілі больш цяжкае абвінавачанне – кіраўніцтва экстрэмісцкім фармаваннем у сувязі з працай на канал «Беларусь головного мозга».

Рамана Пратасевіча і грамадзянку Расеі Софʼю Сапегу затрымалі 23 траўня 2021 года ў менскім аэрапорце пасля таго, як улады Беларусі прымусова пасадзілі самалёт авіякампаніі «Ryanair», які ляцеў у Вільню. Софʼю Сапегу прысудзілі да шасці гадоў і плануюць экстрадаваць у Расею.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў