Калі заўтра вайна. Як улады Беларусі планамерна рыхтуюцца да эскалацыі


Рэжым Аляксандра Лукашэнкі з 2022 года няспынна распрацоўвае і ўхваляе законы ды ўказы, якія могуць спатрэбіцца на выпадак вайны або ўнутранага канфлікту. У значнай ступені гэтыя захады прымаюцца з улікам досведу расейскай агрэсіі супраць Украіны, а таксама праз страх народнага паўстання.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Курсанты вайсковага факультэту БДУ прымаюць прысягу. Менск, Беларусь. 2 верасня 2023 года.
Фота: Военный факультет БГУ / Telegram

Прызыў праз СМС і дарога ў войска для людзей з судзімасцю

19 кастрычніка стала вядома, што ўрад распрацаваў законапраект аб змене законаў у пытаннях запэўнівання нацыянальнай бяспекі. Дакумент яшчэ не ўхвалілі заканадаўчыя органы, аднак ужо выклікаў павышаны інтарэс, бо прадугледжвае шэраг беспрэцэдэнтных для Беларусі практык.

Пасля прыняцця гэтага законапраекту на службу паводле кантракту ва Узброеныя сілы змогуць браць грамадзянаў:

  • супраць якіх заведзеныя крымінальныя справы;
  • якія былі пад судом і адбывалі пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі;
  • ухілістаў.

Раней гэта забаранялася законам, але цяпер адпаведныя крытэры можна будзе праігнараваць дзеля запэўнівання «інтарэсаў абароны і нацыянальнай бяспекі па рашэнні прэзідэнта». Акрамя таго, закон дапускае, што пры неабходнасці могуць быць скасаваныя ўзроставыя абмежаванні для кантрактнікаў (раней кантракт можна было заключаць у веку да 35 гадоў без досведу службы і да 40 гадоў з досведам). Акрамя таго, плануюць павысіць максімальны ўзрост заставання ў запасе для жанчын без вайсковых званняў: з 45 да 48 гадоў.

Запрашаць у ваенкаматы прызыўнікоў цяпер змогуць праз СМС.

«Грамадзяне могуць быць абвешчаныя пра неабходнасць з’явіцца ў вайсковы камісарыят (асобнае падраздзяленне), упраўленне Камітэту дзяржаўнай бяспекі па вобласці з дапамогаю СМС-паведамлення», – гаворыцца ў дакуменце.

Гэта будзе ў тым ліку датычыць мабілізацыйнага прызыву.

Такім чынам, ухіліцца ад атрымання позвы будзе фактычна немагчыма. Пра змену мабільнага нумара грамадзяне цяпер абавязаныя паведамляць у ваенкамат цягам тыдня. Аператарам у сваю чаргу таксама давядзецца на запыт ваенкаматаў або КДБ за тыдзень перадаваць звесткі пра нумары тэлефонаў беларусаў, якія стаяць на вайсковым уліку.

Папяровыя позвы пры гэтым не адмяняюцца. Аднак улады і тут спрасцілі сабе жыццё: уручаць позвы грамадзянам можна будзе не толькі на месцы жыхарства, а таксама на месцы працы і «месцы перабывання». То бок фактычна ўсюды, дзе чалавека знойдуць.

Праект закону прадугледжвае і ўзмацненне адказнасці за ўхіленне ад прызыву ды значнае павелічэнне штрафаў за парушэнне патрабаванняў ваенкамату. У прыватнасці пасля прыняцця зменаў у Крымінальны кодэкс за ўхіленне ад службы ў войску можна будзе атрымаць ужо не да двух, а да трох гадоў пазбаўлення волі ці «хіміі».

Штраф за няяўку на захады для прызыву складзе ад 10 да 30 базавых велічыняў. За неапавяшчэнне грамадзянаў пра выклік у ваенкамат (маюцца на ўвазе парушэнні з боку дзяржаўных службоўцаў) – да 20 базавых велічыняў і да 30 пры паўторным неапавяшчэнні. За парушэнне абавязкаў у справе вайсковага ўліку штраф можа скласці да 25 б. в. Адпаведныя папраўкі мусяць унесці ў Кодэкс аб адміністратыўнай адказнасці.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Министерство обороны Республики Беларусь / Telegram

У Закон аб абароне ўключаецца новы артыкул 14-1 «Правы грамадзянаў у абароне Рэспублікі Беларусь у мірны час». Згодна з гэтаю нормаю, беларусы ўжо з 16 гадоў атрымаюць права добраахвотна браць удзел «у выкананні працаў абароннага характару» ў мірны час, яшчэ да ўвядзення ваеннага становішча. Што гэта за «працы абароннага характару», не ўдакладняецца.

Заканадаўчы плагіят і ўласныя ноу-хау

Новы законапраект яўна натхнёны досведам Расейскай Федэрацыі ў вайне з Украінаю.

Узроставыя абмежаванні для службы паводле кантракту ў Расеі адмянілі ў траўні 2022 года, электронныя позвы ўхвалілі ў красавіку 2023-га, служыць паводле кантракту грамадзянам з судзімасцю дазволілі сёлета ў чэрвені, павысілі штрафы за няяўку ў ваенкамат – у ліпені. Усе гэтыя захады былі неабходныя Маскве, каб папаўняць армію, якая нясе вялізарныя страты ва Украіне, і перадухіляць масавыя ўцёкі ад мабілізацыі.

Беларускае войска ў вайне не бярэ ўдзелу і стратаў не нясе, аднак увесь 2023 год улады прымаюць законы і ўказы з разліку на эскалацыю і баявыя дзеянні, прычым маштабныя.

17 ліпеня Лукашэнка падпісаў закон пра гэтак званае народнае апалчэнне. Паводле гэтага дакументу, пасля ўвядзення ваеннага становішча «правераным» грамадзянам могуць выдаць зброю, якую яны будуць мець магчымасць захоўваць пры сабе. Пры гэтым апалчэнцы працягнуць хадзіць на працу, будуць начаваць і харчавацца ўдома.

Да апалчэння разлічваюць далучаць (афіцыйна – на добраахвотнай аснове) тыя катэгорыі грамадзянаў, якія не падлягаюць мабілізацыі. Гэтак улады разлічваюць скампенсаваць нястачу міліцыі ў райцэнтрах і сельскай мясцовасці ў выпадку народных хваляванняў або ўзброенага канфлікту.

Паралельна ўлады пашыраюць сваю мабілізацыйную базу. У пачатку 2023 года Міністэрства абароны і Міністэрства аховы здароўя прынялі пастанову, якая істотна зніжае патрабаванні да стану здароўя прызыўнікоў. А ў траўні былі ўнесены папраўкі ў Закон аб вайсковым абавязку і вайсковай службе: пры дапамозе гэтага дакументу ўлады скасавалі адтэрмінаванне ад службы для студэнтаў, якія пасля ўхвалення закону захочуць паехаць вучыцца за мяжу.

Аб’ектыў
Лукашэнка рыхтуецца да новай вайны
2023.10.19 22:27

У траўні 2023 года набылі моц папраўкі ў закон, якія ўводзяць абмежаванні на выезд з Беларусі для сілавікоў і чыноўнікаў. Таксама КДБ атрымаў права абмяжоўваць беларусам выезд з краіны «дзеля нацыянальнай бяспекі».

Прэвентыўна былі распрацаваныя і карныя законы на выпадак вайны. 9 сакавіка Лукашэнка падпісаў «расстрэльныя» папраўкі ў Крымінальны кодэкс, якія прадугледжваюць смяротнае пакаранне за «здраду дзяржаве» для дзяржаўных службовых асобаў і вайскоўцаў. Прычым узровень адказнасці службовай асобы не мае значэння: новыя нормы распаўсюджваюцца на ўсіх, хто займае дзяржаўныя пасады або мае статус вайскоўцаў. То бок гэта будзе датычыць таксама тых, каго мабілізуюць у войска.

Закон за 9 сакавіка таксама прадугледжвае ўвядзенне крымінальнай адказнасці за «дыскрэдытацыю Узброеных сілаў, іншых войскаў і вайсковых фармаванняў, ваенізаваных арганізацыяў». Гэтая норма відавочна калькуе расейскі закон за 4 сакавіка 2022 года – гэтак званы закон аб фэйках, або закон аб ваеннай цэнзуры.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Вайскоўцы 19-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады бяруць удзел у вучэннях на Абуз-Лясноўскім палігоне ў Беларусі. 19 кастрычніка 2023 года.
Фота: Министерство обороны Республики Беларусь / Telegram

Не ўсе ініцыятывы ўладаў у сферы бяспекі ўжо зрэалізаваныя. У чэрвені апублікавалі праект паправак у законы аб надзвычайным становішчы, аб ваенным становішчы ды яшчэ ў шэрагу заканадаўчых дакументаў, датычных бяспекі і працы дзяржаўных органаў. Аднак пакуль ухваленне гэтага дакументу, імаверна, адкладзена – законапраект чамусьці знік з Нацыянальнага прававога інтэрнэт-парталу. Пакуль не атрымала развіцця і прапанова дзяржаўнага сакратара Аляксандра Вальфовіча забіраць у войска студэнтаў.

Зборы, якім няма канца

Пры канцы 2022 года ў Беларусі правялі беспрэцэдэнтнае паводле маштабаў правяранне мабілізацыйных інстытутаў. Некаторыя беларусы ў выніку атрымалі мабілізацыйныя прадпісанні: у іх паведамляецца, што ў выпадку абвяшчэння ў Беларусі мабілізацыі яны абавязаныя цягам 38 гадзінаў, не чакаючы позвы з ваенкамату, з’явіцца з пашпартам, вайсковым білетам, рэчамі і запасам ежы на дзень на мабілізацыйны пункт на пазначаны ў прадпісанні адрас.

Лукашэнка не хаваў, што тэставанне сістэмы праводзілася, каб не дапусціць памылак расейскай мабілізацыі. З гэтай прычыны цяпер рэгулярна ладзяцца зборы і правяранні баявой гатовасці. У красавіку прызыўная кампанія на вайсковыя зборы на Берасцейшчыне і Гарадзеншчыне праводзілася ў досыць агрэсіўнай манеры: кагосьці забіралі з ложка, іншых – проста з працы, некаторых хапалі на вуліцы.

Інтэнсіўнасць збораў падштурхнула ўлады і да карэктавання заканадаўчай базы. У жніўні 2023 года ўрад прыняў пастанову, якая змяняе парадак праходжання вайсковых збораў. Калі раней на вайсковыя і спецыяльныя зборы скіроўваліся «ваеннаабавязаныя, прыдатныя паводле стану здароўя да вайсковай службы», то ў адпаведнасці з новым дакументам на зборы будуць скіроўвацца «ваеннаабавязаныя, прыдатныя паводле стану здароўя да вайсковай службы, прыдатныя да вайсковай службы з нязначнымі абмежаваннямі, а таксама абмежавана прыдатныя да вайсковай службы ў ваенны час (з іхнай пісьмовай згоды)». Таксама ўлады павялічылі перыядычнасць збораў: для ваеннаабавязаных без афіцэрскага звання – з 3–4 да 4–5 разоў у залежнасці ад катэгорыі, а з афіцэрскім званнем – з 1–2 да 5–10 разоў. Прычым максімальныя тэрміны гэтых збораў прыбралі зусім.

Увогуле беларуская армія фактычна з вясны 2023 года існуе ў стане перманентных вучэнняў, трэнаванняў і правяранняў баявой гатовасці. Зборы ладзяць не толькі Узброеныя сілы, але і падраздзяленні МУС. 19 кастрычніка стала вядома, што на загад Лукашэнкі пачалося раптоўнае правяранне баявой гатовасці добраахвотнікаў з ліку ветэранаў спецпадраздзяленняў МУС і ўнутраных войскаў. Позвы на зборы адпраўлялі экстранна, усяго за некалькі дзён да таго, як трэба было зʼявіцца ў частку. У праграме – заняткі з удзелам інструктараў ПВК Вагнэра.

Камандуючы ўнутраных войскаў МУС Мікалай Карпянкоў, выступаючы перад выкліканымі на зборы байцамі, зазначыў, што з 2022 года для ўзмацнення спецназу ў Беларусі сталі ствараць новыя падраздзяленні па 70 чалавек у розных рэгіёнах краіны. Агулам у новых падраздзяленнях – каля 1500 сілавікоў, паведаміў Карпянкоў.

Агляд
Выцек запіс выступу Карпянкова перад спецназам: пра вагнэраўцаў, каліноўцаў і эмігрантаў
2023.10.23 21:40

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў