Распальванне грамадзянскай вайны? Навошта Лукашэнка стварае народнае апалчэнне


Улады анансуюць прыняцце закону аб так званым народным апалчэнні, у межах якога ў выпадку ўвядзення ваеннага становішча зброю могуць раздаць дзясяткам тысяч беларусаў. Афіцыйна гэтая ініцыятыва накіраваная на абарону краіны ад вонкавай агрэсіі, але хутчэй за ўсё, сапраўдная мэта – барацьба з унутранымі хваляваннямі і пратэстамі ў выпадку ўступлення Беларусі ў вайну.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Министерство обороны Республики Беларусь / Telegram

З чаго ўсё пачалося

«Кожны чалавек (і не толькі чалавек) павінен мець магчымасць, па меншай меры, карыстацца зброяй. Прынамсі, каб абараніць сваю сям’ю, дом, родны кут зямлі і, калі неабходна, краіну, без якой не будзе ні куточка, ні дому, нічога іншага», – заявіў Аляксандр Лукашэнка 20 лютага на паседжанні Савету Бяспекі, дзе разглядаўся праект закону аб народным апалчэнні. «Нам на ўсялякі выпадак трэба мець пры кожным сельсавеце вось гэтае народнае апалчэнне», – падкрэсліў ён.

Лукашэнка акцэнтаваў увагу на тым, што робіцца гэта «не ад балды», а зыходзячы з досведу расейска-ўкраінскага канфлікту. Аднак насамрэч ідэяй раздаць цывільным людзям зброю, каб яны баранілі свае сем’і, Лукашэнка захапіўся задоўга да пачатку поўнамаштабнай вайны – на піку пратэстаў 2020 года. Тады ён заявіў, што ўлады нібыта атрымліваюць шмат зваротаў ад мужчынаў і жанчын, якія хочуць змагацца з пратэстоўцамі. «Чаму не прыцягнуць нам, аж да ўзбраення, у гэтыя лятучыя атрады былых вайскоўцаў? Яны могуць нам выдатна дапамагчы. І трэба, каб кожны чалавек адчуў, што ён абараняе сваю сямʼю і сваю зямлю», – заявіў Лукашэнка на сустрэчы з сілавікамі 29 кастрычніка 2020 года. Ён тады таксама паставіў задачу ўзмацніць працу народных дружынаў, якія павінныя «забяспечыць абарону сваіх дамоў».

Аднак узброеныя «лятучыя атрады» тады так і не з’явіліся, а да няўзброеных народных дружынаў улады хутка страцілі цікаўнасць. Пасля забойства Рамана Бандарэнкі, да якога былі датычныя якраз такія добраахвотныя памочнікі сілавікоў, гэтая тэма з публічнай прасторы надоўга знікла.

Hавiны
«Спроба нацкаваць адну частку грамадства на іншую». Што трэба ведаць пра «народныя дружыны» Лукашэнкі
2020.12.17 07:00

Наступны раз да тэмы мілітарызацыі цывільнага насельніцтва Лукашэнка вярнуўся незадоўга да пачатку ўварвання Расеі ва Украіну. Падчас звароту да Нацыянальнага сходу 28 студзеня 2022 года ён заявіў, што 1,5–2 мільёны «нашых людзей» павінны быць у стане выкарыстоўваць стралковую зброю, і тады «нас ніхто не возьме». А ўжо пасля пачатку поўнамаштабнай вайны, у траўні 2022 года, Лукашэнка паставіў перад сілавікамі задачу стварыць у Беларусі народнае апалчэнне.

Восенню 2022 года ў Беларусі правялі тэставанне гэтай ідэі: на аснове Лабжанскага сельскага савету Клімавіцкага раёну Магілёўскай вобласці быў створаны першы атрад народнага апалчэння. Улады палічылі эксперымент удалым.

Як будзе выглядаць народнае апалчэнне

Адказнасць за фармаванне атрадаў народнага апалчэння ўскладзеная на мясцовыя органы ўлады, а непасрэдна кіраваць атрадамі апалчэнцаў будуць тэрытарыяльныя органы МУС. Улады падкрэсліваюць, што ўступленне ў народнае апалчэнне будзе выключна добраахвотным. Міністр абароны Віктар Хрэнін заявіў, што колькасць апалчэння можа скласці 100–150 тысячаў чалавек, а магчыма, і больш. Пры гэтым далучэнне да народнага апалчэння не вызваляе ад мабілізацыі ў войска.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Министерство обороны Республики Беларусь / Facebook

Хрэнін патлумачыў, што падчас тэставання мабілізацыйнай сістэмы, якая ладзілася летась, была вызначаная катэгорыя грамадзянаў, што пад мабілізацыю не трапіць: іх якраз і разлічваюць далучыць да народнага апалчэння. «Гэта найперш людзі, якія ўжо навучаныя і ўмеюць валодаць зброяй. Але мы не выключаем, што добраахвотнікамі могуць стаць і тыя людзі, якія не прайшлі вайсковую падрыхтоўку, у тым ліку і жанчыны», – дадаў міністр.

Улады падкрэсліваюць, што народнае апалчэнне не варта блытаць з тэрытарыяльнай абаронай – гэта абсалютна розныя структуры. Як патлумачыў сакратар Савету бяспекі Аляксандр Вальфовіч, тэрытарыяльныя войскі будуць фармавацца праз ваенкаматы, забяспечвацца вайсковай формаю і размяшчацца ў тым месцы, якое вызначыць камандаванне. Тэрытарыяльная абарона мае больш шырокі спектр задачаў: можа прыцягвацца да аховы мяжы або канкрэтных аб’ектаў у межах сваёй вобласці.

Для народнага апалчэння ўсё гэта неактуальна. Фактычна апалчэнцы працягнуць жыць звычайным жыццём, хадзіць на працу і начаваць дома, проста цяпер у іх будзе зброя. Калі з’явіцца патрэба, кіраўнік прадпрыемства можа адпусціць іх са службы на канкрэтны перыяд часу для выканання тых ці іншых задачаў. Аднак у асноўным абараняць радзіму апалчэнцам давядзецца «ў вольны ад працы час». «Ім будзе выдадзеная стралковая зброя. Зброя будзе захоўвацца пры іх. Жыць яны будуць і харчавацца дома. Гэтая магчымасць узаконіць жаданне грамадзяніна абараніць свой дом, сваё месца там, дзе ты жывеш, забяспечыць парадак сваёй сямʼі, сваім дзецям на месцах», – падкрэсліў Вальфовіч.

Паводле якога прынцыпу будзе выдавацца зброя? Міністр унутраных справаў Іван Кубракоў сцвярджае, што «распрацаваны цэлы алгарытм, сістэма».

«Кожны чалавек будзе правераны. І зброя проста так выдавацца не будзе. Будзе весціся, па-першае, улік, каму ўручаецца гэтая зброя. І той чалавек, якому зброя будзе ўручацца, вядома, мы яго праверым. Прыцягваўся ён раней да крымінальнай адказнасці, не прыцягваўся. То бок, гэта будуць людзі, якія ўжо правераныя», – адзначыў міністр.

Хрэнін у сваю чаргу абяцаў, што склад народнага апалчэння, спісы патэнцыйных добраахвотнікаў будуць падрыхтаваныя цяпер, у мірны час.

Супраць каго ваюем?

Неабходнасць новай ініцыятывы тлумачыцца пагрозай вонкавай агрэсіі з боку NATO і Украіны. Прадстаўнікі ўладаў у кантэксце стварэння народнага апалчэння паўтараюць, што «войны выйграюць не войскі, войны выйграюць народы». Аднак мэты і задачы, якія ставяць перад народным апалчэннем, указваюць на тое, што гэтыя фармаванні разлічаныя на барацьбу зусім не з вонкавым агрэсарам.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Рэч у тым, што найчасцей апалчэнне ствараюць дзеля дапамогі рэгулярнай арміі. Напрыклад, у сучасным Кітаі таксама існуе народнае апалчэнне, аднак яно ўваходзіць у склад узброеных сілаў і падпарадкоўваецца Генеральнаму штабу. А ў Беларусі народнае апалчэнне ствараецца для дапамогі МУС і менавіта міліцыі будзе падпарадкоўвацца. Як вынікае з афіцыйных заяваў, ні да падрыхтоўкі, ні да кіравання такімі фармаваннямі армія дачынення мець не будзе.

Паводле Вальфовіча, прызначэнне народнага апалчэння – дапамога органам МУС, абарона грамадскага парадку, барацьба з бандытызмам, марадзёрствам і дыверсійна-разведвальнымі групамі. Хрэнін падкрэсліў, што ў першую чаргу народнае апалчэнне ствараецца «дзеля падтрымання правапарадку ў перыяд ваеннага становішча на тэрыторыях, якія ў найменшай ступені будуць ахопленыя органамі ўнутраных справаў і войскамі». «А гэта перш за ўсё нашыя сельскія населеныя пункты, асобныя раённыя гарады», – тлумачыў ён.

То бок, па сутнасці, гэта вяртанне да ідэі «народных дружынаў», пра якія Лукашэнка казаў увосень 2020-га ў кантэксце пратэстаў. Толькі цяпер гэтых добраахвотных памагатых міліцыі плануецца ўзброіць на законных падставах. Што да рыторыкі Лукашэнкі пра абарону сваіх дамоў і сем’яў са зброяй у руках, то яна ў 2020 і 2023 гадах паўтараецца проста даслоўна.

Навошта гэта трэба і да чаго можа прывесці?

Усё гэта дазваляе выказаць здагадку, што рэальная прычына распрацоўвання законапраекту аб народным апалчэнні палягае менавіта ў страху ўладаў перад паўстаннем унутры краіны.

Хрэнін не дарма звярнуў увагу на тое, што «апалчэнцы» мусяць дапамагаць сілавікам у першую чаргу ў райцэнтрах і сельскай мясцовасці, дзе ў міліцыі не хапае людзей. Досвед 9 жніўня 2020 года паказаў, што найбольш складаная для ўладаў сітуацыя склалася якраз у невялікіх гарадах: там проста не было каму разганяць масавыя пратэсты, бо ўсе рэсурсы кінулі ў Менск і абласныя цэнтры. Лукашэнка пазней скардзіўся, што ў адным з гарадоў на поўдні Беларусі нават прыйшлося далучаць да разгону пратэстоўцаў атрад памежнікаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

У 2020 годзе Лукашэнка мог сябе дазволіць кінуць на здушэнне пратэстаў усіх: міліцыю, унутраныя войскі, КДБ, армейскія падраздзяленні. Аднак цяпер сітуацыя для ўладаў можа аказацца нашмат больш складаная. Калі Беларусь усё ж уступіць у вайну, то гэта можа справакаваць масавыя пратэсты, а сілавыя рэсурсы рэжыму пры гэтым будуць абмежаваныя – армія і спецпадраздзяленні будуць занятыя на фронце. Раней Лукашэнка ўжо загадаў раздаць зброю супрацоўнікам МНС і нават Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету «на выпадак, калі раптам». Стварэнне народнага апалчэння выглядае лагічным працягам гэтых працэсаў.

Сумнявацца ў словах Кубракова і Хрэніна не выпадае: зброю сапраўды раздадуць паводле загадзя падрыхтаваных спісаў толькі правераным людзям. То бок тым, у лаяльнасці каго ўлады не сумняюцца. Знайсці ў Беларусі некалькі дзясяткаў тысяч такіх правераных людзей цалкам рэалістычна, улічваючы, што Лукашэнку, паводле сацыёлагаў, падтрымлівае больш за 20 % насельніцтва. Пры гэтым імавернасць таго, што ў гэтыя спісы выпадкова праточацца іншадумцы, – мінімальная: за апошнія два з паловаю гады сілавікі правялі вялізарную працу дзеля стварэння базаў палітычна недабранадзейных.

Праўда, рызыка для Лукашэнкі тут таксама прысутнічае. Узровень баявой падрыхтоўкі апалчэнцаў будзе вельмі нізкі, а зброю ім пры гэтым дазволяць захоўваць дома. Таму існуе верагоднасць, што такіх добраахвотнікаў проста пачнуць па адным раззбройваць партызаны – умоўныя ўдзельнікі плану «Перамога». У выніку агнястрэльная зброя можа з’явіцца і ў праціўнікаў уладаў.

Так ці інакш, у выпадку паўстання беларусаў лёс рэжыму Лукашэнкі будзе залежаць у першую чаргу ад сілавікоў, а не ад «апалчэння». Але масавая раздача зброі цывільнаму насельніцтву паспрыяе таму, што развязка гэтага канфлікту можа стаць крывавай.

Сацыёлагі канстатуюць, што пасля 2020 года ў Беларусі значна павялічылася сацыяльная дыстанцыя паміж прыхільнікамі пераменаў і электаратам Лукашэнкі. Даследаванне «Chatham House» на пачатку 2022 года паказала, што прыхільнікі ўладаў радыкалізуюцца і ўсё больш непрымірыма ставяцца да тых, хто прытрымліваецца іншых поглядаў. «Мы бачым, што раскол у грамадстве стаў значна большы ў параўнанні з тым, што было раней», – падкрэсліваў кіраўнік беларускай ініцыятывы «Chatham House» Рыгор Астапеня.

Значную ролю тут адыгрывае дзяржаўная прапаганда, якая ўжо два з паловаю гады мэтанакіравана распальвае нянавісць да іншадумцаў, дэгуманізуе і дэманізуе іх. У гэтых умовах узбройваць людзей – значыць, штучна ствараць умовы для грамадзянскай вайны.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў