«Немабілізацыя!» Куды забіраюць беларускіх мужчынаў?


«У нас няма ніякай мабілізацыі», – настойліва паўтараюць вайсковыя чыноўнікі адзін за адным у спробе апраўдаць той масавы хапун, што з панядзелка адбываецца на Гарадзеншчыне і Берасцейшчыне. У краіне абвешчанае раптоўнае правяранне боегатовасці, першыя запаснікі ўжо сфармаваныя ў брыгады і на бранятэхніцы адпраўленыя на палігоны.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«А сёмай раніцы выйшла аўтамабільная тэхніка, а дзявятай гадзіне выходзіць бранятанкавая тэхніка, як за стырном, так і за штурваламі сядзяць вайсковаабавязаныя, якія прыбылі з запасу», – сведчыць камандзір механізаванай брыгады Сяргей Шылін.

Масавы хапун мужчынаў прызыўнога ўзросту на Берасцейшчыне і Гарадзеншчыне. Адных забіраюць з ложка, іншых – проста з працы, некаторых хапаюць на вуліцы. Прапагандысты называюць гэта здзекліва «правяраннем боегатовасці».

«Мерапрыемства носіць планавы характар, прызначаныя яны ў мэтах баявой гатовасці падраздзялення і, скажам так, ніяк не носяць характару мабілізацыі», – тлумачыць вайсковы камісар Берасця і Берасцейскага раёну Валерый Касянюк.

На зборы вайсковаабавязаным даюць некалькі гадзінаў, калі пашанцуе – содні. У вайсковым камісарыяце пры сабе неабходна мець добрую вопратку і абутак, сродкі гігіены, ежу, пашпарт і вайсковы білет. Пра тое, што адбываецца, нам пішуць нашыя гледачы:

«З абласной больніцы забралі доктара-хірурга, які днямі апераваў».

«Сваяку ў Слоніме прынеслі позву на працу, ён пайшоў у ваенкамат і адтуль не выйшаў. Праз пару дзён аб’явіўся і сказаў, што яшчэ там».

«Увечары прыйшла позва, што заўтра трэба прыйсці на зборы».

«Заехаў на запраўку, а там касірка плача, бо мужа ўчора забралі людзі з ваенкамату, ён ужо содні не тэлефануе і невядома, што з ім».

Забіраюць людзей розных прафесіяў, але найбольшае хваляванне выклікаў прызыў медыкаў: пакуль прапагандысты распаўсюджваюць ура-каментары прызыўнікоў-лекараў, у шпіталях і больніцах адразу адчулася іх нястача.

«Медыцына – неадлучная частка ўсяго жывога, мы мусім падтрымліваць і дух, і здароўе вайскоўцаў».

«Я разумею важнасць сваёй прафесіі, важнасць арміі, і трэба праводзіць такія зборы, каб ведаць гатовасць і медыкаў, і тых, хто быў на тэрміновай службе», – кажуць прызыўнікі-лекары на відэа «ВаенТВ».

Што ў нас усё спакойна, намагаюцца запэўніць і ў Баранавіцкім вайсковым камісарыяце, куды мы пазванілі ад імя кабеты, мужа якой раптоўна забралі на зборы:

– Вот у панядзелак набралі і сказалі тэрмінова паставіць 300 асобаў, ну і ўсё, і ўказалі тэрмін.

– У сувязі з апошнімі падзеямі?

– Не, не звяртайце ўвагі, ніякіх падзеяў у нас няма…

Затое адпачнеш, ніхто галавы дурыць не будзе, рэлакс, цішыня і свабода дзеянняў.

– Баюся, што адправяць на вайну.

– Не, у нас вайны няма. Адкуль у нас вайна? У нас в краіне ўсё спакойна.

Перад вайсковымі камісарыятамі стаіць задача – як мага хутчэй сабраць людзей, кажа адзін з аўтараў праграмы «Нацыянальная бяспека на “Белсаце”», Сяргей Бульба:

«У Баранавічах прызначаны пункт збору а трэцяй гадзіне ўначы, у суботу ў гэтую. І які сэнс а трэцяй ночы? Гэта толькі дзеля таго, каб запалохаць. Яны мяркуюць, што дысцыплінуе, што элемент нечаканасці ці чаго, я не ведаю. Гэта сапраўды стаўленне, як кепскі пан ставіцца да сваіх прыгонных сялянаў, усё».

Правяранне баявой гатовасці вайсковаабавязаных пачалося ў панядзелак трэцяга красавіка на даручэнне Аляксандра Лукашэнкі. Агульнае кіраванне правяраннем ускладзенае на Дзяржаўны сакратарыят Савету бяспекі.

«Праводзіцца раптоўнае правяранне аднаго са злучэнняў узброеных сілаў, гэтае правяранне будзе ўключаць поўны комплекс захадаў, звязаных з пераводам з мірнага на ваенны час. Хацелася б адразу папярэдзіць розныя фэйкі, што будуць звязаныя з правядзеннем мабілізацыі ў краіне. Гэтае правяранне носіць выключна планавы характар», – заявіў дзяржаўны сакратар Савету бяспекі Аляксандр Вальфовіч.

Паказуха, а не стварэнне рэальнай вайсковай сілы, – галоўная задача гэткага раптоўнага правярання, зазначае аналітык «Belarus Security Blog» і журналіст «Белсату» Зміцер Міцкевіч:

«Там не стаіць задачы нешта зрабіць якасна ці правесці якаснае баявое рыхтаванне людзей, а стаіць задача: вось, глядзіце, мы можам кагосьці павярнуць або сабраць і ўзброіць. І прытым ім няважна, якая будзе якасць, як гэта будзе выглядаць і які будзе вынік».

У межах гэтак званага раптоўнага правярання запланаваны выхад злучэння з вайсковага гарадка на палігоны. Гэткая «не мабілізацыя» працягнецца з месяц і закране вайсковыя палігоны на тэрыторыі ўсёй краіны, у тым ліку і побач з дзяржаўнаю мяжою.

Аліна Скрабунова, «Белсат»