Святло Калядаў на савецкіх плошчах. Як ззяюць святочныя ялінкі беларускіх гарадоў


Цемра над Беларуссю згушчаецца, але святло – вось-вось – яе перакрые. Віфлеемская зорка, як памятаем, запальваецца ў самую беспрасветную ноч. У тым ліку на верхавінах калядных ялінак. Шукаем крыніцы святла ў Беларусі і пераносімся на цэнтральныя плошчы беларускіх гарадоў, каб пабачыць сімвалы надзеі і нараджэння новага – калядныя яліны. Такія блізкія і такія далёкія.

Зорка на каляднай ялінцы ў Менску.
Фота: realt.onliner.by

Дарэчы, гэта праўда: на нашых ялінах больш няма пяціканцовых зорак – толькі віфлеемскія. Хоць амаль усе елкі стаяць на плошчах з «пяціканцовымі» назвамі, а шмат якія – пад апекаю Леніна, гэткага скамянелага дзеда-мароза ўсяго сусветнага пралетарыяту.

У Віцебску галоўная, як яе называюць, ялінка вобласці стаіць на самай пустой і вялікай плошчы ў Беларусі – на плошчы Перамогі. Трыццаць 33,5 метра вышыні, 2 кіламетры гірляндаў, 8000 лямпачак. У адрозненне ад леташняй, упрыгожаная не сняжынкамі, а шарамі. Іх 1200, хоць розныя рэгіянальныя выданні выдаюць розныя лічбы.

Ялінка на плошчы Перамогі ў Віцебску.
Фота: vitvesti.by

Пры ўсёй сваёй прыгажосці і хмарачоснаці на фоне вечнага надпісу пра «несмяротнасць савецкага народу» выглядае троху пахмурнай. Асноўны каларыт: сіняе і зялёнае. Жаданне паўтарыць «подзвіг Каваленкі» і ўзняць на верхавіне бел-чырвона-белы сцяг нікуды не знікае. Дзе ты, Міроне?..

У Гомлі святочная яліна размясцілася на плошчы Леніна. Адзетая ў «піксельную сукенку», на паўтара метра ніжэйшая за віцебскую (32 метра).

Калядная ялінка на плошчы Леніна ў Гомлі.
Фота: gp.by

Гомельскія газеты пішуць, што яліна мае «ідэальна роўныя геаметрычныя формы». Як і мае быць у Беларусі. Колеры: сіні, зялёны, чырвоны.

Магілёў хваліцца самай высокай ялінай у Беларусі – 38 метраў. Ясна, стаіць на плошчы Леніна. Той самай, якая гэтак нагадвае менскую плошчу Незалежнасці.

Цэнтральная ялінка ў Магілёве.
Фота: belta.by

Сукенка пераліваецца рознымі колерамі. Але, здаецца, дамінуе сіні і чырвоны. Новая мода ў Беларусі?.. Лавіце чырвоненькую.

У Горадні галоўную – 33-метровую – навагоднюю яліну ўсталявалі на Савецкай плошчы, дзе яна пераглядваецца і пераміргваецца з Фарным касцёлам.

Навагодняя ялінка ў Горадні.
Фота: grodnonews.by

Але Горадня не мераецца з астатнімі абласнымі цэнтрамі вышынёй ды яркасцю. Працуе на крэатыўнасць. Горад паставіў шыкоўную яліну і на плошчы Леніна. Проста дызайнерскую. Падаецца, яе святло дабівае да Варшавы. Не?..

Мала таго, каля абласной філармоніі ў Горадні стаіць ялінка, усярэдзіну якой можна зайсці ды пагрэцца. Карацей, абсалютны рэспект гораду.

Ялінка каля Гарадзенскай абласной філармоніі.
Фота: newgrodno.by

А гэта берасцейская яліна каля адміністрацыі Маскоўскага раёну. Не, не цэнтральная. Не дастаяла да Калядаў пару дзён – упала.

Елка, якая павалілася ад моцнага ветру ў Берасці.
Фота: БрестСИТИ – новости / Telegram

Цэнтральная берасцейская ялінка ззяе на плошчы Леніна. Аперазаная шырокаю чырвонаю стужкай. Усё па-нашаму. Вакол яліны можна ганяць на каньках.

Беласцейская цэнтральная ялінка.
Фота: virtualbrest.ru

Перанясёмся ў беларуску сталіцу. Менскую ялінку запалілі на 5 дзён раней, як у абласных цэнтрах. Летась так не спяшаліся. Хацелі як найхутчэй наблізіць святочны настрой. Выглядае гэта так.

Ялінка на Кастрычніцкай плошчы ў Менску.
Фота: realt.onliner.by

Незвычайная ялінка з’явілася і каля Палацу спорту. Светлая. Хочацца пад ёю схавацца. У гэтай арцы святла.

Ялінка каля Палацу спорту ў Менску.
Фота: realt.onliner.by

І яшчэ адна. На плошчы Незалежнасці. Насупраць Чырвонага касцёлу, дзе на Божае Нараджэнне нельга будзе запаліць свечку.

Калядная ялінка на плошчы Незалежнасці ў Менску насупраць касцёлу Святых Сымона і Алены.
Фота: realt.onliner.by

І ў канцы: святло перамагае. Рана ці позна. І цеплыня таксама. Глядзіце, якую ялінку стварыў каля Магілёва ў вёсцы Салтанаўка мянчук Іван Карпіцкі.

Гэта пра што? Пра прыгажосць. Пра тое, што ўсё растае і знікае. Акрамя святла. Нават такога халоднага, зімовага, лядовага. У гэтым – надзея…

Інтэрв’ю
«Мы неўзабаве вернемся дадому». Vinsent распавёў, чаму кожны беларус мусіць мець у кішэні дэтальку «LEGO»
2023.12.16 17:08

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў