news
Інтэрв'ю
Палітвязень Анатоль Хіневіч апавёў, як сядзеў у віцебскай калоніі, і патлумачыў, калі «перамогуць сумленныя людзі»
«Пісаў вершы на туалетнай паперы».
03.09.202309:00

Паэт і выканаўца сваіх вершаў з Барысава Анатоль Хіневіч 840 дзён правёў у няволі, асуджаны на 2,5 года калоніі за тое, што нібыта збіваў міліцыянтаў, лежачы на зямлі. Прайшоў праз Акрэсціна, Жодзінскі СІЗА, Валадарку і Віцебскую калонію № 3. З лютага 2023 года – на свабодзе. У інтэрв’ю «Белсату» Анатоль расказаў, як святкаваў на зоне народзіны і сустракаўся з Максімам Знакам, патлумачыў, калі «перамогуць сумленныя людзі».

Палітычны вязень, паэт і праграміст Анатоль Хіневіч у Вільні. Жнівень 2023 года.
Фота: Белсат

«Белсат»: – Анатоль, спачатку віншуем з нядаўнім днём народзінаў! 30 гадоў, так? Як адсвяткаваў?

Анатоль Хіневіч: – Так, 30 споўнілася 19 жніўня. Адзначыў у Вільні разам з уцекачамі ў арганізацыі «Дапамога», дзе я пражыў амаль два першыя месяцы. Увечары перабраліся ў дом, які здымаем утраіх, і тут ужо працягнулі. Дзякую за віншаванні.

«Там кожны дзень можна віншаваць ужо з тым, што ён увогуле наступіў»

– Папярэднія два дні народзінаў адзначаў у няволі. Як гэта было?

– Два дні народзінаў і тры Новыя гады. Хоць цяжка сказаць, што я там увогуле іх адзначаў. Бо на Валадарцы, на першы Новы год, нас пасля адбою адразу паклалі спаць. Наступныя былі ў калоніі, але я на кожны Новы год трапляў у медсанчастку. А дні народзінаў… Ну, гэта як салодкі стол у дзіцячым садку: гарбата, пячэнькі, цукеркі – і ўсё свята.

– Пэўна, сумнае свята?

– Так, але ў параўнанні са звычайнымі днямі – хоць нейкая спроба адарвацца ад таго, што вакол. Нейкая разнастайнасць. Я магу так сказаць: там кожны дзень цябе могуць віншаваць ужо з тым, што ён наступіў.

– А ў медсанчастку чаму трапляў?

– У першы Новы год у калоніі, мабыць, нейкая форма ковіду ў мяне была. Хоць тэсту не рабілі. Але зрабілі здымак, паглядзелі, што ў лёгкіх усё добра, і я там два тыдні недзе праляжаў. А на наступныя Каляды трапіў туды, бо ў мяне здарылася запаленне вуха – атыт.

ШІЗА, «каб смуту ў атрадзе не сеяў»

– Палітвязняў звычайна вызваляюць з калоніяў, прапускаючы праз ШІЗА. Але праваабаронца Леанід Судаленка, які таксама сядзеў у Віцьбе і выйшаў на свабоду са штрафнога ізалятару, кажа, што не ўсіх. Як было ў цябе?

– Праз ШІЗА. Пасадзілі мяне, здаецца, 1 лютага. А 15 лютага я вызваліўся з ШІЗА – і адразу на свабоду. Але сапраўды, не ўсіх так вызваляюць. Па маіх назіраннях, апошнім часам больш людзей сталі выпускаць менавіта праз штрафны ізалятар.

Исправительная колония № 3, Витьба, Беларусь
Папраўчая калонія № 3. Віцьба, Беларусь. Ліпень 2022 года.
Фота: Акім Крумкач / Белсат

За што далі мне? Пасля Новага года, у студзені, здаецца, шмат нейкіх незразумелых праверак было, і проста ўсім людзям з жоўтымі біркамі пачалі выпісваць парушэнні, няважна за што. І я пад гэта трапіў. І таму, што сядзець мне заставалася няшмат, я, можна сказаць, узбунтаваўся – пачаў пісаць скаргі. Дык, думаю, мяне проста пасадзілі, каб смуту ў атрадзе не сеяў.

– Два тыдні ў штрафным ізалятары, і тое зімой. Як вытрываў?

– Ну, якое-ніякое ацяпленне ў лютым якраз было. Горш было ў верасні 2021 года, калі туды трапіў: ацяплення яшчэ не ўключылі. Было вельмі халодна, і я тады добра адмарозіўся, займеў праз тое праблемы з ныркамі. Потым пачаліся праблемы з суставамі, як наступствы. Увогуле тры разы ў ШІЗА сядзеў на зоне і адзін раз у карцары ў Жодзінскім СІЗА.

«Калі цябе яшчэ не схапілі і не затрымалі, то гэта пытанне часу»

– У адным з інтэрвʼю ты казаў, што, выйшаўшы на свабоду, зразумеў: краіну захапілі сілавікі. Якая насамрэч у Беларусі атмасфера?

– Спачатку выкажу сваё меркаванне. Мне няясна чаму так, але гэтыя сілавікі спакойна там жывуць і дыхаюць. Нават інфармацыйная вайна ўжо супраць іх, як здаецца, не вядзецца, выкрывальныя артыкулы пра іх не публікуюцца. Яны ніякага прэсінгу не адчуваюць. І мне здаецца, яны ўжо сталі на гэтыя рэйкі, жывуць звычайным сваім жыццём і ні на што не звяртаюць увагі. Быццам усё ў іх добра, як заўсёды.

А што тычыцца пратэставых людзей, то ўсе яны жывуць у чаканні, што ў любы дзень ці момант да іх могуць прыйсці. Бо вядома, што для гэтага цяпер ніякіх падставаў ужо не патрабуецца. Нават калі ў сацсетках усё вычышчана і каментары выдаленыя. Калі цябе яшчэ не схапілі і не затрымалі, то гэта проста пытанне часу. Проста рэсурсу бракуе, каб усіх адразу пасадзіць, то бок месцаў у СІЗА і калоніях. Таму саджаюць па чарзе, якую яны сфармавалі.

А звонку, калі хтосьці спрабуе ўсё гэта аналізаваць і знайсці нейкую заканамернасць, гэта пустая справа. Бо заканамернасці няма ніякай.

Вядзецца барацьба на ўсіх кірунках і рознымі метадамі. Спрабуюць пасварыць нас паміж сабой. Я тут у Літве часам адзначаю, што сваркі пачынаюцца на роўным месцы: «Я сядзеў! А ты дзе сядзеў?» Нехта спрабуе самасцвярджацца за гэты кошт, мерыцца пакутамі. Я думаю, гэта вельмі шкодна, бо мы пачынаем забывацца, хто сапраўдны вораг. Ты не можаш дабрацца да нейкага лукашыста і адпомсціць, таму спрабуеш перанесці гэтую лютасць на тых, хто побач, да каго можаш дацягнуцца. Гэта няправільна.

– А што звычайныя людзі ў Беларусі, тыя, што не пратэставалі?

– Хтосьці жыве, як і заўсёды, нічога не заўважае. Не так даўно мой адзін сябар, калі яму распавёў, што кагосьці затрымалі, вельмі здзівіўся: «Тры гады мінула, а я і не ведаю, што дасюль затрымліваюць, думаў, скончылася ўжо ўсё». Ёсць і такія людзі. Жывуць сваім жыццём і не заўважаюць, што навокал.

Анатоль Хіневіч каля інсталяцыі з Пуціным у клетцы. Вільня, жнівень 2023 года. Фота перадаў герой публікацыі

Бо ад усіх каналаў, чаго так хацелі супрацоўнікі МУС, людзі адпісаліся, яны па-за павесткай, у нейкім інфармацыйным вакууме. Не ведаюць, што кожны дзень затрымліваюць дзясяткі людзей. І ніякай падставы не трэба, каб кагосьці схапіць. Могуць падысці да рандомнага чалавека на вуліцы і выставіць яму тэрарызм. І ніякі адвакат цябе ўжо не абароніць, бо гэтыя інстытуты ў краіне ўжо не працуюць.

– Некаторыя тлумачаць гэта нейкаю дʼябальскай інерцыяй. Яны не могуць спыніцца…

– Не, яны працягваюць, бо думаюць, што калі спыняцца, то зноў у кагосьці зʼявіцца жаданне супраціўляцца.

«Гэты бабін бунт і ўратаваў Беларусь»

– Як гэта можна спыніць, па-твойму?

– Я не ведаю, як можна спыніць рэпрэсіі мірным шляхам. Да выбараў, да ліпеня 2020 года, можа, і магчыма было нешта вырашаць мірна. Пасля 9 жніўня, здаецца, усім было ўсё зразумела. Мірныя акцыя пратэсту ў жніўні – гэта плюс не таму, што гэта быў шлях да перамогі, а таму, што праз гэта ўдалося трапіць у міжнародную павестку. Калі выйшлі жанчыны і гэтак далей. Я нават у калоніі чуў такое меркаванне, што падзеі 2020 года былі бабіным бунтам.

Можа, некарэктна гучыць, але менавіта бабін бунт, можна сказаць, і ўратаваў Беларусь. Дзякуючы яму да нас цяпер такое стаўленне ды хтосьці з дэмакратычных дзяржаваў хоча нам дапамагаць і дапамагае. Можа, і недастаткова, але дапамагае. Не было б таго бунту, усё, што адбылося ў 2020-м, выглядала б у вачах еўрапейцаў звычайным чарговым паўстаннем, якія адбываюцца кожны год у розных краінах сусвету, якое ўлады задушылі. І каб у нас сапраўды тады не здарыліся масавыя закалоты, можа, такога падтрымання мы б і не адчулі.

– Вернемся ў турму. У якім ты атрадзе сядзеў?

– У шостым. Так, другі паверх. Вокны выходзілі на віцебскую псіхлякарню за плотам. Летам там, праўда, агляд дрэвы закрываюць, а зімою нешта бачна. Але ў мяне ўпаў зрок, і маіх акуляраў не хапала ўжо. Пагоршыўся пасля пяці месяцаў у СІЗА. Праз адсутнасць нармальнага асвятлення і сонечнага святла. У калоніі працягваў пагаршацца, не ведаю чаму. Цяпер маю мінус 3,5.

– Хто ўваходзіў у блізкае кола тваіх сяброў у атрадзе? З кім піў гарбату?

– Збольшага палітвязні. Не буду іх называць. Гэта ні на што не паўплывае. Лепей назаву прозвішчы майго следчага і суддзі. Каб на ўвесь сусвет яны былі праслаўленыя. Гэта следчая Кацярына Азарко і суддзя Савецкага раёну Менску Алена Жуковіч. Адна сфабрыкавала маю справу, другая яе працягнула ды засудзіла.

Следчая Кацярына Азарко, якая вяла справу Анатоля Хіневіча. Здымак відэа: Следственный комитет Беларуси / Telegram

– Што скажаш ім цяпер?

– Што працу сваю яны рабіць не ўмеюць, кіруюцца загадамі а не літараю закону. Павінна быць роўна наадварот.

– Як мяркуеш, у якім звяне ў гэтым ланцугу рэпрэсіяў можа адбыцца разрыў ці нейкі хаця б збой?

– Такі збой мог адбыцца, калі яшчэ няшмат людзей там забрудзілася. А цяпер яны ўжо такія справы на сябе нагарадзілі, што са сваёй волі не пойдуць. То бок існаванне рэжыму – адзіны для іх шлях абараніць сваё жыццё. Таму збой, як вы кажаце, тут малаімаверны. Цяпер усе яны ходзяць пад крымінальнымі справамі самі – за генацыд беларускага народу і некампетэнтнае выкананне абавязкаў службовай асобай.

«Пісаў вершы на туалетнай паперы»

– Нягледзячы на ўсё, ты пісаў за кратамі вершы. Маеш на думцы выдаць збор турэмнай паэзіі?

– Думкі такія былі, але цяпер яшчэ не магу сфармуляваць гэтай ідэі, каб гэта было чымсьці большым за проста зборнік вершаў. Хочацца знайсці адметную форму. Бо гэтыя вершы больш пра агульначалавечыя якасці. Уласна пра турму я і не пісаў. Ну, некалькі жартоўных было, вядома, але іх лепш пакінуць для інтэрнэт-прасторы.

– А колькі прыкладна вершаў напісаў там?

– Не лічыў, але больш за сотню. Самае складанае было перадаваць іх на волю. Але рознымі шляхамі і намаганнямі ўдавалася. Усё ўратаваў, можна сказаць. Выносіў іх не я. Я вынес толькі апошнія тры ці чатыры, якія напісаў у ШІЗА перад вызваленнем.

– Пісаў і ў ШІЗА? Асадку ж там, напэўна, не выдаюць?

– Ну, я быў дасведчаны ўжо ў гэтым сэнсе. Калі другі раз туды трапіў, пранёс ужо сродак для запісвання. А пісаў на туалетнай паперы. Пачалося гэта, калі яшчэ на соднях сядзеў, калі пасля Акрэсціна даседжваў 12 содняў у Жодзіне. І там ужо пісаў. Спачатку былі нейкія аркушыкі, а калі скончыліся – перайшоў на туалетную паперу.

Гісторыі
«Заходзіш ноччу ў камеру, дзе сядзіць забойца». Былая палітзняволеная пра тое, як цяжка адчуць свабоду па вызваленні
2023.08.16 07:03

– Як ставіліся ў атрадзе ў Віцьбе да таго, што ты пішаш вершы?

– Каб нехта кепска ставіўся, я б не сказаў. У адным беларускім былі надрукаваныя мае вершы. Я паказаў іх некаторым людзям, а яны ўжо гэта разнеслі, і ўся калонія ведала. Хаваць не было сэнсу.

– У віцебскую калонію даходзілі літаратурныя часопісы?

– Проста так даслаць было нельга, але магчыма было выпісваць часопісы са спісу дазволеных. Той часопіс якраз выпісваў Максім Знак. Ён першы пабачыў мае вершы і паказаў мне. Мае бацькі таксама збіраліся зрабіць мне сюрпрыз. Але не ведаю, якім чынам, бо калі яны мне яго даслалі звонку, то часопіс, ясна, не прапусцілі.

А перад Новым, 2023 годам каталог увогуле забралі і далі нейкую паперку, дзе былі індэксы і назвы выданняў, на якія можна было падпісвацца. То бок яны зрабілі не чорны спіс, а белы спіс. Усё такое, максімальна нейтральнае. Пакінулі, напрыклад, «National Geographic». Праўда, мяне гэта ўжо не датычыла – я рыхтаваўся да вызвалення і ні на што не падпісваўся.

Максім Знак і музыка

– З Максімам Знакам удавалася спакойна паразмаўляць?

– Пабачыць я яго мог толькі недзе раз на тыдзень, калі дасылалі людзей з жоўтымі біркамі з паралельнага атраду на дадатковыя працы на прамзону. Там маглі бачыцца, цягам двух гадзінаў. І можна было пагутарыць. Знак – вельмі адукаваны і эрудаваны чалавек. Аж зайздрасць брала, як яму лёгка даюцца мовы. Добра валодаў англійскаю, займаўся нямецкаю, чытаў у першакрыніцах. Усё, што расказваў, было цікава. І самае галоўнае, што не ўдаваў з сябе нейкага лідара ў стасунках – паводзіў сябе вельмі проста, па-чалавечы.

– Якую ролю ў тым «залюстэркавым свеце», куды не трэба пушчаць Алісы, як ты пішаш у адным з вершаў, адыгрывала музыка? Ці была магчымасць у калоніі ўзяць у рукі гітару?

– Там была гітара, але я б да яе не прабіўся. Гралі на ёй у тэатральным гуртку, тыя, хто ладзіў імпрэзы. Але чалавеку з жоўтаю біркай уваход туды, у дзейны такі актыў, быў закрыты. Ты не трапіш ні ў музычны, ні ў тэатральны гурток. Першыя некалькі месяцаў была нейкая надзея. А потым мне канкрэтна патлумачылі, што, безумоўна, не.

Турэмная бірка жоўтага колеру Анатоля Хіневіча. Фота перадаў герой публікацыі

А на прамзоне гучала радыё. Нейкая папса, якая ўсім абрыдла. Адны і тыя ж песні па 10 разоў на дзень. Не, Барыса Грабеншчыкова на радыё не ставілі. Але я здзівіўся, калі там аднойчы грала песня «J:Mors»…

– А пісаў у галаве свае песні?

– Не, я не ведаю, як гэта. Насамрэч не валодаю музычнаю граматай. Усе вершы трансфармуюцца ў песні проста неяк так – імправізацыйна. На гітары вазьму, пазаціскаю, пабрынькаю. Калі пасуе – будзе песня. Не – наступным разам паспрабую.

– Паспрабуеш на свабодзе свае вершы пакласці на музыку?

– Каб усе? Гэта немагчыма. Ёсць некаторыя вершы, якія я не ведаю нават, як услых чытаць…

«Да майго 30-годдзя не перамаглі. Можа, да 35-годдзя атрымаецца…»

– Добра, але будзем чакаць. Як сябе адчуваеш сёння, пасля 840 дзён у няволі?

– Пасля вызвалення схадзіў да акуліста і выпісаў новыя акуляры, больш моцныя. Праходжу таксама абследаванне наконт суставаў, здаю аналізы. З гэтым і аплатаю клінікі дапамагае адна ініцыятыва. Пакуль увогуле нічым не займаюся. Два месяцы занялі клопаты, каб атрымаць нацыянальную візу і застацца ў Літве. Але з 24 жніўня – ужо з візаю. Цяпер думаю, ці паспею падацца на ВНЖ, ці, можа, падавацца на ўцекача. Як атрымаецца, пакуль не ведаю.

– Не адчуваеш расчаравання ад той свабоды, куды ты трапіў пасля Беларусі?

– Я адчуў расчараванне ў пачатку жніўня 2020 года, калі бачыў гэтыя дазволеныя мітынгі на падтрыманне кандыдатуры Святланы Ціханоўскай. Паводзіны некаторых людзей мяне расчаравалі. Здавалася, што яны проста імкнуцца аднаго лідара змяніць на іншага. Замест таго, каб увогуле адмовіцца ад кандыдатуры лідараў і жыць у сістэме, дзе кожны адказны за сябе і кожны мае ўплыў на сваё жыццё самастойна. Іерархічныя структуры мне з пэўнага часу не падабаюцца.

Анатоль Хіневіч падчас пратэстаў 2020 года. Фота перадаў герой публікацыі

– Хіба можа нешта атрымацца без лідара?

– Я думаць магу што заўгодна. Я ж ідэаліст. І 2020 год – гэта наагул не палітычная справа, а супраціў ідэалістаў з канфармістамі. Палітыкі там калі і бралі ўдзел, то грамада за імі не ішла. У супраціве бралі ўдзел вельмі шмат апалітычных асобаў. Я і сябе не надта лічу палітычным. Не лічуся ні ў якай партыі. Палітвязні – гэта як брэнд для міжнароднай супольнасці. Насамрэч гэта проста рэпрэсаваныя людзі, якіх улады ўзялі ў палон ці схапілі ў якасці закладнікаў, каб паўплываць на іншых, не надта смелых, каб выходзіць на супраціў.

– Цытую твой верш: «Мо праз дзень, месяц ці дзевяць перамогуць сумленныя людзі, ці праз год толькі іх дзеці перамогуць, а колькі ім будзе?» Колькі ім будзе?

– Спадзяюся, яны ў «клуб 27» не ўступяць. Будзе ім больш. Я думаю, што краінаю павінны кіраваць людзі сталыя і з разуменнем жыцця. Моладзь павінна займацца грамадскаю дзейнасцю і прасоўваць сучасныя з’явы, уплываць на грамадства. Калі сказаць на турэмным жаргоне – «бадрыць».

– Дык калі перамогуць?

– Ну, нехта думае, што мы ўжо перамаглі. Але што ёсць перамогаю – пытанне. Вайна ва Украіне ідзе, але як нацыя ўкраінцы перамаглі. Беларусы на шляху таго, каб зрабіцца нацыяй і перамагчы, але пакуль толькі на шляху. Да майго 30-годдзя не перамаглі. Можа, да 35-годдзя нешта атрымаецца…

– У 35 перазваню табе і павіншую з перамогаю.

– Я не супраць, калі праз год патэлефануеш. Але будзем абʼектыўна глядзець на гэтыя рэчы.

Акрэсціна, СІЗА ў Жодзіне, Валадарка, Віцьба

Анатоль Хіневіч нарадзіўся ў Барысаве ў 1993 годзе. Скончыў інстытут Сахарава БДУ. Да 2018-га працаваў праграмістам у Цэнтры інфармацыйных тэхналогіяў Менскага гарвыканкаму. У 2020 годзе быў назіральнікам на выбарах у Барысаве. Яго брутальна затрымалі 20 верасня пасля вяртання з маршу (15 содняў), другі раз – паводле той самай справы, але ўжо крымінальнай – 28 кастрычніка. Быў асуджаны паводле арт. 363 КК («Супраціўленне супрацоўніку органаў унутраных справаў») на 2,5 года калоніі агульнага рэжыму.

  • На Акрэсціна сустрэўся з Эдуардам Пальчысам, які саступіў яму сваю шконку.
  • У СІЗА № 1 на Валадарскага сядзеў з Андрэем Войнічам, Арсенем Турукіным, Яўгенам Чарвінскім, Паўлам Манкіненкам.
  • У Жодзінскай турме перасякаўся з Мікітам Харловічам, Русланам Акосткам, Дзянісам Болтуцем.

Тэрмін зняволення адбываў у Папраўчай калоніі № 3 каля Віцебску (Віцьба). Насіў жоўтую бірку «схільнага да экстрэмізму» (прафулік). Тры разы адбываў пакаранні ў ШІЗА. Працаваў на разборы металу («штрафбат»), потым – у швейным цэху. Выйшаў на свабоду 15 лютага 2023 года, цалкам адбыўшы тэрмін.

зона.бел
«Найлепшая калонія Беларусі»? Як жывуць зняволеныя ў ПК-3 «Віцьба» – і ці можна з яе ўцячы
2022.07.31 08:30

Зміцер Міраш belsat.eu