«Шукаць шляхі да перамоваў». Вольга Гарбунова і Таццяна Хоміч пра тое, як вызваляць палітвязняў


Як вызваліць палітвязняў і ці маюць дэмакратычныя сілы Беларусі выпрацаваную стратэгію ў справе вызвалення? Пра гэта ішла гаворка падчас закрытай дыскусіі, зладжанай супольнасцю *Сумленныя людзі. Удзел у ёй бралі прадстаўніца ў сацыяльных пытаннях Аб’яднанага пераходнага кабінету Вольга Гарбунова і сябра ініцыятыўнай групы Аб’яднання сваякоў і колішніх палітвязняў, сястра палітзняволенай Марыі Калеснікавай Таццяна Хоміч. Выказванні і меркаванні ўдзельнікаў размовы публікуем з дазволу спікерак і арганізатараў сустрэчы.

Стратэгіі няма, але ёсць міфы

«Я лічу, што на сёння ніякай мэтанакіраванай стратэгіі вызвалення палітвязняў няма. Пра «вызваленне палітвязняў» гучала толькі ў кантэксце агульнай стратэгіі перамогі, сфармуляванай яшчэ два з паловай гады таму, як яе прамежкавы этап», – заявіла на пачатку дыскусіі сястра Марыі Калеснікавай, сябра Абʼяднання сваякоў і былых палітвязняў, а цяпер і прадстаўніца абноўленай Каардынацыйнай рады Таццяна Хоміч.

Прадстаўніца Абʼяднанага кабінету ў сацыяльных пытаннях і былая палітзняволеная Вольга Гарбунова таксама прызналася, што за паўтара месяца на пасадзе не бачыла дакументу, які б называўся «Стратэгія па палітвязням», але зазначыла, што адсутнасць такой паперы не азначае адсутнасці дзеянняў. Яна запэўніла, што офісам Святланы Ціханоўскай і Кабінетам рабілася і робіцца шмат дзеянняў, «часцяком – кулуарных, без публічнага абмеркавання». На жаль, значных вынікаў з гэтага пакуль няма: маем на сёння толькі адзінкавыя выпадкі вызвалення.

Вольга Гарбунова казала таксама пра міфы, якія сфармаваліся вакол пытання вызвалення палітвязняў. Адзін з іх быў народжаны наратывам «вызваляем усіх», які з часам пачаў чамусьці ўспрымацца і гучаць як «або ўсіх – або нікога».

Святлана Ціханоўская і прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінету па сацыяльных пытаннях Вольга Гарбунова.
Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

«Я падтрымліваю ідэю, каб на свабоду пачаў выходзіць хоць хтосьці і каб гэтыя перамовы ўрэшце пачаліся. Таму што нават войны заўжды заканчваюцца перамовамі», – зазначыла прадстаўніца Кабінету.

Такую ж пазіцыю выказала і Таццяна Хоміч. На яе думку, пасыл пра вызваленне «усіх або нікога» «вядзе ў тупік».

«Нам трэба пачынаць хаця б з чаго-небудзь. Па вялікім рахунку – спрабаваць. Шукаць інструменты і шляхі. Калі зараз можна наблізіць вызваленне кагосьці – гэта наблізіць вызваленне іншых», – разважала Таццяна Хоміч.

«Пісаць на памілаванне – цяжкі маральны выбар»

Яшчэ адзін міф, які паспрабавала развянчаць Вольга Гарбунова, тычыцца таго, што «палітвязні не хочуць перамоваў».

«Мне падаецца, гэта не мусіць быць задачай палітвязняў – патрабаваць свайго вызвалення. Таму што пісаць на памілаванне – вельмі цяжкі маральны выбар. І яго мусяць рабіць не палітвязні, для якіх асабістая годнасць застаецца там апошняй зброяй супраціву», – мяркуе Гарбунова.

Былая палітзняволеная згадала, што тэма памілавання часта абмяркоўвалася ў камеры, і «гэтыя размовы былі вельмі цяжкія».

«Ты хочаш пабачыць дачку, атрымаць нармальную медычную дапамогу, хочаш сысці адтуль… Але пры гэтым табе сорамна прызнацца, што ты гэтага хочаш, быццам спрабаваць выратаваць сябе – значыцца здацца…

Людзі не пішуць на памілаванне не таму, што яны не хочуць змагацца за сябе і сваё жыццё, а таму што асцерагаюцца грамадскага асуджэння. І, шчыра кажучы, гэта вялікая праблема», – казала Вольга Гарбунова.

«Нас не ўспрымаюць як бок перамоваў»

Як прадстаўніца Кабінету Святланы Ціханоўскай у справе вызвалення палітвязняў яна заявіла пра гатовасць «рэагаваць на рознага кшталту сігналы» з боку рэжыму, каб распачаць перамовы. На жаль, сігналаў адтуль не чуваць, а стварэнне так званай міжведамаснай камісіі па вяртанні палітэмігрантаў пры Генпракуратуры назваць такім «сігналам» цяжка. Пра гэтым з боку дэмакратычных сілаў яны гучаць пастаянна. «Мы проста сірэны запускае», – заўважыла лідарка супольнасці *Сумленныя людзі Лена Жываглод, якая мадэравала сустрэчу.

«Калі праходзіць столькі часу, а рэакцыі на нашыя сігналы няма – гэта сведчыць, напэўна, пра тое, што нас не ўспрымаюць як бок перамоваў. Мы не першы раз праходзім праз гэта і ведаем, што ўлады РБ хочуць размаўляць з Захадам. Хутчэй за ўсё, чакаюць на гэта», – мяркуе Таццяна Хоміч.

Таццяна Хоміч атрымлівае за сваю сястру Марыю Калеснікаву Прэмію імя Вацлава Гавэла. Рада Еўропы, Страсбур, Францыя. 27 верасня 2021 года.
Фота: pace.coe.int

Яна заўважае, што, каб дзеянні па вызваленні палітвязняў, былі паспяховыя, яны мусяць адбывацца і ў публічнай, і ў непублічнай сферы. Але павінны быць вельмі актыўныя. Як гэта, прыкладам, было ў выпадку вызвалення палітычных вязняў у Нікарагуа, калі сваякі палітвязняў літаральна «штурмавалі Дзярждэп» і дамагліся «узгодненых захадаў амерыканскай дыпламатыі», якія і прывялі да поспеху.

Каб такія дзеянні былі паспяховыя, трэба знайсці і задзейнічаць у гэты працэс міжнародных медыятараў, якія маюць багаты досвед пасрэдніцтва ў перамовах падчас ваенных канфліктаў, упэўненая Таццяна Хоміч. Такія эксперты працуюць і ў ААН, і ў прыватных арганізацыях. Ясна, што такія перамовы праходзяць за кулісамі. Як заўважыў адзін з удзельнікаў дыскусіі, у гэтым выпадку «эфектыўнасць важнейшая за празрыстасць».

Таццяна Хоміч прапанавала факусавацца сёння на «меншых мэтах», каб не чакаць, калі ў нас будзе, «што прапанаваць Лукашэнку».

«Нам трэба факусавацца на чымсьці больш рэалістычным. Бо выпадкі вызвалення людзей, хоць адзінкавыя, але былі. Гэта выхад на свабоду журналіста Алега Груздзіловіча, грамадзянкі Швейцарыі Наталлі Хершэ, часткі супрацоўнікаў TUT.BY і трох актывістак Саюзу палякаў. І калі кажуць, што мы не маем інструментаў і магчымасці перамоваў, то вось гэтыя выпадкі сведчаць пра тое, што інструменты, працэдуры і магчымасці існуюць, што перамовы вяліся, што камунікацыя з двух бакоў адбылася», – кажа Таццяна Хоміч.

«Могуць быць розныя тактыкі, але – адзінае бачанне»

Былая палітзняволеная і прадстаўніца Кабінету Вольга Гарбунова гаворыць, што не варта казаць пра «зусім слабую перамоўную пазіцыю» дэмакратычных сілаў. Яна не моцная, на думку Гарбуновай, але «перамоўны рэсурс нарошчваецца, у тым ліку дзякуючы санкцыям». Праблема ў тым, што большая частка з іх была рэакцыяй на пасадку самалёту капаніі «Ryanair», міграцыйны крызіс і саўдзел РБ у вайне – і не мелі прамога дачынення да рэпрэсіяў унутры краіны.

Пад беларускай амбасадай у Варшаве актывісты Amnesty International разам з беларусамі запалілі 1339 свечак за 1339 палітвязняў у Беларусі. Варшава, Польшча. 4 лістапада 2022 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Ці пазіцыя дэмсілаў у справе вызвалення палітвязняў павінна быць кансалідаваная? Вольга Гарбунова лічыць, што можна дзейнічаць і паасобку, і разам («Кожны чалавек мае права змагацца за свайго блізкага») – адно не выключае іншага. Але выказала меркаванне пра неабходнасць адзінага падыходу. Яшчэ раней яна прапанавала розным зацікаўленым бакам абʼяднацца ў працоўную групу.

«Мне здаецца, што незалежна ад таго, як будуць адбывацца перамоўныя працэсы – публічна ці кулуарна, – нам усё адно трэба абмяркоўваць, дыскутаваць і дамаўляцца. Бо гаворка вядзецца не пра вызваленне 20 чалавек. У нас могуць быць розныя тактыкі, але павінна быць адзінае бачанне», – мяркуе Вольга Гарбунова.

Яна заклікала таксама адмаўляцца ў палеміцы пра вызваленне палітвязняў ад тэрміну «гандаль», хоць ужо і маюцца факты, калі людзей у Беларусі выкуплялі з турмаў за грошы.

«Але вельмі важна адыходзіць ад гэтага слова ў грамадскай дыскусіі і ўкараняць слова «перамовы». У ім нашмат менш таксічнасці, менш канфліктнасці, і, магчыма, мы паволі навучымся чуць адзін аднаго. Алесь Бяляцкі ў сваім апошнім слове таксама выказаўся пра неабходнасць перамоваў», – згадала Вольга Гарбунова.

«Нам вельмі важна зводзіць усё да перамоваў, быць чуйнымі да сігналаў, займаць праактыўную пазіцыю», – дадала яна.

«Мы гатовыя да гэтых перамоваў»

Вольга Гарбунова заклікала таксама адмовіцца ад гераізацыі «знаходжання ў зняволенні». Згадала, што, калі сядзела ў СІЗА, на кожнай паштоўцы, якая даходзіла да яе, было напісана: ты моцная, смелая і ты вытрымаеш гэта. «А мне хацелася кожнаму і кожнай адказаць: ніякая я не моцная – я здаюся…» – успамінае Вольга Гарбунова.

Вольга Гарбунова. Вільня, Літва. 12 студзеня 2023 года.
Фота: Аляксандр Шчыры

«Гэтая гераізацыя – гэта тое, што перашкаджае нам пачуць адзін аднаго. Калі кажуць, што палітвязні гатовыя сядзець свае тэрміны – не, не кожны. Адзін гатовы, а ў іншага костка ў горла ўпіраецца, бо ключыца пасля збіцця ў ШІЗА зраслася няправільна. Ва ўсіх розныя абставіны. І калі мы ўжо плануем сваю новую дэмакратычную Беларусь, дык давайце планаваць яе, грунтуючыся на галоўнай каштоўнасці – чалавечага жыцця», – сказала падчас дыскусіі былая палітзняволеная Вольга Гарбунова.

Яна заклікала памятаць пра ўсіх, а не толькі пра «медыйных палітвязняў і іх сваякоў» і сістэматычна іх падтрымліваць.

«Мы можам колькі заўгодна гаварыць пра тое, што нам патрэбна ствараць фонды падтрымкі, што нам трэба забяспечваць сістэмную рэабілітацыю тых, хто выйшаў на свабоду, якіх ужо больш за 270… Але проста зараз велізарны боль палітвязняў, апроч катаванняў, з якімі сутыкаюцца, – гэта як выжываюць іх блізкія. Ці не распрадаюць маёмасць, каб дасылаць перадачы ў турмы і аплочваць адвакатаў, якіх нават у Менску ўжо не знайсці», – казала Вольга Гарбунова.

«Частка з нас не верыць, што мы маем умовы для таго, каб ажыццяўляць перамовы для вызвалення палітвязняў. Але важна казаць зараз, што мы гатовыя да гэтых перамоваў і што мы дамоваздольныя», – падагульніла Вольга Гарбунова.

Падчас прэс-канфэрэнцыі Абʼяднанага пераходнага кабінету, якая адбылася ў Варшаве 14 лютага, Вольга Гарбунова казала, што сігналамі да перамоваў з боку рэжыму могуць стаць спыненне штодзённых рэпрэсіяў ці вызваленне людзей з гуманітарных прычынаў – палітзняволеных з цяжкімі захворваннямі, пажылых і няпоўнагадовых, шматдзетных бацькоў. Яна анансавала таксама стварэнне адмысловай перамоўнай групы ў справе вызвалення палітвязняў і міжнароднага фонду для падтрымкі сем’яў палітвязняў і былых зняволеных.

Інтэрв’ю
«Калі ты па-за палітыкай – ты па-за жыццём». Гутарым з лідаркай суполкі «Сумленныя людзі» Ленай Жываглод
2023.02.04 07:16

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў