Ці час панікаваць беларускім прызыўнікам, як раяць расейскім?


Сітуацыя з прызывам у войска ў Беларусі яшчэ не такая пагрозлівая, як у Расеі, ды тэндэнцыі нядобрыя для тых, хто не хоча ваяваць. Паразмаўлялі з экспертам пра змены ў прызыве і спосабы ўхілення ад службы ў войску Беларусі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Кадр з фільму «Новобранцы. Первые дни». Скрыншот: ВоенТВ Беларуси / YouTube

Чаму мы пра гэта пытаем

Уладзімір Пуцін 14 красавіка падпісаў Закон аб электронных позвах расейскім прызыўнікам. Паводле гэтага закону, грамадзянін можа і не даведацца, што яму прыйшла позва, якая абмяжуе права выезду за мяжу. Да таго ж, над усімі ваеннаабавязанымі ў Расеі навісае пагроза новай мабілізацыі. Апазіцыйныя расейскія медыі і блогеры раілі тым, хто не хоча ваяваць, з’язджаць з Расеі проста цяпер.

У Беларусі такіх нормаў не прымалі, ды і Узброеныя сілы Беларусі не бяруць непасрэднага ўдзелу ў вайне ва Украіне – хіба абслугоўваюць расейскіх вайскоўцаў на тэрыторыі Беларусі.

Але ў мінулым годзе ў Беларусі масава правяралі звесткі ваеннаабавязаных, сёлета ў студзені пераглядзелі патрабаванні да здароўя прызыўнікоў (браць будуць нават з астмай ці гемароем), у сакавіку пачалі правяраць «тэрытарыяльную абарону» і «народнае апалчэнне» для адпрацоўвання ваеннага становішча, а ў красавіку праводзілі праверку боегатовасці так, што гэта нагадвала хапун. У Расеі задумалі прывезці ў Беларусь тактычную ядравую зброю, а ў самой Беларусі прыдумалі забіраць у войска студэнтаў (на момант публікацыі прапанову не аформілі ў законапраект).

Аналітыка
Да якіх «надзвычайных захадаў» рыхтуецца Лукашэнка? Аналізуем апошнія падзеі
2023.03.16 19:24

Як на гэта рэагаваць

Ці ёсць прыкметы таго, што ваеннаабавязаным трэба ўжо зараз уцякаць з Беларусі?

«Цяпер ідзе вайна», – адказвае «Белсату» прадстаўнік юрыдычнай службы Задзіночання беларускіх студэнтаў. Ён тлумачыць: калі казаць «трэба ўцякаць», то сыходзіць з меркаванняў, што Беларусь раней ці пазней уступіць у вайну ва Украіне, але ці праўда ўступіць, ніхто дакладна не ведае.

«Калі глядзець на рэтраспектыву, то яшчэ дзесьці з 2020 года заканадаўства, якое датычыць прызыву, пагаршаецца, – кажа суразмоўца. – Тэндэнцыя на пагаршэнне з’явілася не цяпер, ідзе ўжо некалькі гадоў, і я думаю, што не будзе лепш».

У Беларусі, мяркуе ён, мо і хацелі б пераняць расейскую практыку электронных позваў, але пакуль «незразумела, куды дасылаць»: узровень лічбавізацыі ў Беларусі не такі моцны, як у Расеі ці Украіне (дзе ўжо даўно ходзяць чуткі пра позвы праз сэрвіс «Дія»). Ды сітуацыя можа змяніцца за паўгода-год, калі прыдумаюць спосаб электроннай дастаўкі позваў. Да таго ж, у Беларусі ўжо ёсць практыка з высылкай замоўных лістоў па месцы рэгістрацыі: іх за прызыўніка могуць атрымаць блізкія родзічы – і будзе лічыцца, што позву прызыўніку даставілі, трэба ісці ў ваенкамат.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Восеньскі прызыў у Баранавічах, Беларусь. 29 лістапада 2018 года.
Фота: mil.by

Збольшага ж змены заканадаўства адносна прызыву датычаць скарачэння спісу захворванняў, што даюць адтэрмінаванне ці вызваленне ад службы. Суразмоўца заўважае: адтэрмінаванне значыць, што ў ваенкамат давядзецца зноў ісці праз нейкі час (напрыклад, паўгода), але статус непрыдатнага да службы ў мірны час значыць, што зноў ісці прыйдзецца праз тры гады. Пры тым «у мірны час» азначае, што пры ўвядзенні ваеннага становішча ў войска забяруць і з энурэзам, і з моцным скаліёзам. Выратуе толькі статус цалкам непрыдатнага з выключэннем з вайсковага ўліку, але звычайна такі даюць толькі людзям з асабліва цяжкімі захворваннямі.

У кадрах са збораў «тэрытарыяльнай абароны» суразмоўца бачыць больш «імітацыю бурнай дзейнасці». Прызыў студэнтаў, лічыць ён, будзе вельмі непапулярным захадам, на які ўлады Беларусі наўрад ці пойдуць, бо нават улады Расеі ці Украіны на такое не ідуць. А вось забарону выезду паводле рашэння ваенкаматаў без суда ўжо практыкавалі, хай і не масава.

Разбор
Куды з’ехаць з Беларусі? Самая простая інструкцыя ў карцінках
2023.02.27 10:05

Што рабіць, каб не пайсці служыць

У адрозненне ад Расеі, у Беларусі найлепшая парада – не атрымліваць позвы, кажа прадстаўнік юрыдычнай службы Задзіночання беларускіх студэнтаў. То значыць, не жыць па месцы рэгістрацыі і не выдаваць сваю лакацыю ваенкамату. Калі прызыўнік і ягоныя блізкія не атрымалі позвы, да адказнасці прыцягваць не мусяць – хіба могуць абмежаваць выезд за мяжу (але калі зафіксуюць адмову падпісваць позву, то за гэта ўжо пагражае крымінальная адказнасць).

Іншы шлях – даказваць кепскае здароўе праз медкамісію. Да ліпеня 2022 года ў Беларусі актыўна дзейнічалі «службы дапамогі прызыўнікам», якія падказвалі, якія «балячкі» шукаць, ды пасля затрымання шэрагу супрацоўнікаў такіх кампаніяў службы спынілі дзейнасць. Давядзецца самастойна сачыць за здароўем і яшчэ даступнымі «адмазкамі», кажа суразмоўца, але прынамсі цяпер «валам усіх не заграбаюць», праз медычны дыягназ цалкам магчыма пазбегнуць службы ў войску.

«Агульная парада – падумайце, успомніце, на што вы хварэлі з самага дзяцінства, – раіць суразмоўца. – Вазьміце сваю медычную карту, паглядзіце, што ёсць там. Калі ёсць знаёмы лекар – яшчэ лепш, хай таксама паглядзіць, падумае, дзе што можа быць.

Перад тым, як атрымліваць позву, прайдзіцеся па дактарах, можна прыватных: хай паглядзяць стан здароўя. Магчыма, у перспектыве ёсць нейкі дыягназ. Даведка што з дзяржаўнай, што з прыватнай клінікі не з’яўляецца для ваенкамату чымсьці абавязковым. Але калі ў ваенкамаце праходзіш медкамісію і кажаш, што нешта баліць, на гэта могуць звярнуць ці не звярнуць увагу, а калі ёсць даведка, што сапраўды баліць, то можна праз гэта выплыць».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Восеньскі прызыў у Баранавічах, Беларусь. 29 лістапада 2018 года.
Фота: mil.by

Суразмоўца згадвае жарт пра «няма здаровых людзей, ёсць недаабследаваныя». Ён рэкамендуе звярнуць увагу на раздзел псіхічных разладаў асобы, якія цяжка зняпраўдзіць: мабыць, пераследуюць нейкія нядобрыя думкі, нейкі разлад у жыцці, а тое і энурэз… З гэтым давядзецца пэўны час ляжаць на абследаванні ў стацыянары, пасля шэрагу дыягназаў будзе цяжка атрымаць правы на кіраванне машынай, але для кагосьці гэта можа быць лепшым варыянтам за службу ў войску.

Адметна, што «адкасіць» тэарэтычна магчыма праз гомасексуальнасць. Суразмоўца расказвае, што хоць гомасексуальнасць даўно не лічыцца хваробай, камінг-аўт у ваенкамаце могуць палічыць нагодай для абследавання ў псіхіятра, а той можа, як ні дзіва, паставіць дыягназ «разлад псіхікі». А можа і «не пацвердзіць» гомасексуальнасць сапраўднага гея. Беларуская школа псіхіятрыі, смяецца суразмоўца, не абавязкова падпарадкоўваецца Міжнароднаму класіфікатару хваробаў.

Рэпартаж
Манро з аўтаматам, граната пад нагамі Халілава… Пабывалі на вучэннях варшаўскай харугвы
2023.03.24 07:26

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў