Пачалася праверка тэрабароны Менскай вобласці з адпрацоўкай вайсковага становішча


Беларускія вайскоўцы пачалі адпрацоўваць стварэнне падраздзяленняў тэрабароны і народнага апалчэння для адпрацоўкі вайсковага становішча. Пра гэта паведамляе прэсавая служба Мінабароны. Менш чым за месяц вучэння толькі на харчаванне пойдзе амаль палова раённага бюджэту на абарону.

Беларускія вайскоўцы. Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Telegram / modmilby

20 сакавіка пачалася праверка ўзроўню падрыхтоўкі тэрытарыяльнай абароны Менскай вобласці. Праверка праходзіць пад кіраўніцтвам начальніка Генеральнага штабу Узброеных сіл Беларусі генерал-маёра Віктара Гулевіча.

«Сёння мы прыступілі да правядзення першага этапу комплекснай праверкі тэрытарыяльнай абароны Менскай вобласці. У ходзе праверкі мясцовыя органы ўлады Барысаўскага раёну створаць штаб раёну тэрытарыяльнай абароны і асобны стралковы батальён тэрытарыяльных войскаў, які сумесна з органамі ўнутраных спраў практычна адпрацуюць задачы тэрытарыяльнай абароны», – расказаў аб вучэнні Віктар Гулевіч.

Паведамляецца, што падчас праверкі камісія беларускага Генштабу ацэніць працу службовых асобаў абласнога і Барысаўскага раённага выканаўчых камітэтаў па кіраўніцтву фармаваннем тэрытарыяльных войскаў і выкананнем вучэбна-баявых задач.

У барысаўскім раёне будуць сфармаваны часці тэрабароны, для чаго з запасу прызавуць каля 200 ваеннаабавязаных. Пасля вучобы і трэнавання, камісія таксама праверыць, ці здольныя створаныя часткі «тэрытарыялаў» справіцца з аховай абʼектаў жыццезабеспячэння насельніцтва і падтрыманнем ваеннага становішча сумесна з органамі ўнутраных спраў. На вайсковыя зборы плануецца прызваць каля 200 ваеннаабавязаных.

Некаторыя дэталі вучэння паведамляе маніторынгавая група «Беларускі Гаюн». Вучэнні пройдуць з 20 сакавіка па 14 красавіка. Падраздзяленне тэрабароны барысаўскага раёну будзе размешчана ў санаторыі-прафілакторыі «Беліна» у 23 км ад Барысава і ў 85 км ад Менска. У ім прымуць удзел 255 чалавек, абслугоўванне якіх патрабуе значных выдаткаў. Так, толькі на харчаванне райвыканкам выдзеліў Br 76 000. Для параўнання, увесь бюджэт Барысаўскага раёну ў 2023 годзе на нацыянальную абарону складае Br 157 070. У 2022 годзе, дарэчы, гэты артыкул раённага бюджэту Барысава быў амаль у тры з паловай разы большы.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў