Больш за 500 беларускіх інструктараў навучаюць вайскоўцаў з Расеі


У Беларусі падчас рыхтавання рэгіянальнай групоўкі войскаў расейскіх салдатаў навучаюць больш чым 500 беларускіх інструктараў. Пра гэтым расказаў начальнік Галоўнага ўпраўлення баявога рыхтавання Узброеных сілаў генерал-маёр Аляксандр Бас, перадае прэс-служба Мінабароны.

Аляксандр Бас.
Фота: modmilby / Telegram
Расейскія вайскоўцы на вучэннях у Беларусі. 
Фота: modmilby / Telegram

«Навучаннем і рыхтаваннем падраздзяленняў рэгіянальнай групоўкі войскаў займаюцца больш чым 500 беларускіх інструктараў. Яны маюць найвышэйшы ўзровень неабходных практычных навыкаў і ведаў. Гэты факт пацверджаны водгукамі расейскіх калегаў і вынікамі кантрольных заняткаў», – заявіў Аляксандр Бас.

З ягоных словаў, рыхтаванне вядзецца на шэрагу палігонаў і ўчасткаў мясцовасці, а ў краіне створаная сучасная навучальна-матэрыяльная база, трэнажорныя комплексы. «Сам працэс рыхтавання заснаваны на досведзе вядзення баявых дзеянняў у ходзе спецыяльнай вайсковай аперацыі, мы адаптуем гэты досвед і прымяняем для навучання асабовага складу, які ўваходзіць у склад рэгіянальнай групоўкі войскаў», – сказаў Аляксандр Бас.

Расейскія вайскоўцы на вучэннях у Беларусі. 
Фота: modmilby / Telegram

Ён таксама зазначыў, што з мінулага года ў беларускіх войсках актыўна аналізуюцца формы і спосабы выкарыстання войскаў падчас вайны ва Украіне. З іх улікам былі змененыя праграмы рыхтавання беларускіх падраздзяленняў.

«І беларусы, і расейцы гатовыя да выканання задачаў для абароны Саюзнай дзяржавы ў любы момант і ў любых умовах. Гэта ў інтарэсах як Узброеных сілаў Рэспублікі Беларусь, так і Расейскай Федэрацыі. Задача ў нас адна: плячо ў плячо з нашымі расейскімі братамі ў выпадку любой агрэсіі супраць Саюзнай дзяржавы абараніць нашыя народы», – паведаміў Бас.

Так званая рэгіянальная групоўка войскаў была разгорнутая ў Беларусі летась увосень.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў