Куды з’ехаць з Беларусі? Самая простая інструкцыя ў карцінках


Разглядаем пяць варыянтаў пераезду, усё яшчэ даступных беларусам. Звярніце ўвагу: гэта не ўсе магчымыя варыянты – хутчэй, падказка тым, хто разгубіўся і не ведае, куды падацца з палітычных ці іншых прычынаў.

0. Перадусім

Куды яшчэ можна з’ехаць з Беларусі. Выява: Белсат

У выпадку палітычных рэпрэсіяў або пагрозы такога пераследу найлепей звяртацца ў «службу эвакуацыі» фонду «BYSOL». Яны не выдадуць візы і не пададуць верталёта да дому, але ўсяляк дапамогуць парадамі пра тое, як бяспечна пакінуць краіну або як атрымаць гуманітарную візу.

Менавіта на падставе парадаў «BYSOL», а таксама Цэнтру беларускай салідарнасці і беларускіх візавых пасярэднікаў напісаны тэкст ніжэй.

1. Калі няма візы і часу яе атрымаць

Найпрасцейшы варыянт – Грузія.

Куды яшчэ можна з’ехаць з Беларусі. Выява: Белсат

Без візы беларусы могуць трапіць у чатыры дзясяткі краінаў, але ў бальшыні выпадкаў час абмежаваны, а пералёт нязручны. З параўнальна блізкіх краінаў, якія дазваляюць беларусам доўга заставацца без візы, Арменія, Грузія, Узбекістан (туды лятаюць самалёты з Менску), Кыргызстан і Таджыкістан (туды з Менску не лятаюць).

Таксама ў спісе бязвізавых – Расея (з ёй практычна няма мяжы), але сілавікі Расеі і Беларусі супрацоўнічаюць: у Расеі часам хапаюць беларусаў і выдаюць у Беларусь. Украіна фармальна ў спісе бязвізавых, але беларуска-ўкраінская мяжа закрытая пасля таго, як год таму расейскія войскі напалі на Украіну з тэрыторыі Беларусі.

Квіток на самалёт Менск – Тбілісі, калі пашанцуе, можна знайсці купіць ад $ 270. Без візы можна застацца на год, для далейшага перабывання – «абнуліць» тэрмін, выехаўшы за мяжу і вярнуўшыся, або атрымаць від на жыхарства. У Тбілісі і Батумі вялікія беларускія дыяспары, а большасць грузінаў разумее расейскую мову. Але цэны на жытло ў Грузіі моцна падскочылі з пачаткам вайны ва Украіне, а клімат і культура могуць аказацца надта нязвыклымі для беларусаў.

Шанцы на тое, што з Грузіі выдадуць у Беларусь палітычнага ўцекача, даволі нізкія. Але былі выпадкі выдачы тых, хто ўхіляўся ад прызыву. Арменія ды іншыя краіны АДКБ і СНД тэарэтычна могуць выдаць ці выслаць палітычных уцекачоў.

Разбор
Куды беларусы могуць надоўга з’ехаць без візы? Казахстан змяніў правілы бязвізавага ўезду
2023.01.20 19:10

2. Калі хочацца працаваць у Еўропе

Найпрасцейшы варыянт – Польшча.

Куды яшчэ можна з’ехаць з Беларусі. Выява: Белсат

У Беларусі няпроста атрымаць візы ў краіны Шэнгенскай зоны. Візавыя пасярэднікі раяць атрымліваць нацыянальную працоўную візу ў Польшчу. Таксама Польшча дае беларусам гуманітарныя візы ў выпадку палітычнага пераследу (бясплатна, з імі можна працаваць) і міжнародную абарону. Пра гуманітарныя візы і абарону лепей пытаць у «эвакуатараў» з «BYSOL»).

Што да працоўных візаў, візавыя пасярэднікі прапаноўваюць нават фальшывы кантракт, калі не ўдалося адразу знайсці працу (не рэкамендуем: могуць аштрафаваць і дэпартаваць). Але ў інтэрнэце багата сапраўдных прапановаў працы ў Польшчы, а ў нас ёсць парады пра тое, як не трапіць на махляроў. Пасярэднік прапаноўвае «пакет паслугаў»: Br 790 (прыкладна $ 310) за запіс на падачу дакументаў, запаўненне анкеты і выпіску запрашэння (перадплата – 50 %) плюс каля € 46 – збор за візу. Нельга сказаць, што атрымаць працоўную візу ў Польшчу лёгка, але гэта лягчэй, чым у іншыя краіны Еўразвязу.

Польшча – далёка не самая дарагая краіна Еўразвязу: харчы таннейшыя, чымся ў Беларусі, але цэны на жытло адчувальна вышэйшыя за беларускія, медычная страхоўка дарагая. Краіна ў прынцыпе бяспечная, хаця КДБ можа даймаць дыстанцыйна. Затое польскія мова, культура і клімат даволі блізкія да беларускіх, у Польшчы вялікая і актыўная беларуская дыяспара. Хіба ў Польшчу можа быць праблема прыехаць: на момант публікацыі адкрыты толькі адзін памежны пераход у Берасці, і той могуць закрыць. Але ў Польшчу можна праехаць таксама праз Літву і Латвію. А пакуль аўтобусы з Менску да Варшавы каштуюць ад Br 90 ($ 35).

Атрымаць працоўную візу на тэрыторыі Беларусі можна таксама ў Вугоршчыну, Італію, Нямеччыну і іншыя краіны Еўразвязу.

Hавiны
Што з чэргамі на межах Беларусі – і дзе праз межы яшчэ пускаюць. Мапы
2023.02.21 15:14

3. Калі трэба турыстычны «шэнген»

Найпрасцейшы варыянт – консульства Іспаніі ў Маскве.

Куды яшчэ можна з’ехаць з Беларусі. Выява: Белсат

У выпадку «спачатку з’ехаць у Еўропу, потым думаць» будзе складана знайсці легальную працу: з турыстычнаю візаю працаваць нельга. Але калі праца не патрэбная, з Польшчай не складваецца і ў Грузію не хочацца (або калі эмігранту хочацца запрасіць да сябе ў Вільню бацькоў з Беларусі, а віду на жыхарства няма), можна паспрабаваць атрымаць турыстычны «шэнген».

Літва, Латвія і Польшча цяпер не даюць беларусам турыстычных візаў. Найпрасцейшы варыянт, які раяць візавыя пасярэднікі, такі: паехаць у Маскву і падавацца ў консульства Іспаніі, бо там не трэба месяцамі чакаць запісу. Пасярэднікі нават прапаноўваюць «пакеты»: дапамога з дакументамі плюс трансфер з Менску да Масквы і назад, цэны – ад Br 600 ($ 238).

Калі ў Маскву не хочацца, шэнгенскую візу можна атрымаць у Беларусі праз Вугоршчыну, Грэцыю, Італію, Нямеччыну, Францыю. Але запіс на падачу дакументаў складаны: «квіткоў» даюць мала, іх трэба вылоўліваць у канкрэтны час, і дата можа быць толькі праз некалькі месяцаў. Візавыя пасярэднікі рэкамендуюць звяртацца ў консульства Нямеччыны, дзе запіс у лютым – на травень – чэрвень. За дапамогу з гэтым пасярэднікі просяць каля Br 350 ($ 139). Візу могуць даць на адзін уезд, могуць на год, а могуць і адмовіць.

Разбор
Як беларусу атрымаць візу ў краіну Еўразвязу? Спыталі візавых пасярэднікаў пра тры сцэнары
2023.02.13 07:04

4. Ехаць у Расею – рызыкоўная задума

Найпрасцейшы варыянт пакінуць тэрыторыю Беларусі, але варыянт небяспечны.

Куды яшчэ можна з’ехаць з Беларусі. Выява: Белсат

«BYSOL» рэкамендуе выкарыстоўваць Расею хіба для транзіту, пры гэтым памятаць пра магчымы палітычны пераслед. У Расеі беларуса могуць затрымаць на запыт уладаў Беарусі. Могуць схапіць і не за «палітыку»: у рэйтынгу вяршэнства права Расея нават горшая за Беларусь.

Да таго ж Расея (пры дапамозе ўладаў Беларусі) вядзе захопніцкую вайну супраць Украіны – абвяшчала мабілізацыю і можа рыхтаваць новую (а ў мінулую чапляліся і да замежных грамадзянаў), а таксама, магчыма, атрымлівае ад Украіны ўдары па памежных тэрыторыях.

Квіток на цягнік ці аўтобус з Менску да Масквы каштуе ад Br 50 ($ 20), а з Масквы можна паляцець у іншыя краіны. Можна застацца, пасяліцца і знайсці працу – усё без візы, толькі калі заставацца на больш як 90 дзён, трэба станавіцца на міграцыйны ўлік.

Разбор
У якія краіны беларусам бяспечна ўцякаць ад палітычных рэпрэсіяў? Спыталі BYSOL
2023.01.25 07:00

5. Калі на месяц трэба перавалачны пункт

Найпрасцейшы варыянт – Турэччына.

Куды яшчэ можна з’ехаць з Беларусі. Выява: Белсат

Бязвізавы рэжым між Беларуссю і Турэччынай дае толькі 30 дзён на паездку і сумарна 90 дзён на год. У Турэччыну з Беларусі лятаюць самалёты, квіток Менск – Стамбул можна купіць за $ 250. А з Турэччыны самалёты – ва ўсе канцы свету.

Гэта добры варыянт, каб хутка зляцець з Беларусі. У Турэччыне параўнальна лёгка легалізавацца праз працу, гэта адносна папулярная краіна для беларускіх рэлакантаў. Там можна знайсці як недарагое, так і люксавае жытло. Але можа быць моўны бар’ер, нязвыклая культура.

Каб ляцець у Турэччыну, варта мець план. Напрыклад, шэнгенскую візу беларусу там так проста не атрымаць: або трэба мець сталы від на жыхарства, або (ў экстраных выпадках) звяртацца ў амбасады трэціх краінаў па гуманітарную візу. Калі ўзнікнуць праблемы з пошукам працы і легалізацыяй, давядзецца ўжо праз месяц па прылёце зноў мяняць краіну.

Парады
Што трэба ведаць пра псіхалогію міграцыі і як не ўпасці ў дэпрэсію
2021.09.01 08:30

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў