Мінабароны: У Беларусі завершана праверка дадзеных ваеннаабавязаных


У Беларусі завершана праверка дадзеных ваеннаабавязаных грамадзянаў. У ёй прынялі ўдзел больш за 95% уліковага складу. Аб гэтым паведамляе прэс-служба міністэрства абароны. 

Прадстаўнік МА РБ Іна Гарбачова. Скрыншот з відэа: Telegam / modmilby

«У Рэспубліцы Беларусь завершаны мерапрыемствы праверкі ўліковых дадзеных ваеннаабавязаных, якія праводзіліся з сярэдзіны кастрычніка па снежань 2022 года», – паведаміла прадстаўніца МА РБ Іна Гарбачова.

Мінабароны адзначае, што грамадзяне «з разуменнем паставіліся да мерапрыемстваў па ўмацаванні абараназдольнасці дзяржавы», больш за 95% ваеннаабавязаных прайшлі зверку ўліковых дадзеных.

«Гэта работа дазволіла ўдакладніць у грамадзян інфармацыю, неабходную ва ўмовах ваенна-палітычнага становішча», – расказала Гарбачова аб прычынах праверкі і нагадала, што «мерапрыемствы праводзіліся па даручэнні кіраўніка дзяржавы».

Па адзнацы міністэрства, мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы ўлады, арганізацыі сумесна з вайсковымі камісарыятамі пастаўленую задачу выканалі.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў