Да якіх «надзвычайных захадаў» рыхтуецца Лукашэнка? Аналізуем апошнія падзеі


У сакавіку вакол тэмы магчымага ўступлення Беларусі ў вайну зноў пачаў нарастаць ажыятаж, выкліканы рэзкімі заявамі Аляксандра Лукашэнкі, прыняццем паправак у заканадаўства і «ўкідамі» аб падрыхтоўцы правакацыяў на мяжы. Ці сапраўды пагроза ўцягвання Беларусі ў ваенны канфлікт павялічваецца?

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Sergei Grits / AP Photo / East News

Распальванне ў публічнай прасторы

7 сакавіка Аляксандр Лукашэнка абвінаваціў Украіну ў арганізацыі дыверсіі ў Мачулішчах і публічна абразіў прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага, назваўшы яго «гнідай» «Што ж, выклік кінуты», – пагрозліва дадаў ён. У Кіеве ахарактарызавалі скандальныя заявы Лукашэнкі як «акт бяссілля», які будзе пакінуты без адказу. Пры гэтым сакратар РНБА Аляксей Данілаў падкрэсліў: паводзіны Лукашэнкі «пачынаюць здзіўляць» і Украіна гатовая «да любога развіцця падзеяў».

Неўзабаве Галоўнае ўпраўленне выведкі Міністэрства абароны Украіны заявіла, што кіраўніцтва Расеі плануе ўчыніць маштабную правакацыю на мяжы Украіны і Беларусі, каб стварыць так званы casus belli – фармальную нагоду для вядзення вайны.

Потым аналагічную інфармацыю распаўсюдзіў расейскі праваабарончы праект Gulagu.net. Нібыта ФСБ перакінула ў Беларусь «групу высокааплатных наймітаў, гатовых да выканання ў іх разуменні «творчых задачаў», звязаных з перапрананнем (відавочна, у форму ЗСУ) і здзяйсненнем ад імя Украіны дыверсіяў і тэрактаў», каб «дапамагчы ў прымусе Менску да ўдзелу ў вайне».

Абодва ўкіды публікаваліся без усялякіх доказаў, і нават ускосных пацверджанняў гэтых звестак не знойдзена.

Рэзкія заявы Лукашэнкі і ўкіды наконт магчымых правакацыяў здараюцца не ўпершыню – раней усё абмяжоўвалася толькі шумам у публічнай прасторы, без сур’ёзных наступстваў. 

Аналітыка
«Выклік кінуты». Як Лукашэнка будзе помсціць за Мачулішчы?
2023.03.10 07:00

Перадваенныя законы

Разам з тым, цяпер прысутнічаюць прыкметы доўгатэрміновага рыхтавання да эскалацыі. 9 сакавіка Лукашэнка падпісаў рэзанансныя папраўкі ў Крымінальны кодэкс. Галоўны пункт новага закону – увядзенне смяротнага пакарання за «здраду дзяржаве» для дзяржаўных службовых асобаў і вайскоўцаў. Прычым узровень адказнасці службовай асобы цяпер не мае значэння: новыя нормы распаўсюджваюцца на ўсіх асобаў, што займаюць дзяржаўныя пасады або маюць статус вайсковаслужбоўцаў. То бок гэта будзе датычыць таксама тых, каго мабілізуюць у войска.

У Генштабе ЗСУ звярнулі ўвагу на гэтыя папраўкі яшчэ на стадыі іх распрацоўвання. У снежні 2022 года намеснік начальніка Галоўнага аператыўнага ўпраўлення ўкраінскага Генштабу Аляксей Громаў казаў, што ўвядзенне ў Беларусі смяротнага пакарання за дзяржаўную здраду можа быць адным з крокаў у кірунку падрыхтоўкі да вайны супраць Украіны.

Закон ад 9 сакавіка таксама прадугледжвае ўвядзенне крымінальнай адказнасці за «дыскрэдытацыю Узброеных сілаў, іншых войскаў і вайсковых фармаванняў, ваенізаваных арганізацыяў». Гэтая папраўка выглядае калькаю з расейскага закону ад 4 сакавіка 2022 года – так званага «закону аб фэйках», або «закону аб ваеннай цэнзуры». На падставе гэтага закону ў Расеі пераследуюць тых, хто выступае супраць вайны і спрабуе расказаць праўду пра ўварванне ва Украіну. Да «дыскрэдытацыі» арміі ў РФ прыраўноўваюць заявы пра ваенныя злачынствы расейскіх вайскоўцаў, антываенныя выказванні і нават проста спробы назваць вайну вайной. Але калі ў Расеі здагадаліся стварыць такі рэпрэсіўны інструмент толькі на другім тыдні вайны, то ў Беларусі яго прынялі прэвентыўна.

Паралельна Савет бяспекі Беларусі ўхваліў законапраект аб народным апалчэнні – цяпер цягам месяца дакумент будзе накіраваны на зацверджанне ў Палату прадстаўнікоў. Ідэя ўладаў палягае ў тым, каб у выпадку вайны раздаць зброю «правераным людзям», якія будуць дапамагаць міліцыі падтрымліваць грамадскі парадак. Фактычна, народнае апалчэнне разлічанае якраз на сітуацыю, калі армія і спецпадраздзяленні будуць накіраваныя на фронт, а ў тыле будзе не хапаць сілавікоў для задушэння магчымых пратэстаў.

Аналітыка
Распальванне грамадзянскай вайны? Навошта Лукашэнка стварае народнае апалчэнне
2023.03.07 14:14

Акрамя таго, дзяржаўны сакратар Савету бяспекі Аляксандр Вальфовіч 15 сакавіка анансаваў унясенне дадатковых зменаў у нарматыўна-прававую базу ў сферы бяспекі, патлумачыўшы гэта тым, што нядаўняе маштабнае трэнаванне органаў дзяржаўнага кіравання выявіла «неабароненыя месцы». Што гэта будуць за папраўкі, ён не ўдакладніў. Аднак супольнасць былых сілавікоў Беларусі «ByPol» паведамляе пра распрацоўванне новых законаў «Аб надзвычайным становішчы», «Аб ваенным становішчы» і «Аб органах дзяржаўнай бяспекі». Гэтыя дакументы, на думку «ByPol», могуць сведчыць, што Лукашэнка рыхтуецца да «увядзення ў Беларусі надзвычайных захадаў».

Таксама варта згадаць, што раней, на пачатку 2023 года. Міністэрства абароны і Міністэрства аховы здароўя прынялі пастанову, якая істотна зніжае патрабаванні да стану здароўя прызыўнікоў. А пры канцы 2022 года было праведзенае беспрэцэдэнтнае паводле маштабаў правяранне мабілізацыйных інстытутаў. Некаторыя беларусы ў выніку атрымалі мабілізацыйныя прадпісанні: у іх паведамляецца, што ў выпадку абвяшчэння ў Беларусі мабілізацыі яны абавязаныя цягам 38 гадзінаў, не чакаючы позвы з ваенкамату, з’явіцца з пашпартам, вайсковым білетам, рэчамі і запасам ежы на дзень на мабілізацыйны пункт на пазначаны ў прадпісанні адрас. Прычым Лукашэнка нават не хаваў, што тэставанне сістэмы праводзілася дзеля таго, каб не дапусціць памылак расейскай мабілізацыі.

Усе гэтыя захады могуць разглядацца як планамерная падрыхтоўка да ўступлення Беларусі ў вайну. Гэта не значыць, што адпаведнае рашэнне Лукашэнка ўжо прыняў або неўзабаве прыме. Аднак настолькі актыўнае распрацоўванне надзвычайных захадаў сведчыць, што ўдзел у ваенным канфлікце ўлады разглядаюць як цалкам рэальны сцэнар, да якога варта быць гатовымі.

Вайсковая актыўнасць: сітуацыя стабільная

Пры гэтым прыкметаў падрыхтоўкі да ўступлення ў вайну ў кароткатэрміновай перспектыве (у бліжэйшыя тыдні) цяпер не назіраецца. Сведчанняў, што ў Беларусі распачалося фармаванне наступальнай групоўкі – няма, у зводках Генштабу ЗСУ гэта падкрэсліваецца рэгулярна. На гэтым этапе ўкраінскае камандаванне лічыць пагрозу наземных аперацыяў на паўночных межах нізкай.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Natalia Kolesnikova / AFP / East News

У значнай ступені на такія ацэнкі ўплывае слабасць групоўкі Узброеных сілаў РФ у Беларусі. На пачатку сакавіка ўкраінскі бок ацэньваў колькасць расейскіх сілаў максімум на 9–10 тысячаў, чаго яўна недастаткова для поўнамаштабных аперацыяў (напрыклад, перад уварваннем 24 лютага 2022 года РФ сканцэнтравала ў Беларусі каля 30 тысяч байцоў). Цяпер групоўка мусіла стаць яшчэ слабейшай. Паводле маніторынгавага праекту «Беларускі Гаюн», з канца лютага ў межах ратацыі тэрыторыю Беларусі пакінулі каля 2900 расейскіх вайскоўцаў і 645 адзінак тэхнікі, а прыбылі ўсяго каля 600 вайскоўцаў і да 200 адзінак тэхнікі.

Колькасць расейскай групоўкі ў Беларусі ёсць вельмі важным індыкатарам магчымай эскалацыі: расейская дапамога здольная часткова нівеляваць слабасць войска Лукашэнкі і павысіць шанцы на паспяховае ўварванне. Аднак цяпер у Расеі, імаверна, проста няма рэсурсаў на значнае павелічэнне вайсковай прысутнасці ў Беларусі: усе сілы пайшлі на зімовую кампанію, якая скончылася стратэгічнай няўдачай. Сітуацыя можа змяніцца хіба што пасля правядзення новай хвалі мабілізацыі, якая б дазволіла Крамлю назапасіць рэзервы. А на гэта спатрэбіцца час. Напрыклад, Інстытут вывучэння вайны лічыць, што найбольш зручным перыядам для расейскага ўдару з боку Беларусі будзе 2023 год.

Нават калі ўявіць, што Лукашэнка гатовы разлічваць пераважна на ўласныя сілы, то менавіта цяпер не вельмі ўдалы момант для ўступлення ў вайну. Надыходзіць перыяд вясновай бездаражы – максімальна неспрыяльны час для наступальных аперацыяў, а гэта яшчэ адзін аргумент на карысць таго, што ў бліжэйшыя тыдні эскалацыі чакаць не варта.

Каментар
Ці рыхтавацца Украіне да атакі з Беларусі? Словы Лукашэнкі пра СБУ каментуе ўкраінскі дэпутат
2023.03.07 14:32

Прызыў з запасу

Разам з тым, на наступны дзень пасля прыняцця «расстрэльных паправак», 10 сакавіка, Лукашэнка падпісаў указ № 66 «Аб прызывае афіцэраў запасу на вайсковую службу». Паводле гэтага ўказу, ва Узброеныя сілы мусяць быць прызваныя 250 афіцэраў, каб «павысіць узровень укамплектаванасці першасных вайсковых пасадаў» і «забяспечыць якасную падрыхтоўку мабілізацыйнага рэзерву».

У каментары да дакументу падкрэсліваецца, што такія мерапрыемствы ладзяцца ва Узброеных сілах штогод. Гэта праўда: прызыў афіцэраў запасу – рэч звычайная. Аднак цяперашні ўказ Лукашэнкі ад папярэдніх адрознівае адна асаблівасць: колькасць прызваных. Калі паглядзець аналагічныя ўказы Лукашэнкі з 2016 да 2021 года, то можна заўважыць, што тады кожны раз адначасова прызываліся не больш за 100 афіцэраў запасу. Летась прызвалі 150, а цяпер – 250, у 2,5 разу больш, чым у мірны час.

14 сакавіка пра прызыў вайсковаабавязаных на планавыя зборы таксама заявілі ў Міністэрстве абароны, аднак ніякіх лічбаў пры гэтым не агучвалі.

Сітуацыя з прызывам вайсковаабавязаных заўсёды выклікае павышаную ўвагу назіральнікаў. Рэч у тым, што тэарэтычна вайсковыя зборы могуць зрабіцца схаванай мабілізацыяй: сэнс у тым, каб забраць людзей у войска нібыта ў сувязі з планавымі мерапрыемствамі і ўжо не адпускаць іх, пакуль не пачнецца вайна. Такі механізм адначасова дазваляе захаваць спакой унутры краіны і ўвесці ў зман патэнцыйнага праціўніка. Засцярогі наконт таго, што ў Беларусі пад выглядам вайсковых збораў ідзе схаваная мабілізацыя, пачалі з’яўляцца яшчэ ў кастрычніку 2022 года. Пра гэта пісалі незалежныя медыі і заяўлялі ў Генштабе ЗСУ. Аднак тады гэтыя асцярогі не спраўдзіліся: вайсковаабавязаныя праходзілі зборы і вярталіся дадому, а Беларусь у вайну не ўступіла.

Пакуль няма падставаў казаць, што цяперашняя сітуацыя прынцыпова адрозніваецца ад папярэдніх. Афіцэраў запасу сапраўды прызываюць больш, чым звычайна, аднак усё ж не настолькі, каб гэта было падобна на пачатак паўнавартаснай перадваеннай мабілізацыі.

Аналітыка
Ці ўступіць Беларусь у вайну? Пяць аргументаў на карысць і супраць найгоршага сцэнара
2023.01.06 07:00

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў