Хто і за што ў 2019–2020 гадах пісаў даносы ў КДБ на Бабарыку, Цапкалу і Ціханоўскага


«Белсат» вывучыў базу даносаў, якія пісаліся ў Камітэт дзяржаўнай бяспекі Беларусі і якія ў выніку ўзлому «Кіберпартызанамі» трапілі ў публічны доступ. Сярод іншага там знайшліся і даносы на галоўных апазіцыйных прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта краіны яшчэ да таго, як яны былі затрыманыя.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Будынак Камітэту дзяржаўнай бяспекі. 21 траўня 2021 года.
Фота: Белсат

Так, яшчэ 25 красавіка 2019 года Вадзім Макееў, маскоўскі каардынатар Ліберальна-дэмакратычнай партыі ў Берасцейскай вобласці, напісаў данос за тое, што на платформе molamola.by, якой кіраваў сын тады яшчэ кіраўніка «Белгазпрамбанку» Віктара Бабарыкі Эдуард, быў пачаты збор грашовых сродкаў на выплату штрафу апазіцыйнаму блогеру Сяргею Пятрухіну.

«Гэтая платформа выдатна выкарыстоўваецца замежнымі спецслужбамі і амбасадамі замежных дзяржаваў для пералічэння грашовых сродкаў мясцовай апазіцыі; гэтая платформа – гэта афіцыйная фінансавая дзірка, праз якую наўпрост можна фінансаваць «Майдан» у Беларусі; платформа аўтаматычна становіцца саўдзельнікам злачынства; у 2019–2020 годзе адбудуцца прэзідэнцкія выбары і выбары ў парламент РБ, і платформа свядома стварае канал фінансавання апазіцыі», – заяўляў Макееў.

Паводле яго, «Бабарыка-малодшы мае сваё бачанне палітычнай сітуацыі ў краіне». Даносчык прасіў абавязаць платформу molamola.by спыніць збор сродкаў для Пятрухіна, праверыць іншыя краўдфандынгавыя платформы і «напярэдадні выбараў распрацаваць і прыняць вычарпальны пералік мер па недапушчэнні стварэння фінансавай дзіркі, канала па фінансаванні з-за мяжы разнастайных дэструктыўных сіл у РБ».

Асобна Макееў спыніўся і на асобе Віктара Бабарыкі, адзначыўшы, што той «не атаясамлівае сябе з дзяржавай», кажа пра неэфектыўнасць дзяржаўнай формы ўласнасці і падтрымлівае Нобэлеўскую лаўрэатку Святлану Алексіевіч.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Віктар Бабарыка на прэс-канферэнцыі. 11 чэрвеня 2020 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

«Гэта няпоўны пералік заяваў нашага мясцовага банкіра, якія даюць уяўленне аб тым, хто сёння «сядзіць» на грашовым патоку краіны. Палітычная блізарукасць і адкрытая падрыўная дзейнасць банкіра сапраўды насцярожвае», – пісаў каардынатар ЛДП.

7 лютага 2020 года данос у КДБ напісала Людміла Кац з Гомля, жонка ўладальніка абутковай фабрыкі «Батычэлі» Навума Каца. У даносе Кац скардзілася на супрацоўніцу гомельскага аддзялення «Белгазпрамбанку» ў сувязі з выплатай працэнтаў па крэдыце. Копію даносу яна напісала таксама Віктару Бабарыку як кіраўніку банку. Але на яго самога не скардзілася. Аднак ужо ўлетку 2020 года ейны муж зняўся ў прапагандысцкім фільме, накіраваным супраць Бабарыкі як прэтэндэнта на прэзідэнцкую пасаду. У 2024 годзе Навума Каца судзілі за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў».

Аднак, паведамленні ў КДБ – гэта былі не толькі даносы. Напрыклад, у чэрвені 2020-га года жыхар Менску ў сваім лісце цікавіўся, «з якіх часоў КДБ Рэспублікі Беларусь стала за аснову паводзін браць фашысцкую манеру?». «Памятаецца мне, для так званых тэрарыстаў, якія ўзарвалі станцыю менскага метро было арганізавана ўсё неабходнае. І адвакаты і ўтрыманне адносна празрыстае. А Віктара Бабарыку, па ўказцы зверху закрываюць так, што да яго не можа патрапіць ягоны адвакат, што парушае ягоныя правы. Дзе гарантыя, што цяпер гэты чалавек не падвяргае фізічнаму, псіхалагічнаму і медыкаментознаму ўздзеянню, а адвакат у такой сітуацыі стане нязручным сведкам?», – задаваўся ён пытаннямі і канстатаваў, «такія паводзіны ганьбяць Камітэт, якому павінны быць найвышэйшая ступень даверу».

«Як такое магчыма ў 21-м стагоддзі, каб такая моцная арганізацыя служыла не народу, не краіне, не закону…?», – здзіўляўся жыхар сталіцы.

Акрамя таго, у злітых базах знайшлося 55 хадайніцтваў грамадзян аб змяненні меры стрымання Віктару Бабарыку.

«Упэўнены, што з улікам асабістых якасцяў Бабарыка Віктар Дзмітрыевіч фізічнай пагрозы ці іншай небяспекі для грамадства не ўяўляе, і яго ўтрыманне пад вартай з’яўляецца празмерна строгай мерай. Я не сумняваюся, што, калі б Бабарыка Віктар Дзмітрыевіч знаходзіўся цяпер на волі, ён ніяк бы не перашкаджаў папярэдняму расследаванню крымінальнай справы і не спрабаваў бы схавацца, паколькі яго жыццё цесна звязана з Рэспублікай Беларусь, тут пражываюць яго блізкія», – пісалі грамадзяне і асабіста паручаліся за палітыка.

21 траўня 2020 года данос ужо на Сяргея Ціханоўскага напісаў прадпрымальнік Алег Пархоменка з Наваполацку. Ён прызнаваў, што блогер «у большасці сваёй мае рацыю, што датычыць бязмежжа беларускіх судоў, пракуратуры, міліцыі», але не пагаджаўся з крытыкай Ціханоўскага ў свой бок.

«Праваахоўныя органы зацікаўленыя ў папулярнасці Ціханоўскага С.Л. і наступных масавых пратэстах. Я, вядома, па магчымасці падам пазовы ў суд за паклёп, але гэта не перашкодзіць Ціханоўскаму выстаўляць сябе героем і абаронцам пакрыўджаных», – пісаў Пархоменка.

15 чэрвеня 2020 года асобны данос супраць Валера Цапкалы напісаў рабін Ігаэл Егудзі. Яму не спадабалася тое, што прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта ў адным з інтэрв’ю зрабіў «відавочны і не завуаляваны заклік да войска і міліцыі не падпарадкоўвацца загадам».

«Гэта твар путчызму, які гадуюць заходнія спецслужбы і расейскі кампрадорскі крымінальнага паходжання капітал», – пісаў рабін у КДБ пра Цапкалу.

Егудзі прасіў «вывучыць пытанне прыцягнення да адпаведнай максімальнай адказнасці» палітыка і ўсіх, хто мае дачыненне да «любых экстрэмісцкіх пікетаў» па зборы подпісаў. Самога рабіна ў 2021 годзе арыштавалі на шэсць содняў за няправільную тышортку.

Нагадаем, што Сяргей Ціханоўскі быў затрыманы ў выніку правакацыі 31 траўня 2020 года. У 2021 годзе яго асудзілі на 18 гадоў зняволення. Віктара Бабарыку затрымалі 18 чэрвеня 2020 года. Праз год яго асудзілі на 14 гадоў калоніі. Валер Цапкала здолеў пакінуць Беларусь і знаходзіцца ў эміграцыі. Ніхто з іх не быў у выніку зарэгістраваны кандыдатам. Аднак сілы трох штабоў аб’яднала жонка Ціханоўскага Святлана, якая, як мяркуецца, магла выйграць прэзідэнцкія выбары 2020 года. Улады ж у адказ пачалі ў Беларусі няспынныя рэпрэсіі, якія працягваюцца ў краіне да сёння.

Каментар
Не ўсё тое даносы, што пішуць у КДБ, але педагагічны эфект можа быць. Эксперты пра зліў ад «Кіберпартызанаў»
2024.04.29 18:05

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў