У Беларусі задумалі забіраць студэнтаў у войска. Навошта гэта ўладам і як адаб’ецца на адукацыі?


Дзяржаўны сакратар Савету бяспекі Аляксандр Вальфовіч падчас нарады з кіраўнікамі ўстановаў вышэйшай адукацыі прасіў рэктараў выказацца аб ідэі забіраць студэнтаў ВНУ ў войска, як гэта было ў савецкія часы. Спыталі аналітыкаў, з чаго б магла ўзнікнуць такая ідэя – і да чаго прывядзе рэалізацыя.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Студэнты вайсковай кафедры ГрДМУ выпраўляюцца на выніковую практыку. Горадня, Беларусь. 30 чэрвеня 2021 года.
Фота: Аляксандр Мінько / grsmu.by

На сустрэчы ў кіраўнікамі вышэйшых навучальных установаў Беларусі 10 красавіка Аляксандр Вальфовіч спытаў кіраўнікоў ВНУ пра навучанне на вайсковых кафедрах і стаўленне да таго, каб студэнтаў прызываць у войска, як гэта было калісьці ў Савецкім Саюзе.

«Малады чалавек, які паступіў у вышэйшую навучальную ўстанову, а потым пайшоў служыць, год адслужыў і вярнуўся на другі-трэці курс спелым – на яго і дзяўчаты будуць па-іншаму глядзець, – распавядаў чыноўнік рэктарам. – І ён па-іншаму асэнсуе тое, для чаго ён наогул паступіў у вышэйшую навучальную ўстанову. І ўжо на ваенных кафедрах можна паменшыць колькасць гадзінаў для навучання ў наступным».

Ці ёсць вайсковая патрэба?

Палітычны аналітык @pozirkonline Аляксандр Класкоўскі кажа «Белсату», што не стаў бы прывязваць ідэю Вальфовіча да канкрэтных ваенных падзеяў. Па-першае, гэтая заява – пакуль не закон, а толькі «пробны шар» і «зандаванне глебы», і аформіць гэта юрыдычна «справа не аднаго дня». Меркаваны ўкраінскі контрнаступ жа можа пачацца праз месяц-два, і да гэтага часу не паспеюць панабіраць студэнтаў у войска.

«Фон – гэта вайна ва Украіне. Яна можа зацягнуцца і яшчэ не на адзін год, мяркуючы па настроі Крамлю, – разважае Класкоўскі. – Але галоўнае – гэта філасофія супрацьстаяння з праклятым Захадам. Там у кіроўнай так званай беларускай эліце ўпэўненыя, што Захад пастаянна выношвае ваяўнічыя планы, што спіць і бачыць, як скрышыць гэты цяперашні лад у Сінявокай».

«Гэта проста настрой на перманентнае супрацьстаянне, а для гэтага трэба як мага болей мабілізацыйнага рэсурсу».

Аглядальнік згадвае, што Аляксандр Лукашэнка ўзбройвае і пажарнікаў, і леснікоў, спрабуе стварыць «народнае апалчэнне» – з гэтага ж разраду жаданне «абуць студэнтаў у боты». І хоць гэтае жаданне пакуль выказанае толькі як ідэя, практыка паказвае, што ўжо заўтра такое можа быць прапісанае ў нарматыўным дакуменце.

У гэтым, кажа Класкоўскі, ёсць і патрэбы вайсковага кшталту, і ідэалагічныя, «выхаваўчыя» патрэбы. На сустрэчы з кіраўнікамі ВНУ гаворка была, адзначае ён, пра падрыхтоўку «патрыётаў», якія мусяць «устаць на абарону» – усё праз прызму канфрантацыі, а не пра ўкараненне найлепшых практык у адукацыі.

«Гэта такі салдафонскі падыход да інтэлектуальнага рэсурсу нацыі», – канстатуе ён.

Гаворкі не ішло пра выпадзенне з Балонскага працэсу, і пагрозу дэградацыі адукацыі праз  ізаляцыю краіны, заўважае Класкоўскі. Чалавек у пагонах у размове з рэктарамі быў заклапочаны тым, што рэжыму трэба «паболей мяса».

Ён дапускае, што ў ідэі са студэнтамі і войскам можа быць канкрэтнае меркаванне: «А раптам Пуцін прыцісне і запатрабуе, каб беларускае войска ўдзельнічала ў так званай спецыяльнай ваеннай аперацыі?». Ды лічыць, што справа як мінімум не толькі ў такіх думках, а ў самой філасофіі беларускіх уладаў, якія бачаць навакольны свет у катэгорыях пагрозы, ворагаў, канспіралогіі. У такой філасофіі трэба рыхтаваць насельніцтва ваяваць за свой рэжым.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Студэнты вайсковай кафедры ГомДМУ прымаюць прысягу ў мемарыяльным комплексе «Берасцейская крэпасць-герой». Берасце, Беларусь.
Фота: ГомДМУ / gp.by

Класкоўскі звяртае ўвагу на словы Вальфовіча пра «год адслужыў – дзяўчаты будуць па-іншаму глядзець». У гэтым ён бачыць і ўласцівае Лукашэнку прымітыўнае паняцце пра маскуліннасць праз казарму і грубы побыт, і сведчанне стаўлення да студэнтаў як да «не вельмі надзейнай у ідэалагічным плане» катэгорыі: заўжды ў студэнцтве панавала вальнадумства, былі папулярныя рэвалюцыйныя ідэі

«Дык вось, мяркуюць гэтыя людзі ў пагонах, трэба прагнаць праз казарму, праз войска, там уставяць мазгі, выб’юць усю гэтую дурату – і будзе паслухмяны вінцік сістэмы», – апісвае Класкоўскі магчымы ход думкі.

Агляд
У беларускіх школах узмацнілі «патрыятычнае выхаванне» і ўводзяць акцыі «русского мира»
2023.04.05 20:02

Калі гэта ўвядуць, як гэта адаб’ецца на адукацыі?

Старэйшы аналітык Беларускага інстытуту стратэгічных даследаванняў (BISS) Андрэй Лаўрухін згадвае ў каментары «Белсату», што так сапраўды рабілі ў савецкія часы: па дасягненні 18 гадоў усе хлопцы былі абавязаныя ісці ў войска, нават калі навучаліся ў ВНУ. Пасля двух гадоў службы студэнтаў аднаўлялі ў навучальнай установе.

Ваенныя кафедры з’явіліся толькі ў канцы 1980-х (і цяпер існуюць у Беларусі), яны дазваляюць праходзіць вайсковую падрыхтоўку без адрыву ад навучання, і па заканчэнні ваеннай кафедры студэнтам даюць афіцэрскае званне. Падобна, Вальфовіч хоча, каб студэнтаў замест гэтага забіралі на «паўнавартасную» службу.

У свеце ёсць розныя практыкі адносна войска і навучання, расказвае Лаўрухін. Пытанне ў тым, што больш трэба дзяржаве: ці чалавечы капітал, ці паслухмяны «матэрыял», які можна разыходаваць. Другое якраз стварае інстытут арміі:

«Гэта менавіта такі інстытут, які прывучаў чалавека да галоўнай думкі: кожны асобна ўзяты індывід сам сабе не належыць», – кажа Лаўрухін пра савецкае войска.

«Чым больш здзекаў, тым лепей. У тым сэнсе, што ўся самастойнасць, любая аўтаномія, каштоўнасць сябе як індывіда, як асобы – усё гэта, канешне, знішчалася пад нуль. Якраз для таго, каб у маладых людзей узнікла выразнае, яснае разуменне на ўзроўні рэфлексаў сабакі Паўлава: калі ёсць загад, вы яго будзеце выконваць».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Заняткі на вайсковай кафедры Факультэту соцыякультурнай камунікацыі БДУ. Менск, Беларусь. 2013 год.
Фота: fsc.bsu.by

Ён разважае, што ў XX стагоддзі такі падыход быў зразумелы для многіх дзяржаваў. Але пасля ўсяго, што было ў тым стагоддзі, развітыя дэмакратычныя дзяржавы аддаюць прыярытэт адукацыі (а пацыфістам прапануюць альтэрнатыўную службу). Для развітых дзяржаваў, дадае Лаўрухін, «проста нерацыянальна» кідаць на вайну такі дарагі рэсурс, як сваіх добра адукаваных грамадзянаў.

«Той факт, што Беларусь цяпер аддае выразны прыярытэт сілавым структурам і войску перад адукацыяй, у многім кажа аб вектары яе далейшага ў двукоссі «развіцця»: увесь інстытут вышэйшай школы цяпер перамолваецца і аддаецца ў ахвяру сілавым структурам, арміі і вось той мабілізацыйнай мадэлі, якая цяпер выстройваецца ў кантэксце вайны», – заяўляе Лаўрухін.

Беларусь, падкрэслівае ён, з’яўляецца саўдзельніцай у вайне ва Украіне. Хоць пакуль беларускія вайскоўцы не знаходзяцца на тэрыторыі Украіны, «перакрочыць гэтую рысу лёгка». Гэта значыць, што ў дзяржавы ёсць патрэба, каб заўжды быў мабілізацыйны рэсурс, які можна кінуць на вайну.

Нават калі беларускае войска не будзе наўпрост удзельнічаць у вайне, нічога добрага для адукацыі не будзе, кажа Лаўрухін і згадвае, як ягоная настаўніца фізікі жартавала: «Как надену портупею, всё тупею и тупею». Для студэнта, якога пасля першага курсу забяруць у войска, забыць на год усё акрамя выканання загадаў і маршаў на пляцы – гэта перакрэсліць год навучання. Лаўрухін перакананы, што студэнта прыйдзецца зноў вучыць таму, чаму вучылі да войска.

Калі сапраўды ў Беларусі прымуць за правіла забіраць студэнтаў у войска, ці не выкліча гэта адток абітурыентаў за мяжу? Лаўрухін адказвае: гэта пытанне рытарычнае.

Вышэйшая адукацыя ў Беларусі, тлумачыць ён, не проста дэвальвуецца, а становіцца небяспечнай для жыцця, бо можна пайсці вучыцца, а знайсці сябе на полі бою. У такім разе за мяжу будуць з’язджаць не часова на вучобу, а да канца той улады, якая будзе пагражаць зняволеннем за ўхіленне ад службы.

Аналітыка
Да чаго рыхтуюць Беларусь і навошта Лукашэнку гарантыі бяспекі?
2023.04.11 19:00

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў