Ад мяцяжу да поўнамаштабнай вайны. Чым размяшчэнне ПВК Вагнэра небяспечнае для Беларусі


Рэжым Аляксандра Лукашэнкі пагадзіўся размясціць у Беларусі баевікоў ПВК Вагнэра і афіцыйна абвесціў, што збіраецца актыўна з імі супрацоўнічаць, «узаемна абменьвацца досведам». Belsat.eu распавядае, як запрашэнне да сябе некантраляваных узброеных фармаванняў не раз у гісторыі прыводзіла да вялікіх трагедыяў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Намётавы лагер, разбіты на закінутай вайсковай базе каля вёскі Цэль Асіповіцкага раёну. Памочнік міністра абароны Беларусі Леанід Касінскі сцвердзіў, што лагер разгарнулі «для трэнавання вайскоўцаў і тэрабароны», а не канкрэтна для вагнэраўцаў. 7 ліпеня 2023 года.
Фота: Maxim Shemetov / Reuters / Forum

Нагадаем: на ўзроўні ПА АБСЕ, а таксама ў Францыі і Літве ПВК Вагнэра афіцыйна прызнаная тэрарыстычнай арганізацыяй, а ў ЗША і Украіне – міжнароднаю злачыннай арганізацыяй.

З’яўленне гэтай групоўкі ў Беларусі непакоіць суседнія дзяржавы. Польшча скіроўвае на мяжу дадатковыя паліцэйскія сілы, Украіна ўзмацняе абарону на паўночным кірунку. Дарадца прэзідэнта Літвы Кястуціс Будрыс назваў ПВК Вагнэра «некіравальным элементам», які Лукашэнку будзе не пад сілу кантраляваць, аднак папярэдзіў, што ўлады Беларусі ў любым выпадку будуць несці адказнасць за любыя дзеянні наймітаў.

NATO ў рэзалюцыі віленскага саміту абяцае пільна сачыць за развіццём сітуацыі з вагнэраўцамі. Заяўлена, што ў выпадку нападу з тэрыторыі Беларусі ў Польшчу будуць перакінутыя 100 тысяч жаўнераў Альянсу.

Меркаванні
Чаму «Вагнэр» небяспечны для Польшчы і краінаў Балтыі?
2023.06.30 19:07

Аднак гістарычны досвед паказвае: размяшчэнне базаў тэрарыстычных арганізацыяў нясе небяспеку не толькі суседзям, але і тым, хто дае баевікам прытулак.

Замах і мяцеж. Іярданія

Пасля Шасцідзённай вайны 1967 года ў Іярданію хлынула плыня палестынскіх уцекачоў з Заходняга берагу ракі Іярдан і Усходняга Іерусаліму. Разам з уцекачамі ў Іярданію перадыслакаваліся ўзброеныя фармаванні Арганізацыі вызвалення Палестыны (АВП), якія пачалі выкарыстоўваць іярданскую тэрыторыю для сістэматычных атак на Ізраіль. Ізраіль у сваю чаргу праводзіў лакальныя рэйды на базы баевікоў, часам уступаючы ў сутычкі з іярданскай арміяй.

Першапачаткова для караля Хусэйна палестынскія групоўкі былі натуральным саюзнікамі: Іярданія ваявала супраць Ізраілю падчас Шасцідзённай вайны і прэтэндавала на тэрыторыі Заходняга берагу ракі Іярдан. Аднак з цягам часу стасункі палестынцаў і ўладаў Іярданіі пачалі пагаршацца. Баевікі не ўзгаднялі з каралём сваіх атак на Ізраіль, не падпарадкоўваліся мясцовым законам і фактычна стваралі дзяржаву ў дзяржаве, цалкам кантралюючы некаторыя раёны краіны. Хусэйн спрабаваў абмежаваць дзейнасць палестынскіх арганізацыяў і прымусіць іх выконваць законы Іярданіі, аднак лідары баевікоў адмовіліся гэта рабіць. У лютым 1970 года ўспыхнулі першыя баявыя сутычкі паміж каралеўскімі сіламі і палестынцамі.

Частка палестынскіх арганізацыяў узяла курс на вайсковы пераварот. 1 верасня 1970 года баевікі Дэмакратычнага фронту вызвалення Палестыны зарганізавалі няўдалы замах на манарха. Адначасова палестынскія баевікі актывізавалі міжнародную тэрарыстычную дзейнасць, захапіўшы чатыры пасажырскія самалёты. У краіне абвесцілі ваеннае становішча, і кароль Хусэйн распачаў сілавую аперацыю супраць палестынскіх груповак. Гэтыя падзеі ўвайшлі ў гісторыю пад назваю Чорны верасень. Баевікоў пры гэтым падтрымала Сірыя, якая наважылася на схаваную інтэрвенцыю: сірыйскія «іхтамнеты» дзеялі пад выглядам палестынцаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Іерусалім у чэрвені 1967 года падчас Шасцідзённай вайны.
Фота:Micha Bar-Am / Magnum Photos / Forum

Па розных ацэнках, падчас Чорнага верасня загінулі ад 2,5 да 25 тысячаў чалавек. Канфлікт скончыўся перамогай Іярданіі: Арганізацыя вызвалення Палестыны пагадзілася перанесці свае базы ў Ліван, не ўмешвацца ва ўнутраныя справы Іярданіі ды падпарадкоўвацца каралеўскім законам. Праўда, сутычкі з палестынскімі баевікамі працягваліся і ў наступным годзе. Толькі ў ліпені 1971-га кароль Хусэйн абвесціў, што палестынская праблема ў Іярданіі цалкам развязаная.

Грамадзянская вайна. Ліван

Пасля Чорнага верасня апорным пунктам для палестынскіх узброеных фармаванняў і ўцекачоў стаўся Ліван. Як і ў выпадку з Іярданіяй, палестынцы фактычна стварылі дзяржаву ў дзяржаве: ігнаравалі законы краіны, якая дала ім прытулак, спрабавалі паўплываць на ўнутраную палітыку Лівану і ладзілі атакі на Ізраіль. Лагеры палестынцаў пераўтварыліся ў асяродкі злачыннасці. Мясцовае насельніцтва пакутавала ад самавольства баевікоў, а ўлады нічога не маглі з гэтым зрабіць.

Значная прысутнасць палестынцаў абвастрыла міжканфесійныя і палітычныя канфлікты ў краіне. У 1975 годзе палестынскія баевікі зарганізавалі няўдалы замах на лідара хрысціянскай грамады Башыра Джымаіля (загінулі чатыры чалавекі). У адказ правахрысціянскія атрады самаабароны расстралялі аўтобус з палестынскімі байцамі. Так званая аўтобусная разня, у якой загінулі мінімум 27 асобаў, справакавала грамадзянскую вайну ў Ліване. Канфлікт ускладняўся вонкавым умяшаннем, у першую чаргу вайсковай інтэрвенцыяй з боку Сірыі ды Ізраілю. Таксама ў краіне ў 1982–1984 гадах годзе дзеяла міжнародная міратворчая групоўка, якая сталася мішэнню для тэрарыстычных нападаў з боку розных узброеных фармаванняў.

Грамадзянская вайна ў Ліване цягнулася з 1975 да 1990 года і, паводле самых мінімальных ацэнак, забрала жыцці больш як 100 тысячаў чалавек.

Hавiны
Яшчэ адна калона ПВК Вагнэра прыбыла ў Беларусь
2023.07.17 13:01

Авіяўдары. Ліван і Лівія

Размяшчэнне на сваёй тэрыторыі базаў тэрарыстычных арганізацыяў не раз рабілася падставаю для лакальных вайсковых аперацыяў.

Лівійскі дыктатар Муамар Кадафі ў 1980-х гадах актыўна падтрымліваў тэрарыстычныя арганізацыі па ўсім свеце. На тэрыторыі Лівіі размяшчаліся базы рыхтавання баевікоў, якія потым ладзілі тэракты і бралі ўдзел у паўстаннях. Гэта прывяло да абвастрэння стасункаў Кадафі з Захадам.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Рада нацыянальнай бяспекі інфармуе прэзідэнта Рэйгана пра паветраны ўдар па лівійскіх вайсковых аб’ектах і рэзідэнцыі Муамара Кадафі. 15 красавіка 1986 года.
Фота: Everett / Forum

У пачатку красавіка 1986 года адбыліся два рэзанансныя тэракты: на дыскатэцы ў Заходнім Берліне і на амерыканскім авіялайнеры над Грэцыяй. ЗША абвінавацілі ў гэтых злачынствах лівійскую выведку і нанеслі паветраныя ўдары па тэрыторыі Лівіі. Мішэнямі сталіся аб’екты ў ваколіцах Трыпалі і Бэнгазі: іх, паводле амерыканскай выведкі, выкарыстоўвалі для рыхтавання тэрарыстаў і транспартавання зброі.

Аперацыю «Каньён Эльдарада» правялі 14–15 красавіка, на Лівію былі скінутыя 150 тон бомбаў. Хаця ўдары наносіліся па вайсковых аб’ектах, загінулыя былі і сярод цывільных. Паводле ўладаў Лівіі, ахвярамі авіяўдараў сталіся 40 мірных жыхароў, у тым ліку 15-месячная прыёмная дачка Кадафі.

Hавiны
Расейскі дэпутат заявіў, што ПВК Вагнэра ў Беларусі трэба для захопу сувальскага калідору
2023.07.16 17:38

Аднак калі Кадафі свядома падтрымліваў тэрарызм, то Ліван у 2000-х ізноў пацярпеў праз тое, што не быў здольны ўзяць пад кантроль узброеных фармаванняў на сваёй тэрыторыі. Паўднёвыя раёны Лівану дэ-факта кантралявала радыкальная групоўка «Хізбула», прызнаная шэрагам краінаў Захаду тэрарыстычнаю. Баевікі выкарыстоўвалі тэрыторыю Лівану для абстрэлаў Ізраілю. 12 ліпеня 2007 года падчас нападу на памежны патруль былі забітыя тры ізраільскія вайскоўцы і ўзятыя ў палон яшчэ два. У адказ Ізраіль распачаў масаванае бамбаванне базаў баевікоў і аб’ектаў інфраструктуры, а таксама правёў наземную аперацыю, прасунуўшыся на 15–20 км углыб Лівану.

Канфлікт цягнуўся 34 дні і атрымаў назву Другая ліванская вайна. Паводле афіцыйных звестак ураду Лівану, ахвярамі баявых дзеянняў стаўся 1191 грамадзянін краіны.

Поўнамаштабнае ўварванне. Афганістан

Падзеі 2001 года ў Афганістане паказалі, што размяшчэнне на сваёй тэрыторыі базаў тэрарыстаў можа прывесці да поўнамаштабнага замежнага ўварвання ды акупацыі.

Рух «Талібан», які захапіў уладу ў 1996 годзе, даў прытулак на сваёй тэрыторыі Усаму бін Ладэну ды іншым лідарам тэрарыстычнай арганізацыі «Аль-Каіда». Сам бін Ладэн публічна называў сябе «госцем» Афганістану.

У Афганістане размяшчаліся аператыўныя базы тэрарыстаў, якія рыхтавалі напады па ўсім свеце. У 1998 годзе «Аль-Каіда» ўчыніла крывавыя атакі на амбасады ЗША ў Кеніі ды Танзаніі. У адказ ЗША нанеслі ўдары крылатымі ракетамі па трэнавальных лагерах тэрарыстаў у Афганістане. Ад талібаў патрабавалі выдаць бін Ладэна, аднак тыя адмовіліся, чым настроілі супраць сябе нават дзяржавы мусульманскага свету.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Афганскія талібы збіраюцца на галоўнай вуліцы Кандагару 21 жніўня 1998 года на знак пратэсту супраць ваенных удараў ЗША, якія здзейснілі атакі на базы з тэрарыстамі ў Хосце (Khost) і сталіцы Судану Хартуме.
Фота: Reuters Photographer / Reuters / Forum

На сваіх базах у Афганістане «Аль-Каіда» рыхтавала найбуйнейшы тэракт у гісторыі – атакі на ЗША 11 верасня 2001 года, у выніку чаго загінулі 2977 чалавек. Пасля гэтага Белы дом выставіў талібам ультыматум: выдаць кіраўніцтва «Аль-Каіды» і знішчыць лагеры тэрарыстаў. «Талібан» ізноў адмовіўся гэта зрабіць, прычым у рэзкай форме. Пасля гэтага ЗША на чале міжнароднай кааліцыі распачалі маштабнае ўварванне ў Афганістан, якое прывяло да зрынання рэжыму талібаў.

Вайна ЗША ў Афганістане зацягнулася на 20 гадоў і прывяла да шматлікіх ахвяраў. У 2021-м ЗША канчаткова вывелі свае войскі з Афганістану, што неўзабаве прывяло да краху дзяржаўнай сістэмы – уладу ў краіне зноў захапілі талібы. Паводле ацэнак Універсітэту Браўна, за 20 гадоў канфлікту ў выніку баявых дзеянняў загінулі 238–241 тысяча чалавек (вайскоўцаў, баевікоў, цывільных).

Аналітыка
Мяцежнікі Шродзінгера. Што цяпер з ПВК Вагнэра і ці сапраўды найміты ўжо ў Беларусі?
2023.07.14 18:54

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў