Чаму «Вагнэр» небяспечны для Польшчы і краінаў Балтыі?

Найміты Прыгожына ў Беларусі могуць аказацца траянскім канём Крамля. І ў Варшаве гэта выдатна разумеюць.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Roman Romokhov / AFP / East News

Польскі ўрад не выпадкова вырашыў узмацніць абарону ўсходняй мяжы. У сераду пра гэта заявіў віцэ-прэм’ер Польшчы і лідар кіроўнай партыі «Закон і справядлівасць» (PiS) Ярослаў Качыньскі. Абапіраючыся на звесткі ўраду, ён назваў нават лічбу вагнэраўцаў, якія маюць зʼявіцца ў Беларусі, – каля 8 тысячаў чалавек.

Пакуль невядома, калі, якую колькасць жаўнераў і якія вайсковыя адзінкі польскі ўрад скіруе на мяжу з Беларуссю. Са словаў Качыньскага вынікае, што гэта будзе залежаць ад колькасці наймітаў Прыгожына ў Беларусі і іхных паводзінаў. Ніхто ў Польшчы не мае ілюзіяў адносна таго, што гэта стварае прынцыпова новую сітуацыю ў Беларусі і чарговую пагрозу для Польшчы і краінаў Балтыі.

Аляксандр Лукашэнка неаднаразова даводзіў, што гібрыдная вайна ёсць прыярытэтам у стасунках з заходнімі суседзямі. Прыкладам гэтага быў справакаваны Менскам міграцыйны крызіс на мяжы з Літвой, Латвіяй і спроба штурму польскай мяжы ў лістападзе 2021 года. Дыктатар дэманстраваў, што мяжа NATO для яго не ёсць «чырвонай лініяй». Польскія памежнікі наўсцяж дакументуюць і публікуюць доказы таго, як беларускія спецслужбы дапамагаюць мігрантам, а часцяком самі правакуюць канфлікт.

Зараз у Беларусі зʼявіцца база ПВК Вагнэра – тысячы ўзброеных наймітаў, якія не будуць часткай збройных сілаў Беларусі ці Расеі. Сваім маршам на Маскву яны стварылі сабе ўва ўсім свеце рэпутацыю бунтаўнікоў, якія хацелі «зрынуць Пуціна». Хто ім перашкаджае ўзбунтавацца яшчэ раз? Гэта не мігранты, тут пагроза зусім іншая. Сярод іх будуць не толькі «пʼяныя зэкі», але і былыя вайскоўцы і афіцэры расейскай вайсковай выведкі, якія прайшлі праз самыя гарачыя канфлікты на Зямлі і якія за грошы робяць усё. Наперад (напрыклад, на межы з Польшчай ці Літвой) могуць закінуць былых зэкаў, а пазней зойдуць дасведчаныя групы.

Hавiны
Удзельнік ПВК Вагнэра з пазыўным Брэст: Адкрываецца новы баявы кірунак – Беларусь
2023.06.28 13:43

Лукашэнка нядаўна пераконваў, што вагнэраўцы не збіраюцца ствараць правакацыі перад самітам NATO ў Вільні. Казаў, што мае на мяжы сваіх жаўнераў і калі б захацеў, то стварыў бы любую правакацыю. Дыктатар сам сябе падманвае, бо выдатна разумее, што беларуская армія ці спецслужбы не могуць перайсці пэўных межаў, бо гэта адкрыты канфлікт з NATO. Калі гэтыя межы пяройдуць вагнэраўцы, то Лукашэнка можа смела перакінуць віну на «варʼята Прыгожына». Масква ж увогуле будзе ні пры чым і скажа, што гэта «ўнутраная справа Беларусі і суседніх краінаў».

Пагрозу разумеюць і літоўскія ўлады, якія дамагаюцца ўзмацнення прысутнасці сілаў NATO на ўсходніх межах.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: AFP / East News

Мірослаў Ружаньскі, які ў 2015–2016 гадах служыў начальнікам Генштабу Міністэрства абароны Польшчы, пару дзён таму, каментуючы пераезд вагнэраўцаў у Беларусь, казаў, што беларуская апазіцыя павінна лічыцца з тым, што Лукашэнка «без ваганняў іх выкарыстае». Маўляў, наймітаў Прыгожына «апраўдана называюць забойцамі».

Нельга выключаць і іншага сцэнара. Паспрабуем уявіць такую сітуацыю. У адпаведны для Масквы момант найміты займаюць галоўныя адміністрацыйныя будынкі ў Менску, блакуюць Генштаб і навакольныя вайсковыя часткі. Такі траянскі конь Крамля на выпадак «бунту Лукашэнкі». Беларускі КДБ, які лічаць філіяй расейскага ФСБ, перашкаджаць у гэтым Прыгожыну не будзе. Хутчэй за ўсё менавіта КДБ і будзе «назіраць» за іхнаю дзейнасцю ў краіне.

Такі сцэнар для Польшчы не менш небяспечны, чым магчымасць правакацыяў на мяжы. Незалежна ад таго, як будуць развівацца падзеі, прысутнасць «Вагнэра» стварае пагрозу для ўсіх. Не толькі для суверэнітэту Беларусі, прыхільнікаў пераменаў і суседніх дзяржаваў, але і для самога Лукашэнкі.

Агляд
Лагеры баевікоў – цяпер не жарт. Што вядома пра вагнэраўцаў і будоўлю ў Асіповічах
2023.06.29 18:32

belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў