Аб’яднанне былых сілавікоў BELPOL апублікавала 8 траўня звесткі аб заробках кіраўнікоў некаторых прадпрыемстваў, падкантрольных Міністэрству прамысловасці. Згодна звесткам, дырэктары зарабляюць у разы больш за рабочых.
Сцвярджаецца, што інфармацыя актуальная на канец 2023 года, даныя прыведзеныя да выліку падаткаў. BELPOL падкрэслівае, што некаторыя з прадпрыемстваў са спісу з’яўляюцца стратнымі.
Удакладняецца, што заробак дырэктараў прадпрыемстваў фармуецца з тарыфнага акладу, надбаўкі за заключэнне кантракта (50 % акладу), надбаўкі за «складанасць працы» (150 % акладу), прэміі (300 % акладу), гадавых бонусаў (да 12 акладаў) і іншых стымулюючых выплат.
З публікацыі вынікае, што самы вялікі заробак атрымлівае дырэктар Беларускага металургічнага заводу (Жлобін, Гомельская вобласць) – 18 701,72 рублі. Пры гэтым сярэдні заробак на прадпрыемстве – 2 388,41 рубля (у кіраўніка ў 7,8 раза больш).
Паводле звестак Белстату, запасы гатовай прамысловай прадукцыі на складах на 1 красавіка 2024 года склалі 9 млрд 256 млн 778 тысяч рублёў. З пачатку года яны павялічыліся на 3,3 % (на 1 студзеня 2024-га – 8 млрд 959 млн 749 тысяч), у гадавым вымярэнні – на 2,3 % (9 млрд 49 млн 450 тысяч).
Ася Саковіч belsat.eu