news
Агляд
Якімі словамі запомніўся 2023 год
IB разважае: у беларусаў можа быць «Weltschmerz» і «Selbstzweifel-Wahn», ды можа быць «Hoffnungsschimmer».
01.01.202410:00

Яшчэ адзін год беларусы наўрад ці будуць згадваць добрымі словамі. Галоўным словам летась было «вайна» – і яна нікуды не падзелася. «Белсат» згадвае іншыя важныя словы 2023 года і пытае ў аднаго слова года, як апісаць тое, што беларусы цяпер адчуваюць.

Слова года 2023
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Калаж: Аліса Ганчар / «Белсат»

Гэты год шмат каму ў свеце запомніцца імклівым развіццём штучнага інтэлекту і нейрасетак. Што раней магло здавацца незразумелаю забаўкаю праграмістаў, цяпер умее пісаць і маляваць, нават валодае беларускаю моваю. Слоўнік «Collins» выбраў словам года AI – скарот ад «artificial intelligence» (штучны інтэлект). Кеймбрыджскі слоўнік назваў словам года «hallucinate» (галюцынаваць) – так кажуць, калі нейрасетка выдае непраўдзівую інфармацыю пад выглядам праўдзівай.

«Белсат» спытаў чытачоў у Telegram, якімі словамі ім запомніўся 2023-і. Пра штучны інтэлект чытачы не згадвалі. Мы прасілі не мацюкацца, але гэта ўдалося не ўсім: год асацыюецца з кепскімі справамі. Адзін з чытачоў прапанаваў грубае, але цэнзурнае слова гамон.

Беларусаў відавочна хвалююць рэпрэсіі на радзіме (нават за адно слова) і вайна між суседзямі (у якой гінуць і беларусы). Хтось у эміграцыі, хтось у выгнанні, хтось стаўся палітвязнем. У Беларусь, падобна, прыйшла расейская ядравая зброя – краіна зрабілася мішэнню. Да таго ж, «Вагнэр» схадзіў на Маскву «маршам справядлівасці», развярнуўся і прыйшоў у Беларусь.

Каментар
Вымушаная эміграцыя: чаму гэта назаўсёды, як перажыць і не звар’яцець, на якой мове ісці на псіхатэрапію
2023.10.05 07:40

Вайна ва Украіне, выглядае цяпер, зайшла ў тупік, бо доўгачаканы контрнаступ не даў значных вынікаў (слова «tupik» нават стала прабірацца ў англійскую мову). Свет даведаўся пра Бахмут, Аўдзееўку і Кахоўскую ГЭС зусім не ў тых абставінах, у якіх хацелася б вывучаць украінскую геаграфію. Улады Беларусі хаўруснічалі ў ваенных злачынствах ва Украіне, ім пагражае Гаага вышук і Міжнародны крымінальны суд, як тое сталася з расейскімі калегамі.

Але ўвага сусветнай супольнасці пераключылася на Газу і «Хамас». Украінцы бачаць у дзеях Расеі тэрарызм і генацыд, тыя ж словы ўжываюць адносна арабска-ізраільскага канфлікту (шэраг палітыкаў і экспертаў думаюць, што адказ Ізраілю на атаку тэрарыстаў зажорстка б’е па мірных жыхарах).

Між тымі, хто з’ехаў, і тымі, хто застаўся, усё мацнейшая мяжа. Літва і Латвія зачынілі некалькі пунктаў пропуску. Улады Беларусі пастанавілі пазбавіць эмігрантаў магчымасці замяніць пашпарт, а альтэрнатыўныя пашпарты Новай Беларусі пакуль толькі плануюць выдаваць. Эмігранты не без цяжкасцяў здабываюць легалізацыю ў новых краінах. Краіны ж гэтыя з усё большаю насцярожанасцю ставяцца да беларусаў: украінцы разважаюць пра рэпарацыі, літоўцы ўгледзелі пагрозу ў «літвінізме» (беларусы ажно пачалі вымяркоўваць, ці не называць Вільню Вільнюсам).

Hавiны
Ціханоўская прыдумала слова для лукашэнкаўскіх выбараў: «бязвыбары»
2023.11.24 20:31

Людзі ў Беларусі падаліся ва ўнутраную эміграцыю, намагаюцца жыць без палітыкі, а то ж пасадзяць за экстрэмізм (гэтым словам улады Беларусі называюць, падобна, любое іншадумства). Адзін з чытачоў падказвае: у краіне тое, што па-расейску «беспредел». Гэтае слова не мае адназначнага перакладу на беларускую мову, найбліжэй паводле сэнсу бязлад, бязмежжа, беззаконне, бяспраўе… Іншы чытач падказвае слова абядненне.

Хэпі-энду прынамсі сёлета не прадбачыцца – гэта застой. Але людзі працягваюць партызаніць, увесь свет сёлета абляцелі навіны пра Мачулішчы. І беларусы на радзіме ды за мяжою дэманструюць салідарнасць – вунь адзін марафон сабраў паўмільёна еўраў на дапамогу рэпрэсаваным. Але дзе адны запомнілі ўзаемадапамогу і салідарнасць, іншыя асацыююць гэты год са словамі «параза» і «раскол» (хоць выглядае, што маштабы расколу часта пераацэньваюцца, а сваркі ў дэмакратычных сілах не значаць, што ў крытычны момант не паўстане адзінства).

Беларуская служба радыё «Свабода» пастанавіла: слова 2023 года – «мова». З пазнакаю, што пад словам «мова» маецца на ўвазе менавіта беларуская мова, якую ўлады Беларусі рэпрэсуюць, а беларускую лацінку (калі дакладней, дзяржаўную сістэму транслітарацыі геаграфічных назваў, падобную да традыцыйнай беларускай лацінкі) замяняюць на расейскую мову. У такіх умовах мова робіцца формаю пратэсту нават у эміграцыі.

Беларускі 2023 год вачыма штучнага інтэлекту
Беларускі 2023 год вачыма штучнага інтэлекту: карцінка намаляваная нейрасеткаю паводле матываў вылучаных вышэй словаў. Выява: Dall-E / Bing.com

Мы спыталі штучны інтэлект, якімі словамі ў іншых мовах можна апісаць тое, што адчуваюць беларусы цяпер. Моўная мадэль GPT-4 любіць нямецкую мову, дзе ў адно слова могуць сабраць шмат каранёў.

Штучны інтэлект разважае: гэта можа быць нямецкае слова «Weltschmerz» (адчуванне сусветнага болю і немагчымасці змены да лепшага), французскае «désenchantement» (расчараванне і страта ілюзіяў) ці англійскае словазлучэнне «learned helplessness» (вывучаная бездапаможнасць). Ці можа, гэта нямецкае «Selbstzweifel-Wahn» (манія сумневаў у сабе), пакуль апаненты адчуваюць таксама нямецкае «Schadenfreude» (радасць за чужы боль), але ў беларусаў ёсць нямецкае ж «Hoffnungsschimmer» (праменьчык надзеі)?

Інтэрв’ю
Вялікая размова з Вольскім: беларуская траўма, «Эмігранты» і «Лісты палітвязням»
2023.10.19 11:15

Алесь Наваборскі belsat.eu