news
Інтэрв'ю
«Беларуская мова ў Беларусі шмат у чым як замежная». Аліна Нагорная і Ігар Случак аб працы, шпіёнах і планах
Падтрымаць сям’ю Аліны Нагорнай і Ігара Случака можна праз адмысловы збор ад BYSOL. 
01.11.202316:23

Аліна Нагорная і Ігар Случак – сям’я праваабаронцаў, якія былі вымушаныя пакінуць Беларусь з двума маленькімі дзецьмі, распавялі «Белсату» пра сваё жыццё ў падполлі, як у іх атрымоўвалася амаль два з паловаю гады займацца прасоўваннем беларускай мовы і нават наведваць канцэрты. Сям’я вырашыла з’ехаць з краіны пасля таго, як іхныя сацыяльныя сеткі прызналі экстрэмісцкімі.

Грамадскія актывісты Аліна Нагорная і Ігар Случак з дзецьмі ў Вільні, Літва. Кастрычнік 2023 года.
Фота: Белсат

– Гэта нават дзіва, сацсеткі «Наша мова» і «Нашая мова» былі прызнаныя экстрэмісцкім матэрыялам. Гэта сімвалічна, што ў Беларусі беларуская мова – экстрэмісцкі матэрыял цяпер, – кажа Ігар Случак і дадае: – Такое жыццё. Спадзяемся, зменім гэта ўсе разам.

– Як ты можаш ахарактарызаваць стан беларускай мовы цяпер у Беларусі?

– Беларуская мова ў Беларусі шмат у чым як замежная. Толькі за замежную мову ты наўрад ці адчуеш нейкі вялікі негатыў, а за беларускую мову цябе могуць і затрымаць, і пабіць, і абразіць, або, наадварот, за беларускую мову табе могуць падзякаваць і сказаць, які ты класны, маладзец. Але я лічу, што дыскрымінацыя знікне толькі тады, калі чалавек, які па-беларуску нешта сказаў, не пачуе нічога: ні дзякуй, ні ўаў, ні абразы. Калі гэта будзе цалкам натуральна, як па-руску зараз у Беларусі кажуць», – кажа Аліна Нагорная.

– Табе таксама важна, каб замежнікі ведалі аб праблеме беларускай мовы. Што замежнікі кажуць пра беларускую мову? Якія ў іх адчуванні, ці цікава ім?

– У мяне ёсць гісторыя ў кнізе «Мова 404» – я размаўляла з грамадзянінам Ізраілю, які трапіў на Акрэсціна. Ён мне расказваў, што з ім у камеры сядзеў хлопец Алесь, які атрымаў больш содняў за тое, што размаўляў на судзе па-беларуску. Для грамадзяніна Ізраілю гэта быў шок. І часам, калі з замежнікамі размаўляем, яны проста не разумеюць, як такое можа адбывацца. Гэта ў іх выклікае моцны шок.

Я вельмі хачу, каб мая кніга «Мова 404» перакладалася на розныя мовы. Мне вельмі важна яшчэ перакласці кніжку на рускую мову, таму што так склалася гістарычна (гэта такі мэм, вядома, не, яно так не склалася, так склалі), што тыя, хто нас дыскрымінуе, гэтыя людзі размаўляюць у большасці па-руску. І мне вельмі важна данесці праблему да рускамоўнай аўдыторыі таксама. Ужо ёсць гатовы пераклад на нямецкую мову і цяпер ужо ідзе размова пра рускую і ангельскую мову.

У кнігу «Мова 404» увойдуць яшчэ некалькі новых гісторыяў. Думаем дадаць або нейкія цікавыя факты пра беларускую мову, або статыстыку дыскрымінацыі з даследавання, або заканадаўства, каб паказаць, як яно павінна быць.

Грамадскія актывісты Аліна Нагорная і Ігар Случак з дзецьмі ў Вільні, Літва. Кастрычнік 2023 года.
Фота: Белсат

– Ці будзе аўдыяагучванне, як папярэдняй кнігі?

– Я не ведаю наконт агучвання, бо гэта рабілі іншыя людзі, зрабілі суперкласна. Я слухала, і ў мяне слёзы былі на вачах, наколькі крута яны гэта зрабілі. Я першым чынам хачу зрабіць гэтую кніжку онлайн, каб яна была дасяжная кожнаму чалавеку, каб яна была бясплатнай, і пераклады гэтай кніжкі таксама. Мая мэта на гэтай кніжкі не грошы зарабіць ці нешта яшчэ, я хачу проста, каб людзі ведалі аб праблеме. Каб гэтую праблему вырашаць – яе трэба пабачыць, каб калісьці мы маглі размаўляць у Беларусі па-беларуску і не адчуваць сябе дыскрымінаванымі.

– Ці кантактавалі вы з дзяржаўнымі медыямі, каб тыя па-беларуску хоць нешта рабілі?

– З медыямі, нават з недзяржаўнымі, былі паспяховыя кейсы, і на сайты дзяржаўныя мы пісалі і вельмі шмат. Тое, што цяпер усе дзяржаўныя сайты павінны быць па-беларуску, гэта ўсё пасля зваротаў адбывалася, і яны паціху перакладаюць нават цяпер.

З некаторымі ўладальнікамі сайтаў дзяржаўных устаноў – шматгадовая перапіска. Адразу яны кажуць: «Не, у нас дзве дзяржаўныя мовы». Пасля яны кажуць: «Ладна, можа быць, пасля». Пасля яны кажуць: «Ну вось, мы пераклалі». Часам гэта, вядома, пераклад праз гугл-транслэйтар, не вельмі якасны, але часам і нармальны. Мы ўжо проста змагаемся за тое, каб беларуская мова з’яўлялася, і пасля ўжо яе толькі пачынаем удасканальваць. Адразу трэба, каб яна на сайце з’явілася хоць у якім-небудзь выглядзе, тэхнічна, каб яна была.

Дзяржаўныя службоўцы, трэба разумець, – гэта такія вельмі пасіўныя людзі. Ім што сказалі, тое яны і зрабілі. Пакуль ім нічога не сказалі, яны нічога не зрабілі. Таму вось менавіта зварот гэты – такі спосаб, які дапамагае ім гэта казаць, спосаб, які цалкам законны, правамерны, не вельмі складаны тэхнічна, які працуе да гэтага часу, у 2023 годзе ў Беларусі, і дагэтуль атрымліваецца нешта рабіць з дапамогай зваротаў.

– А што з беларускай мовай у беларускім кіно адбываецца?

– Дзяржава амаль ніякіх высілкаў не робіць на гэты конт. Ёсць выключэнні, але такія фільмы вельмі рэдка атрымоўваюцца.

Грамадскія актывісты Аліна Нагорная і Ігар Случак. Вільня, Літва. Кастрычнік 2023 года.
Фота: Белсат

Усё робіцца людзьмі, якім не ўсё роўна, што адбываецца, якія хочуць, каб такое кіно з’яўлялася. Напрыклад, для малых ёсць такі праект – «Гаварун», яны шмат чаго агучваюць. У плане мульцікаў нам не хапае беларускамоўнага кантэнту. Нават тое, што людзьмі робіцца, робіцца класна, якасна, але нават для аднаго малога гэтага не хапае, і мы глядзім і ўкраінскія, і ангельскія мульцікі таксама. І тое ж самае з фільмамі: іх вельмі мала, і хацелася б, вядома, больш.

Ёсць сайт «Кінакіпа», там з’яўляюцца фільмы па-беларуску. То бок гэтыя фільмы існуюць, але гэта ўсё адно будзе менш за адсотак ад агульнай колькасці фільмаў, якія ўвогуле выдадзеныя, гэтага вельмі мала.

– На месцы лягчэй прасоўваць гэтыя пытанні, чым з-за мяжы. Якім чынам вы будзеце гэтым далей займацца?

– Мы арганізавалі працэс, я не магу казаць пра тэхнічныя дэталі, бо гэта небяспечна. Але праца будзе выконвацца, і будзе з’яўляцца беларуская мова і ў іншых месцах таксама.

Цяпер не бачу магчымасці вярнуцца ў Беларусь увогуле. Я буду спадзявацца на лепшае, рыхтавацца да горшага і старацца ўсімі сваімі дзеяннямі неяк прыспешыць гэты момант, калі мы зможам прыехаць.

– Што трэба рабіць тым, хто застаўся ў Беларусі ці працягваць змаганне, калі яны гэта робяць?

– Так, ім трэба працягваць рабіць тое, што яны робяць, але рабіць гэта вельмі асцярожна, акуратна і гуртавацца. Трэба берагчы, падтрымліваць сваіх людзей, – кажа Ігар.

– Ты казала, што цяпер шмат шпіёнаў у Беларусі, як з гэтым жыць увогуле ў Беларусі?

– Мы ўвогуле баяліся адчыніць дзверы. Калі цябе затрымаюць, як яны будуць абыходзіцца з дзецьмі? І таксама была рызыка, што могуць спрабаваць вербаваць. Таму што Ігара спрабавалі яшчэ ў 2010-х гадах, пагрозамі. Так атрымалася, што нам прыватна паведамлялі нейкімі такімі цікавымі дзіўнымі шляхамі людзі, што або іх спрабуюць, або ўжо, або што яны не пагаджаюцца і ім пагражаюць. Цяпер такая рэчаіснасць у Беларусі. Проста жыць і спрабаваць падтрымліваць тых, хто там яшчэ нешта робіць, бо вельмі цяжка нешта рабіць, бо ты не можаш проста ўзяць і адкрыта сказаць пра тое, што ты робіш. І калі вы бачыце, што нехта нешта робіць у Беларусі, абавязкова трэба падтрымліваць гэтага чалавека, бо ён робіць важную справу.

Гісторыі
«Чакаем, калі на сустрэчах дэмсілаў з’явіцца дзіцячы пакой». Беларускі – пра мацярынства ў эміграцыі
2023.10.25 18:06

Кожны паход у лякарню – прыгода, кожны паход у дзяржаўную ўстанову – цэлы трылер нейкі. Гэта здаралася проста ўвесь час і вельмі вымотвала. Ігар нядаўна распавядаў, як ён хадзіў пешшу 10 км па лекі Стэфану. Гэта не адзіны выпадак. Бо самыя бяспечныя шляхі – гэта або на чужой машыне, або нагамі, і не заўжды ў нас была машына, цяжка было. Або, напрыклад, я вельмі хацела на адну выставу трапіць, а выстава была ў цэнтры вялікага гораду, і таксама невядома было, як паркавацца, потым ехаць 10 разоў на розных аўтобусах, выходзіць, пасля нагамі. Гэта вельмі доўга было. Мы стараліся трапляць на культурныя імпрэзы, гэта не часта атрымлівалася, і хацелася, вядома, часцей, але мы спрабавалі. Некалькі разоў мы былі на розных выставах, гэта было для нас важна. Нават на адным канцэрціку за гэтыя тры гады», – згадвае Аліна.

– А што цяпер з вашым домам?

– Прададзены, мы прадалі яго ўжо даўнавата. Проста стала зразумела, што мы не зможам там жыць, бо туды ўвесь час прыязджалі, нават пасля нашага ад’езду. І мы не маглі папрасіць нікога з сяброў гэты дом даглядаць, пільнаваць. Мы не маглі так проста падставіць блізкіх людзей, нікога туды адправіць. Раптам прыедуць? І было зразумела, што трэба дом прадаваць, плюс патрэбныя былі грошы. Гэтае хаванне дорага абыходзілася, даражэй нашмат, чым проста вось жыць нармальным легальным жыццём.

Мы з’ехалі, бо ўжо не было сілаў, цяжка так жыць. Да гэтага проста прызвычайваешся, але ўвесь час жывеш у вялікім стрэсе.

– Як увогуле вы харчаваліся, хадзілі па ежу ці ў крамы, кавярні?

– Мы хадзілі есці ў некаторыя кавярні, дзе няма відэаназірання. Па ежу – па-рознаму. Хадзілі ў тыя месцы, дзе можна было хадзіць, не магу тэхнічных падрабязнасцяў распавядаць. Нам часам прывозілі, мы замаўлялі, але вядома, што не са сваіх картак, не на свае адрасы. Нам вельмі шмат людзей дапамагала ў гэтым усім жыць, таму што вядома, што мы самі ўтрох, а пасля ўчатырох, наўрад ці б справіліся з такім кўэстам. Усё можна было тэхнічна арганізоўваць, хадзіць у лякарні, запісвацца туды, каб нідзе не трапіць пры запісу, але гэта вымагае вельмі шмат сілаў. Мы каля 10 месцаў змянілі. Гэта ўвесь час як бы мяняць кола сяброў, кола знаёмых. Дзеці прывыкаюць да адных людзей, потым да іншых. Але, з іншага боку, Стэфан – адкрыты хлопчык, яму цікава, ён адразу сходзіцца з людзьмі. Можа, гэта таксама дапамагло ягонаму характару. Добрая рыса – быць камунікатыўным.

Грамадскія актывісты Аліна Нагорная і Ігар Случак з дзецьмі ў Вільні, Літва. Кастрычнік 2023 года.
Фота: Белсат

Шмат энергіі сыходзіла на гэтае выжыванне, плюс малыя, трэба было дзесьці браць грошы, нейкія падпрацоўкі, плюс беларуская мова. У нас зусім усё было кепска амаль адразу пасля ад’езду з нашай хаты, і нам адзін чалавек з Нямеччыны замаўляў дастаўку. Нам гэта вельмі дапамагло пратрымацца першы складаны час.

Па ўсёй Беларусі, амаль што ва ўсіх рэгіёнах мы пабывалі, пажылі. Не ведаю, такі вопыт у звычайным жыцці, можа быць, і не здарыўся б, але як ёсць. Усюды прыкладна ўсё было аднолькава, краіна такая маналітная збольшага. Галоўнае, каб было сваё кола людзей.

– Калі Аліна нараджала, як гэта было для вас, як вы думалі, дзе яна будзе нараджаць?

– Гэта быў такі нервовы час, да апошняга часу не ведалі, як гэта ўсё будзе адбывацца, але ў выніку ўсё даволі добра прайшло. Я быў сам на родах, гэта таксама такі вопыт быў цікавы, – кажа Ігар.

– Дапамагалі лекары, я рабіла ўсё афіцыйна і ў апошні момант, таму што я спадзявалася на іншае, а іншае не атрымалася, і я проста баялася ўвесь час, што нешта можа здарыцца. Бо на другі дзень пасля родаў звесткі пра новага чалавеку ідуць у загс, я баялася, што гэта можа неяк паўплываць. Падчас цяжарнасці мы мянялі месца жыхарства. Цяпер мы крышачку выдыхнулі і глядзім на гэта збоку, як мы рызыкавалі моцна, страшна, – дадае Аліна.

– Як ты рэгістравала дзіця ў загсе?

– Цяжка, на стрэсе, давялося рабіць некаторыя маніпуляцыі з перапрапіскамі. Але афіцыйна зарэгістравала, і мы ўжо зрабілі пашпарты і па візе прыехалі.

І я вельмі ганаруся, што ў абодвух маіх дзяцей імёны Стэфан і Тадэвуш напісаны і ў беларускай версіі і ў рускай аднолькава. Вось людзі кажуць, што гэта немагчыма. Насамрэч магчыма. І нават мы ў сваім беларускім нелегальным статусе бежанцаў унутры краіны змаглі зрабіць так.

Планы ў Вільні

Зараз сям’я плануе шукаць працу і адзначае, што тут гэта зрабіць будзе значна прасцей, бо тут яны не хаваюцца і жывуць як звычайныя людзі.

Грамадскі актывіст Ігар Случак з дзіцяці ў Вільні, Літва. Кастрычнік 2023 года.
Фота: Белсат

– Апошнія тры гады як кіно выглядае, і дзесьці на нейкі адсотак я рада, што гэтае кіно скончылася, цяпер можна проста пажыць. І нават усе гэтыя бюракратычныя праблемы, якія будуць на новым месцы, падаюцца мне вельмі лёгкімі тэхнічна ў параўнанні з тым, што ў нас было, – адзначае Аліна.

Аліна кажа, што плануе стварыць беларускамоўны садок.

– Мы ўвогуле ў шоку, што тры гады беларусы жывуць у Вільні і няма садка. Гэта натуральнае пытанне, бо Стэфіку вельмі гэтага не хапала, мы не маглі сабе дазволіць завезці яго ў садок, бо мы хаваліся. Цяпер нам патрэбны садок. І мы ўжо проста выпадковым чынам, калі давалі інтэрв’ю, стасаваліся, знайшлі дваіх дзяцей, якія таксама жадаюць такі садок. І я думаю, калі мы будзем шукаць мэтанакіравана, мы знойдзем больш. І ўсё адно, я цяпер у такім статусе, не зусім легальным, мне трэба пытанне з садком вырашаць праз мэрыю, я ўсё адно збіраюся ісці туды на гэтым тыдні, і я хачу запытацца пра такую магчымасць і як гэта тэхнічна арганізаваць, – кажа Аліна.

Звяртаем увагу на тое, што ў Вільні ідуць размовы пра тое, каб зрабіць яшчэ адну беларускамоўную школу.

– Так, я чула пра гэта і вельмі спадзяюся, што атрымаецца, і гатовая дапамагаць у гэтым, калі спатрэбіцца мая дапамога. Я вельмі падтрымліваю гэту ідэю.

У Беларусі вельмі цяжка ўвогуле нешта прасоўваць. У нас нават атрымлівалася ў Беларусі мяняць законы, гэта нерэальна гучыць, але да апошняга атрымлівалася. І мне здаецца, што пасля таго, што мы перажылі там, пасля таго, як мы там працавалі, тут гэта будзе значна прасцей, таму што тут ёсць дэмакратыя, тут улічваюцца меркаванні людзей і няма такога вялікага супраціву беларускай мове і ўвогуле меншасцям нацыянальным, – кажа Аліна Нагорная.

Падтрымаць сям’ю Аліны Нагорнай і Ігара Случака можна праз адмысловы збор ад BYSOL.

Размаўляла Ганна Русінава belsat.eu