Колькі беларусаў з’ехала з радзімы цягам 2020–2023 гадоў, невядома, але дакладна сотні тысяч чалавек. Шмат хто з іх перажыў і дагэтуль перажывае падвойную ці патройную міграцыю – некаторыя беларусы паехалі ва Украіну, адкуль потым былі вымушаныя ўцякаць ад вайны. Цяпер шмат хто шукае краіну, дзе прасцей легалізавацца, бо «пашпартны ўказ» Лукашэнкі не дазваляе заставацца там, дзе хочацца. Тэма захавання свайго псіхічнага стану ўва ўсіх гэтых выпрабаваннях не губляе актуальнасці. Прыводзім парады псіхолагаў, як ставіцца да эміграцыі і што рабіць, каб найбольш эфектыўна адаптавацца на новым месцы.
Беларускія адмыслоўцы Кацярына Карповіч (кагнітыўна-паводзінная тэрапеўтка, каардынатарка праграмы псіхалагічнай дапамогі беларускім эмігрантам) і Міхаіл Самкоў (экзістэнцыйны кансультант, інструктар «mindfulness», тэолаг, святар) правялі онлайн-сустрэчу «Раскіданае гняздо. Як выжыць у вымушанай эміграцыі». Дзелімся з вамі цікавымі фактамі і карыснымі парадамі, якія на ёй прагучалі.
Эміграцыя і статус эмігранта – гэта назаўсёды, кажа тэолаг і святар Міхаіл Самкоў:
«Гэта новая роля, якая з вамі будзе цяпер назаўжды. Незалежна ад таго, ці вернецеся вы ў Беларусь, ці не, гэты досвед застанецца з вамі да канца жыцця, і ён змяняе вас цалкам».
У кожнага працэс перажывання эміграцыі можа праходзіць па-рознаму, аднаго сцэнара і рэцэпту для найхутчэйшай адаптацыі няма. У некага ўсё можа прайсці хутка і без асаблівых праблемаў, а іншая асоба перажывае эміграцыю як смерць. З якім варыянтам развіцця падзеяў сутыкнецца кожны канкрэтны чалавек, залежыць ад розных чыннікаў (фінансавых магчымасцяў, сацыяльных сувязяў, унутраных рэсурсаў і г. д.), зазначае эксперт.
«У кожнага свая гісторыя, і да гэтай гісторыі трэба адносіцца з павагай і не спрабаваць упісаць у нейкія агульныя схемы. Але пры гэтым ёсць пэўныя заканамернасці ў тым, як праходзяць любыя пераходныя перыяды, у тым ліку эміграцыя, – кажа Міхаіл Самкоў. – На пэўным этапе вы можаце перажываць сапраўдную «ноч душы». Вы адпускаеце страчаныя мары, ролі, няўдалую кар’еру ці шлюб. Вы можаце адчуваць сябе нікім і нічым, быць у разгубленасці: мінулага ўжо няма, будучыні – яшчэ няма. Адчуваць сябе самотнымі, нават калі навокал шмат людзей. Паступова адбываецца метамарфоза «я» – паўстаюць новыя каштоўнасці і мары, прыходзіць пачуццё ачуньвання, падзякі і радасці, вы гатовыя пачаць новыя прыгоды».
Святар параўноўвае эміграцыю са складаннем пазлу, мазаікі.
«Нашае жыццё, ідэнтычнасць можна параўнаць з мазаікай. Часам мы яе складваем гадзінамі, і раптам, калі нам трэба трошкі яе пасунуць, перамясціць з аднаго месца ў іншае, яе фрагменты могуць змясціцца альбо выпасці, альбо ўвогуле мазаіка можа цалкам распасціся падчас перамяшчэння, асабліва калі нам трэба яе далёка перасунуць. Тое самае адбываецца і з чалавекам падчас міграцыі».
Паводле Міхаіла, міграцыя – гэта пытанне не проста геаграфічнае ці нашай сацыяльнай ды прафесійнай прыналежнасці. Яна закранае ўсе аспекты нашага жыцця. Падчас перамяшчэння нашай «мазаікі», некаторыя элементы могуць таксама ссунуцца на іншае месца, выпасці, згубіцца. Часам да пазлу ўвогуле могуць дадацца зусім новыя элементы.
«Нашая задача ў эміграцыі – зноў перасабраць мазаіку і прыняць, што некаторыя элементы ў гэтым працэсе згубяцца і больш ніколі не знойдуцца. Адносна іншых нам давядзецца думаць, як іх прыстасаваць да агульнай карціны, і магчыма, некаторыя з іх падыдуць, інтэгруюцца, некаторыя – не. У залежнасці ад таго, у якой ступені дэфармавалася мазаіка, гэты працэс будзе рознай ступені цяжкасці», – кажа эксперт.
Хоць рэакцыі і могуць быць рознымі, ад эйфарыі да дэпрэсіі, задача адна – «атрымаць новую карцінку». Да старой жа вяртання ўжо не будзе.
«Нават калі вы зноў яе вернеце на месца, дзе вы нарадзіліся, жылі, у Беларусь, гэтая мазаіка зноў будзе ў нейкім сэнсе перазбірацца, – кажа Міхаіл. – Раю аднесціся да гэтага працэсу творча. Гэты працэс рэфлексіі, пераасэнсавання жыцця можа быць складаным. Добра, калі ёсць той, хто можа разам з табой збіраць гэтую мазаіку, кола людзей, якія падказваюць: гэта можна сюды паставіць, а гэта – сюды».
Кацярына Карповіч прапаноўвае вызначыцца з тым, хто такія вымушаныя мігранты.
«Гэта людзі, якія пакінулі краіну пастаяннага пражывання праз патэнцыйную альбо рэальную пагрозу бяспецы іх альбо чальцоў іхнай сям’і, альбо праз крытычныя змены працоўнага рынку. То бок гэта ўцекачы з зоны ваенных дзеянняў, ахвяры палітычнага пераследу альбо тыя, хто застаецца ў зоне рызыкі пераследу, працаўнікі арганізацыяў, якія пастаўленыя перад дылемай «рэлакацыя альбо звальненне», – кажа псіхатэрапеўтка.
Эміграцыя – сур’ёзны стрэс для нашай псіхікі, і яна можа выклікаць памылкі мыслення ці кагнітыўныя скажэнні, зазначае Кацярына. Сярод іх:
«Дысфункцыянальнасць гэтых скажэнняў не ў тым, што яны беспадстаўныя, а ў тым, што яны перашкаджаюць адаптавацца», – кажа тэрапеўтка.
Пасля вымушанага пераезду чалавек можа перажываць сімптомы ПТСР – посттраўматычнага стрэсавага разладу. Гэта:
Справакаваць ПТСР, а таксама стаць найбольшай перашкодай для адаптацыі ў эміграцыі можа перажыты ў мінулым гвалт і яго інтэнсіўнасць. Псіхолагі выкарыстоўваюць тэрмін «экспазіцыя» – працягласць сутыкнення з гвалтам, памножаная на яго інтэнсіўнасць. Яна можа быць першаснаю, калі вы ахвяра затрымання, напрыклад, і другаснаю, калі вы былі сведкам катаванняў.
Кацярына Карповіч прывяла некалькі лічбаў са статыстыкі:
Навукоўцы лічаць, што самы важны элемент для паспяховай адаптацыі ў эміграцыі – сацыяльны капітал. Моцна падтрымлівае магчымасць жыцця з сям’ёй. Аднак пры гэтым бацькам з малымі дзецьмі можа быць цяжэй, бо калі шмат часу прысвячаецца іншаму чалавеку, дзіцяці, на сябе рэсурсу застаецца вельмі мала. А якраз унутраныя рэсурсы вельмі каштоўныя ў эміграцыі, і на фоне іх недахопу можа развіцца дэпрэсія.
У сітуацыі, калі чалавек быў вымушаны пакінуць родную краіну, на новым месцы могуць дапамагчы магчымасць прымаць гасцей і ездзіць у госці, давер да прыймовага боку, доступ да кам’юніці (дыяспара, гурткі паводле інтарэсаў і г. д.).
Што яшчэ можа быць карысным:
Калі самастойна справіцца не ўдаецца і з цягам часу становіцца толькі цяжэй, з’яўляюцца сімптомы ПТСР, дэпрэсіі, то трэба звяртацца да спецыялістаў, ісці на псіхатэрапію. Адносна тэрапіі падчас сустрэчы «Раскіданае гняздо» слухачы закранулі пытанне, якое звычайна ў такім кантэксце не абмяркоўваецца – на якой мове размаўляць з тэрапеўтам, на беларускай ці расейскай, калі расейская – твая першая мова з дзяцінства? Ці будзе ў такім выпадку тэрапія на беларускай мове такой жа эфектыўнай, як і на расейскай?
«Ёсць такая думка, што для прапрацоўвання дзіцячых траўмаў трэба працаваць на той мове, на якой чалавек размаўляў у дзяцінстве, – кажа Кацярына Карповіч. – Я б сказала, што залежыць ад таго, як вы сябе пачуваеце ў беларускай мове. Калі вы не першы раз размаўляеце па-беларуску, думаеце на ёй, то цалкам добра быць і ў тэрапіі на ёй».
Міхаіл Самкоў распавёў са свайго досведу, што часам, калі чалавек яшчэ не вельмі добра размаўляе па-беларуску, у яго можа заняць больш часу фармуляванне думак, і гэта запавольвае сесію.
«Гэта забірае час і шмат ментальнай энергіі. Таму я прасіў пераходзіць на расейскую мову, бо ў псіхатэрапіі важна, каб гэтыя плыні думак і энергіі былі свабоднымі», – зазначае святар.
Для псіхатэрапіі трэба выбіраць мову, на якой вам будзе прасцей і камфортней, рэзюмуюць эксперты.
Ганна Ганчар belsat.eu