Ці чакае беларусаў раптоўная дэпартацыя з Літвы? Тлумачыць палітолаг Віціс Юрконіс


Чаму беларуса вывезлі на мяжу адразу ж пасля адмовы працягнуць яму від на жыхарства, чаму карэспандэнтцы «Белсату» сказалі пакінуць Літву, і чаму змянілася стаўленне літоўцаў да беларусаў? Пра гэта «Белсат» пагаварыў з дырэктарам віленскага офісу Freedom House, палітолагам Віцісам Юрконісам.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Мітынг, прысвечаны другой гадавіне выбараў у Беларусі. Вільня, Літва. 9 жніўня 2022 года.
Фота: Белсат

Што адбываецца?

Грамадзяніна Беларусі, які сямнаццаць гадоў жыў у Літве, раптам выслалі на радзіму, спаслаўшыся на тое, што калісьці ён служыў у беларускім войску. За год да гэтага Літва назвала 1644 беларусаў «пагрозай нацыянальнай бяспецы», у тым ліку праз службу ў войску ці, напрыклад, працу на БелАЭС. Акрамя таго, Дэпартамент дзяржаўнай бяспекі Літвы бачыць пагрозу «літвінізму» – радыкальнага беларускага нацыяналізму з тэрытарыяльнымі прэтэнзіямі да Літвы.

Журналістцы «Белсату» нядаўна параілі пакінуць Літву праз тое, што нейкая неназваная служба не змагла даць Дэпартаменту міграцыі нейкіх звестак, неабходных для падаўжэння ейнага віду на жыхарства. Пытанне з яе відам на жыхарства не разгледзяць у належны тэрмін, закон дазваляе так рабіць. А акрамя літоўскага ВНЖ у яе няма дакументаў, якія далі б права заставацца ў Літве ці на тэрыторыі Еўразвязу.

У Сейм Літвы ўнеслі папраўку да закону, каб прыпыніць выдачу ВНЖ беларусам. Міністр унутраных справаў Літвы спадзяецца на ўніфікацыю санкцыяў супраць беларусаў і расейцаў, але прэм’ер-міністр папярэджвае, што тады ўзнікне недахоп працоўных рук.

Офіс абранай прэзідэнткі Беларусі Святланы Ціханоўскай анансаваў, што абмяркуе стан беларусаў у Літве 14 снежня на слуханнях у літоўскім Сейме.

Што з журналісткай «Белсату»?

Пакуль – да заканчэння тэрміну дзеяння яе ВНЖ – журналістцы не трэба зʼязджаць з Літвы, тлумачыць Віціс Юрконіс.

Віціс Юрконіс
Віціс Юрконіс у размове з «Белсатам». 5 снежня 2023 года. Скрыншот: Белсат

Прымаць дакументы на падаўжэнне гуманітарнага ВНЖ пачынаюць не раней, чым за чатыры месяцы да заканчэння тэрміну яго дзеяння. Хоць максімальны тэрмін разгляду, які апісаны ў законе, меншы, ён не ўключае тэрміну магчымага прыпынення разгляду на максімум два месяцы з-за адсутнасці неабходных звестак (п. 5 арт. 33 закону «Аб прававым статусе замежнікаў»). Юрконіс раіць падаваць заявы своечасова. Гэта значыць, за чатыры месяцы да заканчэння ВНЖ – адразу ж, як дакументы пачынаюць прымаць.

Калі тэрмін ВНЖ скончыцца да атрымання рашэння аб працягу альбо не падаўжэнні, варыянты такія: выехаць за межы шэнгенскай зоны (да прыкладу, у Турцыю ці Грузію) і там падаць заяву на шэнгенскую візу; падаць заяву на нацыянальную літоўскую візу (візаў чакання Літва ўжо не выдае); заставацца чакаць рашэння ў Літве без легальнага статусу (што будзе адміністратыўным парушэннем і пагражае штрафам у выпадку, калі парушэнне палічаць наўмысным). Са словаў Юрконіса, працаўнік Дэпартаменту міграцыі і не мог параіць нічога, акрамя выезду з Літвы.

«Ніводнага незалежнага журналіста, дэмакратычнага актывіста або праваабаронцы, які пацярпеў ад рэпрэсіяў, які прыехаў з гуманітарных прычынаў, Літва не высылала», – кажа Юрконіс.

Праваабаронца адзначае, што «ўсё павінна быць нармальна», калі толькі чалавек не здзяйсняў рэгулярных паездак у Беларусь і не мае блізкіх сваякоў, якія займаюць пасады ў беларускім рэжыме.

У выпадку гуманітарных ВНЖ за чалавека ручаюцца пэўныя арганізацыі, яны пацвярджаюць рызыкі для чалавека на радзіме. Да гэтых арганізацыяў можна звяртацца і па кансультацыі. Ёсць таксама юрысты ў міграцыйных справах, але да іх звычайна звяртаюцца тыя, хто хоча легалізацыю не з гуманітарных прычынаў.

Ці часта бываюць раптоўныя дэпартацыі?

Такія выпадкі, калі замежных грамадзянаў адразу ж пасля адмовы ў падаўжэнні ВНЖ выправаджваюць на радзіму, адзінкавыя, кажа Юрконіс. У выпадках, калі «ўсе тэрміны згарэлі», звычайна людзям даюць два тыдні, каб пакінуць краіну. Праваабаронца ўспамінае хіба што два-тры падобныя эпізоды неадкладнай высылкі.

У гісторыі, якую апісала Delfi, гаворыцца, што чалавек рэгулярна прыязджаў да бацькоў у Беларусь, а значыць, пагрозаў на тэрыторыі Беларусі яму не было. Калі яго адразу давезлі да мяжы, разважае Юрконіс, магло быць нешта большае, чым проста служба ў войску дваццаць гадоў таму.

Юрконіс падкрэслівае, што такія выпадкі былі не з дэмакратычнымі актывістамі: Літва, кажа ён, падзяляе дэмакратычных актывістаў і тых, каму нічога не пагражае ў Беларусі. Тыя, для каго ёсць пагрозы, не абавязаныя з’язджаць з Літвы менавіта ў Беларусь.

Hавiны
«Не паставіш з кожным паліцыянта». У Літве распавялі, чаму баяцца росту колькасці беларусаў
2023.12.03 15:52

Калі змянілася стаўленне да беларусаў?

Істотныя змены ў стаўленні да беларусаў з’явіліся з пачаткам поўнамаштабнай вайны ва Украіне, тлумачыць Юрконіс: прыярытэтам адназначна зрабілася Украіна, салідарнасць з Беларуссю адышла на другі план. Але лічбы паказваюць, што падыход да беларускіх мігрантаў не змяніўся: іх колькасць расце. Гэта выклікае занепакоенасць літоўскіх ведамстваў, зʼяўляюцца пытанні накшталт такога: «Ці разумеем мы, хто прыязджае?»

Тыя, хто прыязджаюць з гуманітарных прычынаў або як высокакваліфікаваныя спецыялісты, складаюць невялікую долю плыні мігрантаў, працягвае Юрконіс: можа, 10 тысяч з 60 тысяч. Самая буйная катэгорыя – будаўнікі, дальнабойнікі і гэтак далей. Датычна іх і ўзнікае пытанне аб тым, які падыход выбудаваць, каб зразумець, дзеля чаго яны ўязджаюць у краіну. Гэтае пытанне абмяркоўваюць, ёсць розныя меркаванні:

«У Літве 141 парламентарый, кожны можа падымаць свой голас, свае думкі, ідэі, праекты, што і адбываецца, – адзначае Юрконіс. – І акрамя парламенту ёсць яшчэ прэзідэнт, урад. У гэтым усім хоры гучаць розныя галасы. Ёсць тыя, хто робіць большы акцэнт на гуманітарны складнік: кажуць, што людзі рэпрэсаваныя, трэба дапамагчы. Фактычна, усе згаджаюцца з тым, што салідарнасць з рэпрэсаванымі людзьмі застаецца нават пры патэнцыйных новых абмежаваннях».

Ёсць пытанні з выразнасцю фармулёвак і выразнасцю камунікацыяў, адзначае Юрконіс. Праваабаронца скардзіцца: даводзіцца шмат тлумачыць літоўскім палітыкам і грамадству, што ўзровень нявызначанасці ў беларусаў вельмі высокі.

Беларускім дэмакратычным сілам трэба быць больш актыўнымі?

Размова пра бяспеку, працягвае праваабаронца, павінна датычыць і саміх беларусаў. Ён нагадвае пра выпадкі ў Польшчы, калі грамадзянаў Беларусі падазравалі ў працы на расейскія спецслужбы і ў сачэнні за перамяшчэннямі вайсковай тэхнікі. І заўважае, што ёсць і такія грамадзяне Беларусі, якія могуць ствараць пагрозу суайчыннікам у эміграцыі.

Юрконіс хацеў бы пачуць «выразны голас» і прапановы дэмакратычных сілаў Беларусі аб тым, як з такімі пагрозамі трэба працаваць і як вызначаць, хто можа супрацоўнічаць са спецслужбамі або абыходзіць санкцыі. На ягоную думку, не варта казаць нешта накшталт «усім беларусам патрэбныя візы і мабільнасць» або «усе беларусы супраць вайны» – патрэбна больш выразная пазіцыя адносна аддзялення рэжыму ад астатніх беларусаў.

Удзел Офісу Ціханоўскай у слуханнях у літоўскім Сейме не зменіць сітуацыю маментальна. На бягучай сесіі Сейму абмежаванні для беларусаў, лічыць Юрконіс, не змогуць быць прынятыя або адхіленыя – ён чакае разгляду законапраекту аб абмежаваннях для беларусаў у вясновую сесію. Пасля гэтага пытанне можа падымацца яшчэ раз. Але нават калі будзе прыняты «самы кансерватыўны» варыянт абмежаванняў, кажа праваабаронца, яны не закрануць дэмакратычных актывістаў і ахвяраў рэпрэсій.

Рэпартаж
Беларускі бізнес пакідае Літву і Латвію: «ёсць дыскрымінацыя паводле нацыянальнай прыкметы»
2023.11.22 10:11

Алесь Наваборскі / ІР belsat.eu

Стужка навінаў