У Сейм Літвы ўнеслі папраўкі, якія могуць прыпыніць выдачу ВНЖ беларусам


У літоўскім Сейме зарэгістравалі папраўку да закону аб абмежавальных захадах у дачыненні беларусаў у Літве. Згодна з ёй можа знікнуць магчымасць атрымання ВНЖ для нашых суайчыннікаў, якія прыедуць у Літву.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Ганна Русінава / Белсат

Такая папраўка была ініцыяваная віцэ-старшынём Сейму Паўлюсам Саўдаргасам, старшынём камітэту нацыянальнай бяспекі і абароны Лаўрынасам Касчунасам і сябрам камітэту замежных справаў Аўдронюсам Ажубалісам. Згодна з папраўкай прыпыніцца прыём заяваў беларускіх грамадзянаў на атрыманне дазволу на часовае жыхарства ў Літве з адпаведнымі льготамі.

Істотным момантам у папраўках таксама называецца захада, згодна з якой будзе прыпынены прыём заяваў грамадзянаў Беларусі аб атрыманні літоўскага ВНЖ праз вонкавага пастаўніка паслуг за мяжою.

Выключэнне будуць складаць тыя грамадзяне, якія будуць атрымліваць ВНЖ пры пасярэдніцтве ўпаўнаважанай урадам Літвы ўстановы (гаворка вядзецца пра МЗС Літвы), а таксама грамадзяне, якія збіраюцца працаваць на пазіцыях, што патрабуюць высокай прафесійнай кваліфікацыі і запатрабаваныя ў Літве.

Таксама дзеянне папраўкі не закране тых беларусаў, якія ўжо маюць дзейную шэнгенскую або нацыянальную літоўскую візу, або афіцыйны дазвол на жыхарства ў краіне, або від на жыхарства, выдадзены іншай дзяржавай – чальцом ЕЗ.

Пры гэтым адзначаецца, што такое абмежаванне будзе распаўсюджвацца толькі на першыя дазволы на часовае жыхарства, гэта значыць, яны закрануць толькі новых грамадзянаў Беларусі, якія прыбываюць у Літву.

Зарэгістраваны праект, як адзначаецца, мае на мэце прыбраць магчымасць бесперашкодна афармляць нацыянальную візу ў Літве грамадзянам Расеі і Беларусі, якія прыязджалі ў Літву паводле шэнгенскай візы іншай краіны.

«Прыпыненне прыёму заяваў на атрыманне ВНЖ беларускімі грамадзянамі ў Літве, за некаторымі выключэннямі, лічыцца аптымальным і збалансаваным у кантэксце цяперашняй сітуацыі з бяспекай. Перад тварам існых пагрозаў прапанаваная захада ёсць неабходнай і мэтанакіраванай і павінна прымяняцца выключна ў адказ на існыя пагрозы», – адзначыў намеснік старшыні Сейму Паўлюс Саўдаргас.

Ініцыятары ўнясення папраўкі падкрэслілі, што сярод беларусаў, якія ўязджаюць на тэрыторыю Літвы легальна і нелегальна, ёсць асобы, якія выкарыстоўваюцца беларускімі спецслужбамі для вядзення выведнай дзейнасці.

У той жа час літоўскія парламентары падкрэслілі, што збіраюцца і надалей падтрымліваць дэмакратычную Беларусь.

«Давайце падтрымаем дэмакратычную Беларусь, дамо прытулак тым, хто мае ў гэтым патрэбу, давайце ўмацуем незалежнасць гэтай краіны, наколькі гэта ад нас залежыць, але не будзем ствараць Беларусі ў Літве з усімі рызыкамі, якія вынікаюць з гэтага, і выведнымі пагрозамі», – падкрэсліў старшыня камітэту нацыянальнай бяспекі і абароны Лаўрынас Касчунас.

Нагадаем, што 3 снежня дырэктар Дэпартаменту дзяржаўнай бяспекі Літвы Дарус Яўнішкіс у інтэрв’ю літоўскаму тэлеканалу LRT распавёў пра рост актыўнасці спецслужбаў Беларусі ў Літве, а таксама адзначыў, што за апошнія гады беларуская дыяспара ў Літве зрабілася значна большаю, бо ў краіне ўжо ёсць больш за 60 тысяч грамадзянаў Беларусі, якія маюць від на жыхарства або нейкую працоўную візу. Цягам года ў Літву прыязджае каля 17 тысячаў асобаў. Паводле Яўнішкіса, восем з дзесяці беларусаў ёсць эканамічнымі мігрантамі, а не прадстаўнікамі апазіцыі.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў