«Не паставіш з кожным паліцыянта». У Літве распавялі, чаму баяцца росту колькасці беларусаў


Дарус Яўнішкіс, дырэктар Дэпартаменту дзяржаўнай бяспекі Літвы (ДДБ), у інтэрв’ю літоўскаму тэлебачанню LRT распавёў пра зрослую актыўнасць спецслужбаў Беларусі ў краіне і пра выклікі, якія гэта стварае для Літвы.

Святкаванне Дня Волі у Вільні, Літва. 25 сакавіка 2023 года.
Фота: Белсат

Дырэктар ДДБ адзначыў, што сваю дзейнасць у Літве актывізаваў не толькі КДБ, але таксама ГРУ і ГУБАЗіК. Гэта назіраецца «ледзь не з 2020 года, з тых псеўдавыбараў», але з пачатку расейскай агрэсіі супраць Украіны бачная «беспрэцэдэнтная актыўнасць беларускіх спецслужбаў».

Пры гэтым Дарус Яўнішкіс адзначыў, што за апошнія гады беларуская дыяспара ў Літве стала значна большай. На сёння ў краіне ўжо знаходзіцца больш за 60 тысяч грамадзянаў Беларусі, якія маюць від на жыхарства або нейкую працоўную візу. І за год прыязджае каля 17 тысячаў асобаў.

«Восем з дзесяці ўсё ж такі зʼяўляюцца эканамічнымі мігрантамі. Гэта не прадстаўнікі апазіцыі. Прадстаўнікі апазіцыі, якія актыўна апаніруюць рэжыму Лукашэнкі, складаюць толькі невялікую частку», – заявіў дырэктар ДДБ.

Паводле яго, гэта з’яўлецца коранем сурʼёзных пагрозаў, бо частка гэтых людзей працягвае ездзіць у Беларусь і назад, што «стварае беларускім спецслужбам пэўныя магчымасці для вербавання, для аказання ўплыву, збору інфармацыі аб працэсах у Літве». Таксама беларускія спецслужбы спрабуюць на мяжы вербаваць літоўскіх грамадзянаў, вымаць звесткі з іхных тэлефонаў.

«Без сумневу, з грамадзянамі Беларусі гэта адбываецца значна больш інтэнсіўна. Яны падарожнічаюць, бавяць некаторы час на тэрыторыі Беларусі. Гэта ідэальнае асяроддзе для іх вербавання з боку беларускага КДБ ці іншых службаў, і, без усялякага сумнення, яны гэта робяць, а мы гэта фіксуем», – сказаў Яўнішкіс.

Таксама вербаваць беларусаў, у тым ліку прадстаўнікоў бізнесу і апазіцыі, спрабуюць праз сацыяльныя сеткі, прапануючы «супрацоўнічаць са спецслужбамі, даваць інфармацыю пра апазіцыянераў, якія знаходзяцца ў Літве, а ў некаторых выпадках часам нават прапануюць плаціць за пэўную дзейнасць, якой яны займаліся раней».

ДДБ прадставіў палітыкам «пэўныя высновы»

Кіраўнік ДДБ чакае, што ў 2025 годзе беларусаў у Літве ўжо можа стаць каля 100 тысячаў асобаў. Ён асцерагаецца, што гэта створыць пагрозы таго, што літоўскія спецслужбы ўжо не змогуць «даць рады, бо правяранне сапраўды патрабуе часу, рэсурсаў і намаганняў».

«Няма ніякіх гарантыяў, што мы зможам усіх паглядзець, усіх праверыць. Як вы разумееце, не паставіш жа побач з кожным прадстаўніка выведкі або паліцыянта», – заявіў Яўнішкіс

Паводле яго, ДДБ ужо прадставіў палітыкам «пэўныя высновы» на гэты конт, і тым давядзецца вырашаць, ці трэба ўніфікаваць умовы для міграцыі для беларусаў і расейцаў.

Hавiны
Кіраўнік спецслужбаў Літвы: Дзейнасць КДБ Беларусі дасягнула гістарычных вышыняў
2023.11.27 09:30

Літва з лістапада 2022 года прызнала 1644 беларусаў пагрозай нацыянальнай бяспецы, паведамляе Дэпартамент міграцыі пры МУС Літвы. 562 беларусам было адмоўлена ў дазволе на жыхарства ў Літве, а 343 беларусам было вырашана яго не працягваць. Таксама было прынята 450 рашэнняў аб ануляванні ВНЖ, выдадзеных беларусам.

Двойчы беларускім грамадзянам адмаўлялі ў выдачы пастаяннага віду на жыхарства ў Літве, 8 разоў прымаліся рашэнні аб ануляванні такіх дакументаў. Яшчэ 279 беларусам было адмоўлена ў атрыманні нацыянальнай літоўскай візы.

Hавiны
У Літве расказалі, колькі беларусаў лічаць пагрозай нацыянальнай бяспецы
2023.11.22 19:07

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў