З Літвы выслалі беларуса, які 17 гадоў пражыў у краіне: ён некалі служыў у войску


Грамадзяніна Беларусі, які 17 гадоў пражыў у Літве і нават завёў там сям’ю, у канцы лістапада выслалі ў Беларусь. Яму давялося пакінуць жонку і дваіх непаўналетніх дзяцей, бо яго пазбавілі віду на жыхарства ў Літве, піша DELFI.

Літоўска-беларуская мяжа.
Фота: Пограничный комитет Беларуси / Telegram

Дэпартамент дзяржбяспекі Літвы (ДДБ) вырашыў, што мужчына ўяўляе пагрозу для Літвы, бо 20 гадоў таму служыў у беларускім войску. У такіх выпадках тэрмін, праведзены ў Літве і наяўнасць сям’і не зʼяўляюцца важкім аргументам для таго, каб чалавек застаўся ў краіне.

Жонка беларуса – грамадзянка Літвы. Яны ажаніліся яшчэ ў 2005 годзе. У пары нарадзіліся двое дзяцей, якія таксама маюць літоўскае грамадзянства. У беларуса ж быў часовы від на жыхарства, які ўвесь час падаўжалі. У лютым тэрмін дзеяння дакумента скончыўся, ён звярнуўся па працяг дакументу. Аднак на падставе высноў ДДБ Дэпартамент міграцыі не працягнуў від на жыхарства. Цяпер 30 месяцаў беларус не можа прыехаць да сваёй сям’і.

Аляксея забралі памежнікі і адвезлі на мяжу. Паводле жонкі, яму не далі ні падрыхтавацца, ні сабрацца, а тым больш не дазволілі абскардзіць рашэнне.

У адказе Дэпартаменту міграцыі гаворыцца, што беларус у 2000–2002 гадах служыў у беларускім войску, а ў 2003–2004 – паводле кантракту і таму, маўляў, «павінен быць лаяльным грамадзянінам Беларусі, які падтрымлівае яе ўладу і агрэсіўную вонкавую палітыку ўлады, што ўяўляе пагрозу нацыянальнай бяспецы Літвы». У ДДБ лічаць, што Аляксеем могуць скарыстацца для выканання розных задач спецслужбаў.

Паколькі ж Аляксей часта ездзіў у Беларусь, «можна зрабіць выснову, што іншаземец не разарваў сацыяльныя сувязі з Беларуссю, а гэта павышае рызыку надання інфармацыі і супрацы з Беларускімі службамі». А тое, што беларус не прэтэндаваў на сталы від на жыхарства і на грамадзянства, расцэнена як факт «недастатковай інтэграцыі ў літоўскае грамадства і тое, што чалавек не звязвае з Літвой сваю будучыню».

Hавiны
МУС Літвы спадзяецца на ўніфікацыю санкцыяў супраць беларусаў і расейцаў
2023.12.05 08:41

Раней дырэктар Дэпартаменту дзяржаўнай бяспекі Літвы Дарус Яўнішкіс распавёў пра рост актыўнасці спецслужбаў Беларусі ў Літве, а таксама адзначыў, што за апошнія гады беларуская дыяспара ў Літве зрабілася значна большаю, бо ў краіне ўжо ёсць больш за 60 тысяч грамадзянаў Беларусі, якія маюць від на жыхарства або нейкую працоўную візу. Цягам года ў Літву прыязджае каля 17 тысячаў асобаў. Паводле Яўнішкіса, восем з дзесяці беларусаў ёсць эканамічнымі мігрантамі, а не прадстаўнікамі апазіцыі.

У літоўскім Сейме зарэгістравалі папраўку да закону аб абмежавальных захадах у дачыненні беларусаў у Літве. Згодна з папраўкай прыпыніцца прыём заяваў беларускіх грамадзянаў на атрыманне дазволу на часовае жыхарства ў Літве з адпаведнымі льготамі. Кіраўніца Міністэрства ўнутраных справаў Літвы Агне Білатайце спадзяецца, што Сейм прыме рашэнні аб уніфікацыі абмежавальных мер для грамадзян Расеі і Беларусі.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў