Прэм’ер-міністарка Літвы папярэдзіла аб наступствах забароны на выдачу ВНЖ беларусам


Кіраўніца літоўскага ўраду Інгрыда Шыманіце выступіла за «больш глыбокую дыскусію» ў пытанні ўніфікацыі санкцыяў супраць беларусаў і расейцаў. Яна папярэдзіла, што ў выпадку ўскладнення легалізацыі грамадзянаў Беларусі ў Літве ўзнікне нястача працоўных рук, піша «Delfi».

Прэм’ер-міністарка Літвы Інгрыда Шыманіце ў Сейме. 5 снежня 2023 года. Скрыншот: Delfi / YouTube

«Мяркую, патрабуецца больш глыбокае абмеркаванне таго, якую праблему мы спрабуем развязаць. Таму што гэта не толькі пытанне загружанасці ўстановаў, ёсць таксама пытанні шырэйшага кантэксту», – адзначыла прэм’ер-міністарка Літвы Інгрыда Шыманіце, адказваючы на пытанні журналістаў у Сейме.

Яна нагадала палітычную пазіцыю Вільні ў стаўленні да суседзяў: не атаясамліваць народ і рэжым у Беларусі. Шыманіце таксама кажа, што бальшыня беларусаў у Літве – не палітычныя ўцекачы, а працоўныя мігранты:

«Гэта людзі, якія працуюць у будаўніцтве і транспарце. Відавочна, што калі на рынку працы не застанецца мігрантаў, то нас, імаверна, чакае вельмі доўгая і цяжкая дыскусія з нашымі бізнес-асацыяцыямі, ідэя якіх складаецца ў тым, што міграцыю трэба палегчыць, бо працоўнай сілы не хапае».

Кіраўніца ўраду Літвы выказала ўпэўненасць, што пасля дыскусіяў «будуць прапанаваныя лепшыя развязанні, якія дапамогуць дасягнуць не адну мэту, а некалькіх мэтаў адначасова».

Hавiны
МУС Літвы спадзяецца на ўніфікацыю санкцыяў супраць беларусаў і расейцаў
2023.12.05 08:41

Выданне «Delfi» адзначае, што зарэгістраваныя ў парламенце антыбеларускія папраўкі не падтрымала спікерка Сейму Вікторыя Чміліце-Нільсэн.

«Гэта было б вельмі дрэнным сігналам для беларускай апазіцыі, якая тут жыве, для ўсіх тых, каго Літва запрасіла, сказаўшы, што нам важна дапамагаць людзям, якіх пераследуе рэжым Лукашэнкі», – заявіла яна журналістам.

Чміліце-Нільсэн упэўненая, што калі беларусы сапраўды пагражаюць нацыянальнай бяспецы, то замест новых абмежавальных захадаў варта даць больш рэсурсаў і грошай спецслужбам – «усё неабходнае, каб кантраляваць людскія плыні». Ускладненне легалізацыі грамадзянаў Беларусі не развяжа заяўленай праблемы, падкрэсліла спікерка Сейму.

Hавiны
У Сейм Літвы ўнеслі папраўкі, якія могуць прыпыніць выдачу ВНЖ беларусам
2023.12.04 14:47

Раней віцэ-спікер Сейму Паўлюс Саўдаргас, старшыня камітэту нацыянальнай бяспекі і абароны Лаўрынас Касчунас і сябра камітэту замежных справаў Аўдронюс Ажубаліс унеслі ў парламент законапраект, які сур’ёзна абмяжуе выдачу беларусам часовага віду на жыхарства.

Hавiны
Офіс Ціханоўскай абмяркуе становішча беларусаў у Літве на слуханнях у Сейме 14 снежня
2023.12.05 14:21

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў