Літва пабачыла «пагрозу нацыянальнай бяспецы» ў былым супрацоўніку БелАЭС


Дэпартамент міграцыі Літвы сотні разоў адмаўляў грамадзянам Беларусі ў відах на жыхарства праз «пагрозу нацыянальнай бяспецы». Раней беларусы расказвалі, што прычынай часам называлі нават ранейшую тэрміновую службу ў беларускім войску. Dev.by расказаў, што ў адным з выпадкаў прычынай аказалася ранейшая праца на БелАЭС.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Вучэнні, звязаныя з пагрозай магчымай аварыі на Беларускай АЭС. Віленскі рэгіён, Літва. 22 чэрвеня 2022 года.
Фота: Белсат

Чытач Div.by, які працуе ў літоўскім офісе буйной IT-кампаніі, сцвярджае, што двух ягоных калегаў пазбавілі віду на жыхарства з забаронай уезду ў Літву на пяць гадоў: адзін працаваў у структуры «Росатаму» дзесьці ў Расеі, другі ж раней працаваў на Астравецкай атамнай электрастанцыі.

Выданне прыводзіць скрыншот ліста Дэпартаменту міграцыі Літвы, у якім гаворыцца: чалавек працаваў інжынерам на БелАЭС, а значыць, мусіць быць лаяльным уладам Беларусі і падтрымліваць дзейны ўрад – і сілавікі Беларусі могуць выкарыстаць такога чалавека для выканання сваіх задачаў у Літве.

У такіх выпадках, кажа суразмоўца, кампаніям даюць пяць дзён на звальненне чалавека, а самому «чалавеку-пагрозе» – два тыдні на тое, каб аспрэчыць рашэнне. Нягледзячы на такія кароткія тэрміны, рашэнне аспрэчыць рэальна: так, кубінец Рабэрта Вальдэс Касануэва, якога дэпартавалі з Беларусі за пратэсты ў 2020 годзе, у верасні выйграў суд з Дэпартаментам міграцыі Літвы.

Ды чытач Dev.by непакоіцца, што часу на тое, каб зарыентавацца ў выпадку такой адмовы, не хопіць. Ён разглядае варыянты рэлакацыі і пошуку іншай працы, заявы на прытулак, нелегальнага выезду ў іншую краіну Еўразвязу ці атрыманне візы іншай краіны праз агенцыю, выезд ва ўмоўна-бязвізавую Грузію.

Сярод дыяспараў Літвы найхутчэй расце беларуская: цяпер у Літве больш за 60 тысяч беларусаў (у пачатку года было крыху больш за 48 тысяч), тады як украінцаў – 85 тысяч. Беларусам і расейцам цяпер трэба запаўняць пры падачы на дазвол на жыхарства ці нацыянальную візу. На падставе звестак з анкеты і ўласных звестак Дэпартаменту міграцыі могуць адмовіць у выдачы дакументаў – з мінулага лістапада па жнівень-2023 з прычыны «пагрозы нацыянальнай бяспецы» адмовілі ў візах і відах на жыхарства 910 грамадзянам Беларусі, у тым ліку анулявалі 205 раней выдадзеных ВНЖ і не працягнулі 121 раней выдадзены ВНЖ.

Літва бачыць пагрозу і ў самой БелАЭС, што стаіць у 50 км ад літоўскай сталіцы і працуе нестабільна.

Hавiны
У літоўскім Сейме выступілі супраць павелічэння тэрміну дзеяння ВНЖ для беларусаў
2023.10.31 10:28

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў