Дэпартамент міграцыі МУС Літвы: сярод дыяспараў найхутчэй расце беларуская


З пачатку 2023 года ў Літву пераехалі 12 тысяч беларусаў. Агулам, паводле Дэпартаменту міграцыі МУС Літвы, станам на 1 верасня беларуская дыяспара налічвае больш за 60 тысяч асобаў, піша «Delfi».

Святкаванне Дня Волі ў Вільні, Літва. 25 сакавіка 2023 года.
Фота: Белсат

На пачатку 2023 года колькасць беларусаў у Літве складала крыху больш за 48 тысяч асобаў. Дэпартамент міграцыі зазначае, што сярод замежных дыяспараў у краіне менавіта беларуская вырасла сёлета найбольш.

Беларусы цяпер – другая паводле колькасці група замежнікаў у Літве. На першым месцы – украінцы, іх тут пражывае 85,5 тысяч.

Колькасць расейцаў у Літве за гэты год вырасла нязначна. На пачатку года ў краіне пражывалі 15 706 грамадзянаў РФ, станам на 1 верасня – 16 179. Большасць з іх – 8571 асобы – жывуць у Літве цягам двух і болей дзесяцігоддзяў.

Агульны лік замежнікаў, якія стала жывуць у Літве, станам на 1 верасня – 203 157 чалавек. Упершыню колькасць замежных грамадзянаў перавысіла 200 тысяч, зазначае Дэпартамент міграцыі.

Hавiны
МЗС Літвы: Пашпарт іншаземца будуць выдаваць толькі тым, каго пераследуе рэжым
2023.09.12 21:46

Літва стала другой краінай пасля Польшчы, куды беларусы масава эмігруюць пасля рэпрэсіяў, што пачаліся на Радзіме ў 2020 годзе. Сёлета прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа выступіў за ўвядзенне для беларусаў такіх жа абмежаванняў, як для расейцаў, і наклаў вета на законапраект аб розных абмежаваннях, аднак Сейм пераадолеў прэзідэнцкае вета.

Таксама сёлета Літва прызнала 910 беларусаў пагрозаю нацыянальнай бяспецы краіны. Такія высновы былі зробленыя на падставе аналізу анкетаў, якія беларусам і расейцам цяпер трэба запаўняць пры падачы на дазвол жыхарства ці нацыянальную візу.

18 жніўня Літва закрыла кантрольна-прапускныя пункты на мяжы з Беларуссю «Шумскас – Лоша» і «Твярачус – Відзы».

Hавiны
Літва працягне прымаць дакументы на ВНЖ ад беларусаў з пратэрмінаванымі пашпартамі
2023.09.07 23:14

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў