Прэзідэнт Літвы не ўнёс у Сейм прапанову аб аднолькавых абмежаваннях для беларусаў і расейцаў


Сярод законапраектаў, якія прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа ўнёс у Сейм на восеньскую сесію, няма паправак, якія датычаць уніфікацыі абмежаванняў для грамадзянаў Беларусі і Расеі, піша LRT.

Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа.
Фота: BNS

Восеньская сесія літоўскага Сейму распачынаецца 10 верасня. Наўседа вынес на разгляд парламентарыяў законапраекты, звязаныя з падатковымі льготамі для бацькоў, якія працуюць, магчымасцю вярнуць частку пенсійных сродкаў, якія акумулююцца ў прыватных фондах, падвышэннем заробку пракурораў. Паправак аб аднолькавых абмежаванняў дла расейцаў і беларусаў сярод прапановаў няма.

Яшчэ ўвесну бягучага года прэзідэнт Літвы наклаў вета на закон, які прадугледжваў розныя абмежаванні для расейцаў і беларусаў, маўляў, усе абмежавальныя захады ў дачыненні да грамадзянаў Расеі і Беларусі мусяць быць аднольнкавымі. Аднак Сейм пераадолеў вета Наўседы. Пазней, пасля таго, як у Беларусі з’явіліся найміты ПВК Вагнэра, некаторыя літоўскія палітыкі заявілі, што ўзнікла неабходнасць вярнуцца да законапраекту аб увядзенні для беларусаў такіх жа абмежаванняў, як і для расейцаў. Чакалася, што пытанне будзе зноў разглядацца на восеньскай сесіі Сейму.

Hавiны
Прэзідэнт Літвы зноў хоча абмяжоўваць беларусаў так, як расейцаў. Прычына – у «Вагнэры»
2023.07.04 11:31

Старэйшы дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка ўхваліў рашэнне Наўседы не ўносіць папраўкі.

«Тое, што прэзідэнт Наўседа не стаў уносіць у парламент папраўкі, якія прадугледжваюць ураўноўванне абмежаванняў супраць беларусаў і расейцаў – гэта добры знак. Нашую пазіцыю пачулі. Нельга ўраўноўваць беларусаў і расейцаў, гэтаксама як і беларусаў і рэжым, – кажа Вячорка. – За апошнія тыдні мы правялі вялікую колькасць сустрэчаў і размоваў з літоўскімі палітыкамі, і здаецца, былі пачутыя».

Офіс Святланы Ціханоўскай працягвае камунікацыю з урадам і парламентам Літвы ў пошуках вырашэння сітуацыі, якое б «не біла па беларусах, якія не нясуць адказнасці за злачынствы рэжыму». На бліжэйшыя дні запланаваныя сустрэчы Святланы Ціханоўскай з міністаркай унутраных справаў, прэм’еркай і дэпутатамі літоўскага Сейму.

Аналітыка
Ці трэба беларусам у Літве хвалявацца пра сваю будучыню?
2023.08.21 08:00

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў