Прэзідэнт Літвы зноў хоча абмяжоўваць беларусаў так, як расейцаў. Прычына – у «Вагнэры»


Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа ў інтэрв’ю тэлеканалу LNK заявіў, што ўладам краіны варта зноў вярнуцца да ўвядзення аднолькавых абмежаванняў у дачыненні грамадзянаў Беларусі і Расеі. Нагода для такіх словаў – прыбыццё ў Беларусь расейскіх наймітаў з ПВК Вагнэра.

Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа.
Фота: Robertas Dačkus / lrp.lt

Паводле Гітанаса Наўседы, праз розны падыход да беларусаў і расейцаў існуе рызыка з’яўлення на межах Літвы вагнэраўцаў з беларускім грамадзянствам, якіх могуць выкарыстаць «для якіх-небудзь зламысных мэтаў».

«Прэзідэнт наклаў вета на закон, пастанавіўшы і сказаўшы, што мы павінны ўжываць аднолькавы прававы рэжым да тых, хто прыбывае з Расеі і Беларусі. Я б сказаў, што кіроўная большасць зларадна адхіліла гэтае вета – ну, цяпер яны стаяць ля разбітага карыта«, – сказаў прэзідэнт, піша «DELFI».

Наўседа заявіў, што ў найбліжэйшы час давядзецца вярнуцца да пытання ўраўноўвання прававога рэжыму ў дачыненні расейцаў і беларусаў:

«Я не палохаю, я проста прапаноўваю вельмі добра падумаць, у якой сітуацыі мы цяпер».

Агляд
Лагер каля Асіповічаў пабудавалі не для вагнэраўцаў?
2023.07.04 07:20

У красавіку Наўседа адхіліў законапраект аб абмежаваннях для беларусаў і расейцаў, паводле якога грамадзяне Беларусі і Расеі павінны былі мець у Літве розныя абмежаванні. Кіраўнік Літвы не бачыць розніцы паміж грамадзянамі дзвюх краінаў і ўпэўнены, што санкцыі мусяць быць аднолькавымі. Больш за тое, ён прапанаваў спрасціць працэдуру анулявання выдадзеных нацыянальных візаў і дазволаў на часовы або сталы побыт.

Аднак Сейм Літвы адхіліў вета і ўхваліў дакумент.

Hавiны
Сейм Літвы пераадолеў вета прэзідэнта і канчаткова ўхваліў закон аб санкцыях супраць беларусаў і расейцаў
2023.04.20 18:30

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў