Чаму ўлады Вугоршчыны занялі дзіўную пазіцыю адносна вайны ва Украіне і рэжыму ў Беларусі?


«Вайна скончыцца, калі спыніцца падтрымка Украіны». З чаго б такое стаў заяўляць кіраўнік адной з дзяржаваў Еўразвязу і NATO? Пазіцыю Вугоршчыны ў «Студыі Белсату» патлумачыў беларускі палітолаг Алесь Лагвінец.

Вайна ва Украіне можа працягвацца яшчэ доўга – і гэта можа аслабіць падтрыманне Украіны Захадам, кажа ў эфіры «Белсату» беларускі палітолаг Алесь Лагвінец. Расея – ядравая дзяржава, якая мае большы вайсковы патэнцыял за Украіну, ды і нямала расейцаў падтрымлівае вайну, таму вайна можа і не скончыцца ў бягучым годзе.

На тле гэтага, адзначае Лагвінец, у Еўропе і Злучаных Штатах могуць набіраць моц тыя палітыкі, якія крытычна ставяцца да падтрымкі ўкраінскай барацьбы за незалежнасць і не лічаць гэтую вайну еўрапейскім канфліктам, які ім пагражае.

Прэм’ер-міністр Вугоршчыны Віктар Орбан 14 красавіка выступіў з заявай, якую ўхваліла хіба Масква: наракаў, што Еўропа вымушаная фінансаваць патрэбы Украіны, якую назваў «у фінансавым сэнсе няіснай краінай». Паводле Орбана, вайна скончыцца, калі спыніцца падтрымка Украіны.

Лагвінец адзначае, што Орбан паўтарае расейскі наратыў аб тым, што Украіна – дзяржава, нібыта не здольная сабою кіраваць, таму ўкраінцы не вартыя дзяржаўнасці. Ці могуць пагадзіцца з гэтым іншыя еўрапейскія палітыкі?

«Украіна сёння шмат у чым залежыць ад заходняй дапамогі, гэта факт, – пагаджаецца Лагвінец. – Але казаць, напрыклад, тое, што асоба з інваліднасцю сама вінаватая ў тым, што яна згубіла руку ці нагу, а грамадства не мусіць гэтай асобе дапамагаць – гэта выходзіць за рамкі прыстойнасці».

Лагвінец нагадвае тое, на што звярнула ўвагу Міністэрства замежных справаў Украіны: размова пра агульную пагрозу еўрапейскай бяспецы, і калі сёння не дапамагчы Украіне стрымаць расейскую агрэсію, то Расея пойдзе далей.

Орбан у гэтай сітуацыі вядзе сваю ўласную палітыку, тлумачыць Лагвінец. Ён называе пяць адметных пунктаў:

1. Прэм’ер Вугоршчыны мае шэраг канфліктаў з Бруселем, даўно крытыкуе ліберальную дэмакратыю. Ён мае праблемы з атрыманнем сродкаў з Еўразвязу, бо будуе ў сваёй краіне алігархічную сістэму, у якой усё базуецца на «дамоўленасцях між сябрамі» і абмяжоўваецца незалежнасць судовай улады.

2. Таксама ён мае эканамічныя інтарэсы – зацікаўлены ў працягу стасункаў з Расеяй, куплі расейскіх нафты і газу.

3. Орбан спрабуе граць ролю пасярэдніка ў вайне ва Украіне.

4. Ён «далёка не аматар Украіны, калі дыпламатычна сказаць». Ён вельмі адмоўна ставіцца да Украіны і робіць дзеля таго, каб заблакаваць як падтрымку Украіны, так і інтэграцыю Украіны ў Еўразвяз і NATO.

5. Орбан спрабаваў што-небудзь выгандляваць у справе далучэння да NATO Фінляндыі і Швецыі. Дазвол на далучэнне Фінляндыі Вугоршчына ўсё ж дала, на далучэнне Швецыі – яшчэ не.

Прэм’ер-міністр Вугоршчыны Віктар Орбан.
Фота: miniszterelnok.hu

У той жа час словы Орбана могуць быць «трывожным званком», працягвае Лагвінец. Пры пэўных агаворках (Еўрапарламент лічыць Вугоршчыну «электаральнай аўтакратыяй») выбары ў Вугоршчыне ўсё ж адбываюцца дэмакратычна, перакананы Лагвінец. Орбан дамінуе ў вугорскіх дзяржаўных медыях. Выходзіць, што значная частка насельніцтва Вугоршчыны лічыць тое, што кажа Орбан, прымальным.

Тым часам, адзначае Лагвінец, падобныя выказванні ўплывовых палітыкаў можна пачуць і ў большых краінах Еўразвязу, як то ў Італіі ад лідара адной з партыяў кіроўнай кааліцыі, у Францыі ад лідаркі буйной апазіцыйнай партыі, у Злучаных Штатах ад мінулага – і не выключана, што наступнага – прэзідэнта.

Вугоршчына нядаўна таксама прымала з візітам міністра замежных справаў Беларусі Сяргея Алейніка. Навошта Орбану кантакты з рэжымам Аляксандра Лукашэнкі? Лагвінец адказвае: на тое ж, на што візіт міністра замежных справаў Вугоршчыны ў Маскву – Орбан спрабуе «гуляць у сваю гульню».

«Адчуваючы тое, што ў пэўнай ступені ён ізаляваны ў Еўрапейскім звязе праз свае аўтарытарныя тэндэнцыі, ён спрабуе наладзіць і палітычныя, і эканамічныя стасункі з тымі, хто, відаць, бліжэйшы яму па духу», – кажа Лагвінец пра Орбана.

Для ўнутранай палітыкі Орбану важна мець эканамічныя перавагі ад Расеі – магчыма, нейкі плён могуць мець і эканамічныя праекты з Беларуссю, дапускае Лагвінец. Але прынамсі часткова ў гэтым, дадае ён, выклік аб’яднанай Еўропе: маўляў, вы супраць нас абмежаванні ўводзіце, а мы можам праводзіць замежную палітыку, якую захочам.

Аналітыка
Маск «усё яшчэ вельмі падтрымлівае» Кіеў. Разбіраемся, што стаіць за яго заявамі пра мір ва Украіне
2022.10.15 12:00

belsat.eu

Стужка навінаў