Маск «усё яшчэ вельмі падтрымлівае» Кіеў. Разбіраемся, што стаіць за яго заявамі пра мір ва Украіне


З еўрапейскіх і паўночнаамерыканскіх краінаў рэгулярна прыходзяць заявы знакамітых і не вельмі асобаў адносна вайны Расеі супраць Украіны, якія часам выклікаюць непаразуменне ў самой Украіне. Яскравы прыклад – амерыканскі бізнесовец Ілан Маск, які прапанаваў дзеля міру пакінуць Крым Расеі. Пра тое, чаму так адбываецца і наколькі такія думкі пашыраныя на Захадзе, карэспандэнты «Белсату» паразмаўлялі з гісторыкам і палітычным аглядальнікам Аляксандрам Фрыдманам.

Ілан Маск на базе SpaceX Starbase у Браўнсвіле, штат Тэхас, ЗША, 25 жніўня 2022 г.
Фота: ADREES LATIF / Reuters / Forum

3 кастрычніка заснавальнік кампаніяў «SpaceX» і «Tesla» Ілан Маск апублікаваў у Twitter сваё бачанне развіцця канфлікту ва Украіне. Ён прапанаваў для ўрэгулявання канфлікту ва Украіне правесці новыя выбары ў анексаваных Расеяй рэгіёнах пад наглядам ААН, пакінуць Крым расейскім, гарантаваўшы з украінскага боку ягонае водазабеспячэнне, і таксама забяспечыць нейтральны статус Украіны. Інакш, на яго думку, магчымая ядравая вайна.

Паводле Маска, ён «усё яшчэ вельмі падтрымлівае» Украіну, але перакананы, што «эскалацыя вайны моцна нашкодзіць Украіне і, магчыма, свету». Але пасля крытыкі з украінскага боку Маск паведаміў, што зварочвае фінансаванне Starlink ва Украіне.

Hавiны
Ілан Маск прапанаваў пакінуць Крым Расеі. Як на гэта адрэагавалі ўкраінскія палітыкі і сацсеткі
2022.10.04 17:19

Амерыканскі прадпрымальнік далёка не адзіны прадстаўнік заходняга грамадства, хто агучвае падобныя заявы. Гэтак, ва Украіне рэгулярна крытыкуюць Папу Рымскага Францішка, які хоць і выступае ў абарону ўкраінцаў ад вайну, але, напрыклад, бачыць віну NATO ў расейскай агрэсіі. А падарваную пад Масквой прапагандыстку і дачку расейскага ідэолага Дар’ю Дугіну называе нявіннай ахвярай вайны.

Таксама і былы генеральны інспектар Бундэсвэру Гаральд Куят на днях заклікаў спыніць пастаўкі наступальнага ўзбраення Украіне. Інакш, на яго думку, усё скончыцца ядравым ударам па Еўропе. Агулам нямецкія інтэлектуалы неаднаразова выступалі з такімі заявамі. Гэтак, у красавіку яны заклікалі канцлера Оляфа Шольца спыніць пастаўкі зброі Украіне, бо гэта нібыта падаўжае вайну, вядзе да новых ахвяраў і разбурэнняў, памяншае верагоднасць дыпламатычнага развязання. Паводле іх, заходнія краіны павінны спыніць эканамічную вайну супраць Расеі, а Украіна – стаць нейтральнай краінай, прызнаць Крым расейскім і правесці рэферэндум адносна акупаваных рэгіёнаў. Падобны заклік нямецкіх інтэлектуалаў да дыялогу з Уладзіміра Пуціным з’явіўся і ў чэрвені.

Часта падобныя заявы можна пачуць і ад вядомых заходніх палітыкаў, кшталту Сільвіё Бэрлюсконі ці Доналда Трампа. Таму карэспандэнты «Белсату» звярнуліся да гісторыка і палітычнага аглядальніка Аляксандра Фрыдмана з просьбай растлумачыць, адкуль бяруцца такія прапановы прадстаўнікоў заходняга грамадства.

Шчанюкі адпачываюць побач з тэрміналам Starlink каля гораду Ліман. Данецкая вобласць, Украіна, 7 кастрычніка 2022 г.
Фота: STRINGER / Reuters / Forum

Людзі стаміліся ад вайны

Як адзначыў Аляксандр Фрыдман, заходняе грамадства стамілася ад вайны ва Украіне і баіцца яе перарастання ў сусветную вайну, «хаця ўвогуле ёсць пытанне, ці мы ўжо не маем сусветную вайну». Накладаецца на гэта і пагаршэнне эканамічнай сітуацыі, калі павышаюцца кошты на паліва, на прадукты і іншае.

«Расце пачуццё нестабільнасці, пачуццё таго, што свет у якім ты жыў, зараз знікае. А таксама пачуццё, што гэтую вайну нейкім чынам трэба спыніць. Знайсці нейкае выйсце. І нават калі гэтае выйсце будзе за кошт Украіны, дык хай будзе так», – тлумачыць гісторык.

І на гэтым тле разнастайныя інтэлектуалы прапануюць свае варыянты развязання канфлікту. Асабліва такія меркаванні, паводле суразмоўцы, узмацняюцца, «калі Украіна мае поспехі, а Расея пагражае ядравай зброяй».

«Усе бачылі, што ва Украіны ёсць поспехі, але канца гэтай вайны няма. І ў гэты момант з’явіліся заявы Маска: давайце пашукаем выйсця, можа, атрымаецца. Калі адбываецца нешта зусім жахлівае, што шакуе грамадства, як напрыклад, ракетныя абстрэлы гарадоў, то дыскусія ідзе пераважна пра тое, як жахліва тое, што адбываецца. Пытанне перамоваў адыходзіць на другі план», – адзначае Аляксандр Фрыдман.

Нічога канкрэтнага

Разам з тым, мяркуе гісторык, гэтыя прапановы інтэлектуалаў «мала што маюць агульнага з рэчаіснасцю». Паводле яго, у іх «канкрэтнага нічога няма», а толькі «агульныя рэчы», «што, магчыма, можна нейкім чынам дамовіцца».

«Такая агульнасць звязаная з тым, што людзі, якія выказваюць такія прапановы, сітуацыю не разумеюць. Яны не разумеюць, чаго жадаюць украінцы, чаго жадае Расея. І яны, седзячы ўтульна ў кавярнях або на канапах, прапануюць тэарэтычныя ідэі, што не трэба пастаўляць зброю. Тады, можа, хутчэй Украіна пажадае з Расеяй дамовіцца і прыме тыя ўмовы, якія яна высоўвае», – кажа суразмоўца.

Тым не менш, дадае Аляксандр Фрыдман, хоць такія ідэі можна сустрэць і ў прэсе, і на тэлебачанні, яны пакуль мэйнстрымам не сталі. А заявы Маска абмяркоўваюць выключна ў сувязі з ягонай асобай, бо «на самой справе гэта не варта ніякага абмеркавання, а ўсё тое, што ён прапаноўваў, з сённяшняй рэчаіснасцю, з сённяшнімі поглядамі ва Украіне і Расеі нічога агульнага не мае».

Прарасейскія лабісты таксама не спяць

Не выключае Аляксандр Фрыдман і ролі прарасейскіх лабістаў у «падкідванні» такіх ідэяў міру любым коштам.

«Кожны раз, калі сітуацыя для Расеі на фронце пагаршаецца, менавіта ў гэты момант з’яўляюцца нейкія інтэрв’ю або артыкулы Гергарда Шрэдэра – галоўнага або нават апошняга адкрытага расейскага лабіста ў Еўропе. І яны ідуць менавіта ў гэтым кірунку: што з Пуціным можна дамовіцца, хоць нават Шрэдэр кажа, што вайна – гэта памылка. Але, маўляў, дамаўляцца давядзецца. Тут, канечне, узнікаюць пытанні, ці гэта ініцыятывы Шрэдэра, ці гэта падказкі з Масквы. І праз яго яна выказвае ўласныя пазіцыі», – кажа аглядальнік.

Станоўча выказаўся пра ідэю Маска, напрыклад, і прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў.

Плошча свабоды ўначы, у Харкаве адключана вулічнае асвятленне. 11 кастрычніка 2022, Харкаў, Украіна.
Фота: Белсат

Але, падкрэслівае Аляксандр Фрыдман, тыя ж нямецкія інтэлектуалы выступаюць супраць паставак зброі Украіне не таму, што з’яўляюцца агентамі Крамля ці атрымліваюць ад яго грошы.

«Гэта проста людзі з такім светапоглядам. Яны прасоўваюць свае ідэі з гуманістычным бэкграўндам. І нават не разумеюць, што сваімі ідэямі дапамагаюць не Украіне, а дапамагаюць Расеі. Яны гэта робяць, не разумеючы. І кожны раз, калі яны выходзяць з такімі адкрытымі лістамі і прапановамі і іх у адказ называюць пуцінскімі агентамі ці пуцінскімі карыснымі ідыётамі, яны заўсёды абураюцца і кажуць, што з Пуціным нічога супольнага маюць. Проста жадаюць спыніць гэтую вайну», – заяўляе суразмоўца.

Такое ўжо было ў гісторыі

Аляксандр Фрыдман бачыць падабенства з сённяшнімі паводзінамі еўрапейскіх і амерыканскіх інтэлектуалаў з тым, што адбывалася, калі ў 1979 годзе NATO вырашыла размясціць ядравую зброю ў Заходняй Еўропе. Тады ўзнік вельмі моцны рух за мір, «калі людзі казалі, што нельга размяшчаць гэтую зброю і правакаваць Савецкі Саюз, што гэта шлях да ядравай вайны». А СССР «прынамсі імкнуўся гэты рух накіраваць у патрэбны для сябе кірунак».

«Але нягледзячы на тыя пратэсты NATO прыняло рашэнне размясціць ядравую зброю і размясціла яе. Савецкі Саюз моцна пагражаў, але ў выніку нічога не адбылося», – кажа гісторык.

А вось у 1938 годзе заходнія краіны паддаліся на шантаж, які тады, праўда, ішоў з гітлераўскай Нямеччыны, і дазволілі падзел Чэхаславаччыны.

«Гэта тое, чаго дамагалася Расея да вайны. Сітуацыя была вельмі падобная на 1938 год, калі Расея вылучала ўльтыматумы. Фактычна Расея казала тады: або мы дамовімся за кошт Украіны, або, калі Захад Украіну не здае, атрымаецца вялікая вайна. У 1938 годзе Лондан і Парыж, калі Гітлер вылучаў ультыматумы наконт Чэхаславаччыны, не пажадалі ісці на сутыкненне і адбылася Мюнхенская змова. Чэхаславаччыне нават не дазволілі змагацца. Гітлер сваімі пагрозамі і блефам дасягнуў сваіх мэтаў», – падкрэслівае Аляксандр Фрыдман.

На яго думку, калі б Парыж і Лондан у 1938 годзе падтрымалі Чэхаславаччыну і тая змагалася, то гісторыя Другой сусветнай вайны магла б быць цалкам іншай.

«У 2022 годзе Захад пайшоў іншым шляхам. Пуцінскія ўльтыматумы адрынулі. Украіну падтрымліваюць. І Украіна робіць тое, што не магла рабіць Чэхаславаччына ў 1938 годзе. Украіна змагаецца. Гэта крывавая, але, безумоўна, паспяховая для Украіны вайна», – кажа гісторык.

І пакуль, мяркуе ён, зусім не выглядае, што Захад гатовы дамовіцца з Расеяй за кошт Украіны.

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў