Дзяржсакратар ЗША: Азербайджан можа ўварвацца ў Арменію ў найбліжэйшыя тыдні


Азербайджан можа ўварвацца ў Арменію цягам некалькіх тыдняў, аб гэтым паведаміў дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен у размове з невялікай групай амерыканскіх заканадаўцаў, паведамляе выданне «Politico».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Кіраўнікі Арменіі і Азербайджана Нікол Пашыньян і Ільхам Аліеў. Калаж: Белсат

Энтані Блінкен падкрэсліў, што ягонае ведамства адсочвае магчымасць уварвання Азербайджана на тэрыторыю суседняй краіны. Таксама ён адзначыў, што Дзрждэпартамент шукае магчымасці прыцягнуць Азербайджан да адказнасці за ўварванне ягонай краіны ў рэгіён Нагорнага Карабаху ў верасні і не плануе аднаўляць даўнюю дамову, што дазваляла ЗША аказваць ваенную дапамогу Баку.

У  размове з заканадаўцамі-дэмакратамі Блінкен адзначыў, што дыпламатычныя перамовы паміж Арменіяй і Азербайджанам працягваюцца.

Выданне таксама прыводзіць словы сябра палаты прадстаўнікоў ЗША Фрэнка Палонэ, які ў сваім акаўнце сацыяльнай сеткі «Х» адзначыў, што «Аліеў рухаецца наперад да сваёй мэты – Захапіць Паўднёвую Арменію», бо «ягоны рэжым узбадзёрыўся пасля таго, як сутыкнуўся з невялікімі наступствамі» за ўварванне ў Нагорны Карабах.

Як вядома, у 2021 годзе Ільхам Аліеў заклікаў Арменію адкрыць Зангезурскі калідор уздоўж яе паўднёвай мяжы, што злучае мацерыковы Азербайджан з эксклавам на памежжы з Турцыяй і Іранам. Ён адзначыў, што калі Ерэван не зробіць гэта добраахвотна, то Азербайджан вырашыць гэтае пытанне сілай. Аліеў таксама сцвярджаў, што рэгіён Зангезур (сёння гэта Сюнікская вобласць Арменіі) і Ірэван (цяперашняя сталіца Арменіі Ерэван) з’яўляюцца гістарычнымі тэрыторыямі Азербайджана.

Нагадаем,  19 верасня Азербайджан пачаў «антытэрарыстычную аперацыю» ў Нагорным Карабаху, на наступны дзень улады непрызнанай рэспублікі пагадзіліся раззброіць і расфармаваць сваё войска і зладзіць перамовы з Баку. Пасля гэтага жыхары рэгіёну сталі масава эміграваць у Арменію.

Кіраўнік Нагорна-Карабахскай Рэспублікі Самвэл Шаграманьян 28 верасня пастанавіў зліквідаваць усе «дзяржаўныя ўстановы і арганізацыі». Рэспубліка спыніць сваё існаванне з 1 студзеня 2024 года.

Генеральны пракурор Азербайджану Кямран Аліеў паведаміў, што ўлады краіны абвясцілі ў міжнародны вышук 300 прадстаўнікоў НКР.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў